26 Верасня
26.09.2017

Гераінавае пекла. Выжыць можна!

logo
Без наркотыкаў
10 0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Спайсы страшнейшыя за гераін? Ці праўда, што не бывае былых наркаманаў? Ці можна спыніць дзіця, якое хоча паспрабаваць забаронены плод?

Здаровыя людзі пагутарылі з адным з заснавальнікаў рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс», псіхолагам Максімам Пылёвым. Калісьці ён сам прайшоў усе колы гераінавага пекла і падзяліўся з намі сваёй сумленнай гісторыяй...

Ніколі не буду калоцца

Стары Новы год – час цудаў і жаданняў, што спраўдзіліся. Толькі не для Максіма Пылёва. Дакладней таго чалавека, якім быў Максім 13 гадоў таму.

13 студзеня – дзень, калі Макс упершыню паспрабаваў укалоцца гераінам.

 
Максім Пылёў
Псіхолаг, адзін з заснавальнікаў рэабілітацыйннага цэнтра «Фенікс»
Усё пачалося з таго, што наша сям'я: я, мама, тата і брат пераехалі ў іншы раён Мінска: з Зялёнага Луга ва Уручча. Новая школа, восьмы клас. Я ніколі не быў ціхім і забітым хлопчыкам, таму аўтарытэт у новым калектыве даводзілася зарабляць часам на кулаках. Пасля з тымі хлопцамі мы сталі ўжываць наркотыкі. Навошта? Хацелася ўвайсці ў кампанію. Ды і па тых часах гэта лічылася, як нам здавалася, прыкметай доступу да чагосьці элітнага. Адчувалі сябе крутымі пацанамі. Спачатку курылі траву. Яе можна было набыць у цыганоў. Адрас падказалі старэйшыя таварышы. А потым пайшлі экстазі, стаў нюхаць гераін. Ад яго ў мяне быў заўсёды бадзёры настрой. І нават падабалася «пад кайфам» рашаць алімпіядныя задачкі па геаметрыі. Мне тады здавалася, што кантралюю сітуацыю. Я бачыў хлопцаў «наперадзе», якія ўжо калоліся, хварэлі. Лічыў, што ніколі не стану такім. Ні за што ніякіх ін'екцый.

…У той самы злашчасны дзень Максім ужо вырашыў атрымаць чарговую дозу.

— Мала ўзялі, усё пусцілі ў раствор, — з парога сустрэлі яго «сябры». — Можаш укалоцца альбо тады нічога.

Наркаман, скіраваны на ўжыванне, губляе ўвесь свой страх. Гэта Максім адчуў на сабе. Калі аднойчы ўкалоўся, больш ён не мог злезці з іголкі ... Тады хлопец вучыўся ў старэйшых класах школы.

За дозай… з рэанімацыі

Роўна праз 3 гады, 13 студзеня, адбылася перадазіроўка, што ледзь не стала фатальнай. Максім укалоўся дома ў прыбіральні, пайшоў у свой пакой, там і ўпаў. Нядобрае адчула кошка, яна стала скрэбціся ў дзверы пакоя.

Мама вырашыла даведацца, чаму жывёлка так непакоіцца, і ўбачыла сына на падлозе ўжо сінім.
У рэанімацыі Максіма выратавалі. Але ўсведамленне блізкай смерці ніяк не ўзбударажыла тады хлопца. Як толькі выйшаў з бальнічных сцен, тут жа ўкалоў сабе новую дозу.

 
Максім Пылёў
Псіхолаг, адзін з заснавальнікаў рэабілітацыйннага цэнтра «Фенікс»
Цяпер мне страшна за сябе ранейшага. А тады, нягледзячы на тое, што я вылецеў з універсітэта за прагулы, на тое, што рэгулярна краў грошы ў бацькоў, мне здавалася, што ў маім жыцці ёсць нешта асаблівае. Што я жыву больш цікава, незвычайна, чым просты чалавек. Хадзіў у тоўстым світары і зімой і летам, таму што жудасна калаціла, соплі ліліся, аднак глядзеў на матуль, якія гулялі з дзецьмі, і думаў, якое ж сумнае і непрагляднае ў іх жыццё. Не тое што маё. Наркотык спачатку дорыць эйфарыю. А потым ён патрэбны проста для таго, каб прыйсці ў нармальны стан. Ломка падобная да ўзмоцненага ў шмат разоў грыпу. Выкручвае кожную клетачку цела. Жудасная дэпрэсія. У кагосьці рукі вельмі баляць, у некага спіна. У мяне пакутавалі ногі. Памятаю, як біў імі па жалезных спружынах ложка з усёй моцы, каб знешняя боль перапыніла тую, што ўнутры арганізма. Усё жыццё было звязана з тым, што трэба было дзесьці шукаць наркотык. І нават калі ў мяне быў вялікі запас, страх таго, што ён усё роўна скончыцца, вымушаў зноў выкручвацца, хлусіць, здабываць грошы.

Страціўшы надзею на тое, што гэта калі-небудзь скончыцца, бацькі далі Максіму асобную кватэру.

— Нам трэба яшчэ аднаго сына вырасціць. Ты маеш права распараджацца сваім жыццём сам, — сказалі яны.

У гэтай кватэры Макс не раз закрываўся на тыдні, каб пераламацца (вытрымаць ломку) і кінуць ужываць наркотыкі. Але кожная спроба заканчвалася тым, што гераін зноў цёк па венах.

 
Максім Пылёў
Псіхолаг, адзін з заснавальнікаў рэабілітацыйннага цэнтра «Фенікс»
У мяне не было асаблівай матывацыі кінуць. Так, вакол паміралі сябры, траплялі ў турму. Але ўсё гэта было для мяне як быццам за шклом. Не кранала. Адзінае, што тлела ў ва мне – вера ў тое, што я прыйшоў у гэты свет для нечага іншага, не для таго, каб здохнуць пад плотам. Пасля чарговай, 35 альбо 45 спробы «завязаць», я збіўся тады ўжо лічыць, пагаварыў з бацькам і шчыра прызнаўся: сам не спраўляюся. Мне патрэбна дапамога.

«Фенікс» — з попелу ў жыццё

Ідэя дапамагаць такім жа, як сам, узнікла ў Максіма Пылёва яшчэ ў тыя часы, калі ён лячыўся. Ідэя выспявала некалькі гадоў. Для чаго пайшоў завочна вучыцца псіхалогіі ў БДПУ імя. Максіма Танка.
Рэабілітацыйнаму цэнтру «Фенікс» ужо два гады. За гэты час лячэнне тут прайшлі больш за 60 чалавек, якія пакутвалі ад наркатычнай альбо алкагольнай залежнасцей. Самаму малодшаму з іх 14 гадоў, самаму ўзроставаму 65. Прыблізна 40% з рэабілітантаў жанчыны.

 
Максім Пылёў
Псіхолаг, адзін з заснавальнікаў рэабілітацыйннага цэнтра «Фенікс»
Мы імкнуліся ўкласці ў нашу праграму менавіта тыя рэчы, якія калісьці рэальна дапамаглі мне самому, – распавядае Максім. – Кожны дзень для нашых падапечных распісаны па гадзінах. Раніцай яны робяць зарадку, выконваюць некаторыя асаны з ёгі, пішуць ці чытаюць свае дзённікі, займаюцца з псіхолагамі на індывідуальнай і групавой тэрапіі ... Жывуць хлопцы на поўным самазабеспячэнні. Перыядычна самі выбіраюць і прызначаюць на пэўны тэрмін (напрыклад, на 2 тыдні) повара дома, старэйшага па доме, адказнага за крэслы, за будзільнік і інш. Нядаўна завялі трусоў, даглядаюць іх. У такім рэжыме рэабілітанты займаюцца паўгода. Такі ж тэрмін мы даем ім на рэсацыялізацыю. Для гэтага здымаем кватэру ў Мінску. Некалькі дзён у тыдзень яны жывуць там, потым прыязджаюць памочнікамі на некалькі дзён у цэнтр.

Цалкам праграму праходзяць не ўсе, працэнтаў 30 удзельнікаў. Але з тых, хто здолеў дайсці да канца, практычна ўсе вяртаюцца да нармальнага жыцця.

Зрывы

Самы вялікі працэнт зрываў у першыя два месяцы. У наркаманіі шмат непрадказальнасці. У залежных тунэльнае бачанне. Чалавек натхнёна распавядае пра планы на будучыню, і раптам чапляецца за нейкі ўспамін, з’яўляецца моцнае жаданне. Усё змяняецца ў момант. Бывае, рэабілітант пераконвае Максіма, што ўжо ўсё зразумеў і гатовы пераадолець залежнасць, а той бачыць, што гэта пачатак зрыву.

 
Максім Пылёў
Псіхолаг, адзін з заснавальнікаў рэабілітацыйннага цэнтра «Фенікс»
Спецыфіка наркотыку памянялася. Сучасныя сінтэтычныя наркотыкі яшчэ больш небяспечныя за апіяты. Так, солі і спайсы, як правіла, не выклікаюць залежнасці. Але іх уздзеянне на ўзроўні псіхікі каласальнае, аж да фарміравання сур'ёзных паталогій. Развіваецца такая вар'яцкая залежнасць, што чалавек літаральна гатовы пайсці на ўсё, каб атрымаць сваю дозу. У такіх выпадках сфарміраваць матывацыю да выздараўлення вельмі складана. А цэнтр у нас адкрыты, трымаць чалавека супраць яго волі мы не можам.

— Ці бывае, што залежные звяртаюцца па дапамогу самастойна?

— Часцей за ўсё нас знаходзяць блізкія людзі алкаголіка ці наркамана, змучаныя жыццём са сваім сваяком. Перад пачаткам лячэння мы гутарым з чалавекам, спрабуем знайсці рычажкі, якія маглі б уздзейнічаць: страх перад смерцю, амбіцыі, жаданне іншага жыцця, віна перад блізкімі і інш. Але для таго, каб нешта змяніць, усё ж трэба хаця б мінімальнае жаданне залежнага ад наркотыкаў чалавека.

— Ці праўда, што не бывае былых наркаманаў?

— Гэта так. Вярнуцца ў самы пачатак і стаць тым, кім быў да ўжывання, ужо немагчыма. Але рэальна заставацца на нейкім сваім этапе і не рухацца далей. Ёсць такое паняцце – сухі зрыў. Калі залежны не займаецца сваім жыццём, нічога не робіць. Проста не ўжывае. Пры моцным хваляванні альбо праблеме гэты зрыў можа зноў прывесці да наркотыкаў ці алкаголю. Залежная структура асобы ў чалавека застаецца.

Я, напрыклад, ужо дарослым чалавекам з сям'ёй, дзецьмі, адзін час захапіўся стаўкамі на спорт. Восень, холад, а я бягу ў краму за вуглом, каб адправіць у апарат па прыёме грошай запаветную купюру і хуценька зрабіць стаўкі.

Гэтая ж апантанасць можа перакінуцца на спорт, на працу. Тут таксама ёсць небяспека перайсці мяжу і залішне захапіцца, выгараць, руйнаваць сваё жыццё ўжо такім спосабам. Балазе ў мяне, як у псіхолага, ёсць магчымасць гэтыя моманты ў сябе адсочваць і, значыць, спрабаваць змяняць.

— Атрымліваецца, пазбавіцца залежнасці цалкам нельга? Можна толькі знайсці больш сацыяльна прымальныя варыянты?

— Па вялікім рахунку так. І пастаянна займацца рэвізіяй сваіх пачуццяў і гігіенай сваёй душы.

— Ці было штосьці, што магло б засцерагчы ад ужывання яшчэ тады, у самым пачатку, у школьныя гады?

— Калі пачаліся кампаніі, думаю, спыніць мяне было б вельмі складана. Бо залежны тып асобы фарміруецца ў раннім дзяцінстве. Да наркотыкаў я ўжо ў юным узросце забаўляўся алкаголем, уваходзіў у розныя тусоўкі: і рэпераў, і скінхэдаў, і металістаў.

На мой погляд, праблема ў адсутнасці аўтарытэтаў. Імі можа стаць для дзіцяці сям'я, бацькі, трэнер. Павінен быць дарослы, якому ён давярае і зможа падысці са сваімі хваляваннямі і праблемамі.

Прачытаўшы шматлікія гісторыі сваіх рэабілітантаў, паразмаўляўшы з імі і іх роднымі, прыйшоў да высновы: усе сем'і, якія сутыкнуліся з праблемай ўжывання наркотыкаў, алкагалізмам, былі дэструктыўныя. Магчыма, вонкава яны былі і поўныя, але часта залішне функцыянальныя, крытыкуючыя. Дзеці не знаходзілі там ухвалення, падтрымкі. Лічу, у першую чаргу важна якасная ўвага. Лепш 15 хвілін паўнавартасна пагаварыць са сваім дзіцёнкам, пагуляць з ім, сапраўды выслухаць, чым цэлы дзень вадзіць яго за сабой, адначасова седзячы ў Instagram.

Сваіх дарослых выхаванцаў мы вучым знаходзіць падтрымку ў сабе, бачыць радасць і напоўненасць жыцця без наркотыкаў.

Мы скіраваныя і на супрацоўніцтва з медыкамі. Часта яны прапануюць лячэнне толькі ў выглядзе таблетак, іншых лекаў. Думаю, самым эфектыўным было б сумеснае супрацоўніцтва. Важна не проста адкачаць такога чалавека, але і паказаць яму выхад, паставіць на ногі. Напэўна, ніхто не зразумее спецыфіку стану залежнага лепш за таго, хто сам быў на яго месцы. Пачатак пакладзены. Штотыдзень ездзім на сустрэчы з пацыентамі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Пасля шчырай размовы людзі часта падыходзяць і кажуць: «Я даверыўся табе толькі таму, што ты сам праз гэта прайшоў». Такія словы натхняюць і прымушаюць паверыць у сябе і ў важнасць той справы, якой мы цяпер займаемся. Збіраемся працягваць, заўсёды адкрытыя для новых ідэй і праектаў...

...Выжыць пасля гераінавага пекла можна. Ніхто не сказаў, што гэта будзе проста. Узнагародай стане зноў набытае, і нават больш свядомае жыццё. Яно не за аблокамі. А тут, на цвёрдай глебе пад тваімі нагамі. І толькі ты вырашаеш, куды пайсці.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

10 0 18

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама