18.01.2019
18.01.2019

Гэтае супярэчлівае Вадохрышча…

logo
Беларускі код
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Здаецца, ніколі яшчэ не было столькі спрэчак па абрадах і традыцыях гэтага царкоўна-народнага свята (менавіта так яго для сябе вызначаю), як сёлета. Не, перадумовы меліся і ў папярэднія гады. Але каб вось так, як вылучылі ў навінах : «У Брэсце царква не будзе асвячаць хрышчэнскія купелі…» Па шчырасці, здзівілі.

Зрэшты, як чалавек, дастаткова далёкі як ад царквы, так і ад вадохрышчанскіх купанняў (гэтак склалася па жыцці, не выхваляюся, але і не засмучаюся), магу проста разгледзець акрэсленую тэму з розных бакоў, абапіраючыся на ўласны вопыт і свае ўяўленні. Гэта, вядома ж, не ісціна ў апошняй інстанцыі… Зусім не! Прымаю і пункты гледжання людзей, якія рэгулярна наведваюць царкву, сапраўдных вернікаў, але… не рэлігійных фанатыкаў. Апошніх проста баюся!

А пачну з таго, што гадоў восем таму мне як журналісту мясцовай раённай газеты давялося пабываць на абрадзе (чыне?!) асвячэння вады ў Натальеўскім возеры, што ля Чэрвеня. Яго праводзіў настаяцель чэрвеньскай Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Аляксандр Лазоўскі.

У прынцыпе, было даволі цікава паглядзець на тое, як з царкоўнай брамы выходзіў хрэсны ход (а ісці да возера далекавата), як праходзіла ўласна асвячэнне вады. І, самае галоўнае, –  як людзі даюць нырца ў палонку! Усё было, як кажуць, ціха-мірна, у ладзе і згодзе – рэлігійнае і народнае. І вады асвячэнне, і акунанне. Уласна кажучы, а што тут дрэннага?!

«Трэба наведваць службы ў царкве, маліцца найперш там, верыць у Бога», – даводзяць мне знаёмыя.

А гэтыя ўсе акунанні, маўляў, дужа далёка ад веры сапраўднай. Можа, яно і так. Але калі царква хоча залучыць да сябе пабольш людзей і зрабіць іх шчырымі вернікамі… Дык чаму б не пачаць з самага невялікага?! І калі чалавек хаця б на Вадохрышча, адзін раз на год, перахрысціцца і памоліцца, што ў гэтым благога? А калі ніводнага разу? Што лепей?

Чамусьці ў сувязі з культавымі будынкамі ўсё часцей прыгадваецца мне парыжская Сакрэ-Кёр, базіліка Святога Сэрца. Храм, дзе пашчасціла пабываць 12 гадоў таму. І для мяне гэта пакуль адзінае месца на Зямлі, зайшоўшы куды, я выразна адчула: тут НЕШТА ёсць… Прысутнічае… Вышэйшае і невытлумачальнае. Тыя пачуцці памятаюцца і дагэтуль. І нават успаміны пра наведванне яшчэ дужа шчымлівыя…

Мне больш падабаецца меркаванне: у кожнага свая вера ў сэрцы. Свой шлях да храма. Альбо яго адсутнасць. І гэта, на маю думу, таксама трэба ўмець прымаць і паважаць. Іншым.

А што датычыцца акунання на Вадохрышча…

Сапраўды, для кагосьці гэта – як выпрабаванне сябе ці своеасаблівая забава. У чым таксама не бачу нічога дрэннага. Зразумела, калі чалавек упэўнены ва ўласным здароўі і загартоўка для яго – не адцягненае паняцце. У свой час, напрыклад, я аблівалася халоднай вадой па сістэме Парфірыя Іванова. Але арганізму не спадабалася. І – усё, больш яго не выпрабоўваю. Як кажуць, паразумеліся.

Акунанне на Вадохрышча…

Дык ці можна ачысціцца – маральна і духоўна – падчас акунання на Вадохрышча?! Змыць грахі? «Не!» – чытаем меркаванне святара ўсё ў тым жа матэрыяле пра Брэст. Маўляў, гэта не ў традыцыях ды правілах царквы. А вось людзі ўпэўнены ў адваротным. А калі чалавек перакананы, што ён ачышчаецца… І гэтае перакананне дапамагае яму па жыцці… Можа, не трэба забіраць у яго такую веру?!

Год таму я пісала пра шматдзетную сям’ю Дзьячэнкаў з Чэрвеньшчыны. Дарослыя за час сумеснага жыцця ўжо некалькі разоў акуналіся на Вадохрышча.

Пацікавілася ў маладога бацькі сямейства: а што для іх значыць такая традыцыя?

Гэта вера ў Бога, – пераканаўча адказаў мне Аляксандр Дзьячэнка. – Мы сапраўды адчуваем ачышчэнне – ад негатыўных думак, грахоў, усяго нядобрага… Адчуваем, што дакранаемся да нечага таемнага. І гэта дае нам сілы. Мы самі хрышчоныя, усе нашы дзеці хрышчоныя. Мы з Ірынай вянчаліся на другі дзень пасля вяселля ў нашай чэрвеньскай царкве. Мы сапраўды жывём з Богам у сэрцы, і Ён нам дапамагае».

Безумоўна, даваць нырца ў палонку ці не на Вадохрышча – справа кожнага. Я ж толькі магу сказаць, гледзячы на тых, хто адважыўся: «Смелыя людзі!» І шчыра пажадаць ім, каб гэтае пагружэнне пайшло толькі на карысць. Бо тут, перафразуючы вядомае... Не ўпэўнены – не нырай! Таму давайце думаць найперш пра ўласнае здароўе, шаноўныя сябры! Шчыра зычу яго ўсім, і пабольш!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама