04.10.2019
04.10.2019

Гэты заваблівы чырвоны… Глог лекавы: настоі, адвары, гарбата. Каму карысна

logo
Здароўе дарослых
0 53
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«А ў вас ужо глог паспеў. Я яго з дзяцінства люблю, пазбірала трохі пад дрэвам…», «А можна ў вас пару літраў глогу нарваць?!», «Які глог карысны… Я як міма вашага праходжу, абавязкова бяру некалькі штучак…». Словам, ніхто міма нашых дачных дрэў не праходзіць абыякава! А ўлічваючы, што пасадзілі іх па-за межамі тэрыторыі… Нікому не шкадуем! Як і таго, што расце на тэрыторыі. А самім хапае…

Для тых, хто яшчэ так і не пазнаў глог «у твар»… Па-руску – «боярышник». І пра што адразу падумалася? Ага, пра папулярнасць яго настойкі ў аптэцы сярод пэўных катэгорый грамадзян.

Так, настойку з яго таксама можна прыгатаваць самастойна. Гэтак жа, як мармелад, варэнне, сок, гарбату, адвар ды іншае. Прычым – сапраўды з лекавымі мэтамі. Але – як заўсёды, правяраючы, падыходзіць ці не глог кожнаму асабіста, прыслухоўваючыся да сваіх адчуванняў, да рэакцыі ўласнага арганізма.

Традыцыйна высвятляем, якія ж вітаміны, мікраэлементы ды іншыя рэчывы ўтрымліваюцца ў згаданых ягадах.  Гэта К, РР, аскарбінавая кіслата, такія любімыя ўсімі антыаксіданты, эфірныя алеі, кобальт, калій, бор, алюміній, кальцый, марганец, жалеза, фруктоза і яшчэ шмат усяго.

Па меркаваннях вучоных, лепей спажываць ягады насычанага чырвонага колеру – тыя, якія добра выспелі і акумулявалі ў сабе максімальную колькасць усяго карыснага.

Праўда, калі своечасова іх не сабраць, яны апынуцца пад дрэвам. Напрыклад, я штодня ў Каменнай Горцы іду міма аднаго дрэва з глогам і вельмі ўважліва пазіраю пад ногі, каб па ягадах не патаптацца, не ўпэцкаць абутак. Бо ляжыць іх прама на асфальце процьма!

Глог лекавы: настоі, адвары

Што ж датычыцца карысці і шкоды…

Вось кожны раз губляюся, калі чытаю нават у адным артыкуле, напрыклад, што штосьці карыснае для сэрца, але і шкоднае для сэрца. Таму ўсё сапраўды вельмі індывідуальна.

Так, глог лічыцца карысным для сэрца, бо здольны дапамагаць ва ўзнаўленні мышачных валокнаў, пры сардэчнай недастатковасці. Але калі ўжываць яго доўга і шмат, магчымае павышэнне рытму сэрца ды іншыя непрыемнасці, звязаныя з галоўнай мышцай.

Глог сярод іншага выкарыстоўваецца для лячэння частай мігрэні і галаўнога болю, змагаецца як з павышаным крывяным ціскам, так і з паніжаным. Хм… І як жа ён, цікава, распазнае, дзе што і каму трэба?!

І, тым не менш, пры гіпертаніі раяць прыгатаваць такі збор.

Інгрэдыенты:

  • здробнены глог – 15 грамаў;
  • трава сушаніцы – 15 грамаў;
  • трава пустырніку – 15 грамаў;
  • кветкі сухога рамонку – невялікая колькасць.

Прыгатаванне:

  1. Заварыць збор шклянкай гатаванай вады.
  2. Змясціць пад накрыўку.
  3. Счакаць гадзіну.
  4. Працадзіць.

Прымяненне: па 30 грамаў перад ежай. Колькі разоў і як доўга – мяркуйце па ўласных адчуваннях.

Калі ж ціск нізкі, раяць прыгатаваць вось такі настой.

Інгрэдыенты:

  • суквецці глогу – 15 грамаў;
  • плады глогу – 30 грамаў.

Прыгатаванне:

  1. Плады глогу здрабніць, злучыць з суквеццямі.
  2. Заліць шклянкай гатаванай вады.
  3. Настойваць 2-3 гадзіны пад накрыўкай.
  4. Працадзіць.

Ужыванне: піць невялікімі порцыямі праз 2 гадзіны пасля ежы.

Ну і, вядома ж, глог выдатна супакойвае нервовую сістэму, спрыяе добраму сну, узмацняе цыркуляцыю крыві ў сасудах. Яго ягады можна проста заварваць і піць, як гарбату, настойваць у тэрмасе.

Пры правільным прыёме невялікімі порцыямі спецыялісты абяцаюць нам паніжэнне артэрыяльнага ціску, ачышчэнне сасудаў, змяншэнне ацёкаў, паляпшэнне агульнага самаадчування.

Але! Перадазіроўка пагражае многім нашым органам і сістэмам вялі-і-ікімі непрыемнасцямі. Калі маеце гастрыт і павышаную кіслотнасць страўніка, ягады глогу лепей не ўжываць увогуле. З асцярогай спажываць таксама цяжарным жанчынам і маладым мамам, якія кормяць.

А так… Раяць даваць па некалькі ягадак у дзень нават дзецям, толькі пачынаючы з 12 гадоў.

Мае бацькі, напрыклад, таксама проста ядуць па некалькі ягад у дзень. Пакуль яшчэ ёсць свежыя. Засталіся на самых макаўках дачных дрэў. А тыя, што былі ніжэй, абляцелі. «Ну і выдатна, – пачуўшы пра тое, усклікнуў знаёмы, які таксама завёў гаворку, як ён любіць глог яшчэ з дзяцінства. – Можна ж сабраць…»

І яшчэ ж яго можна не толькі высушыць на зіму, але і замарозіць у лядоўні. Пры ўмове, што там ёсць вольнае месца.

Вось толькі я штосьці не дужа тыя ягады ўпадабала. Як і мармелад з іх. Але зараз, начытаўшыся пра карысць, відаць, таксама паспрабую… палюбіць глог. А вы?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 53

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама