07.02.2021
07.02.2021

Гэтыя душэўныя прывітанні… Сёння – Дзень дасылання паштовак сябрам

logo
Думкі ўслых
0 030
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як часта вы, шаноўныя, сумуеце па мінулым? Па людзях, падзеях, рэчах? Па сваім дзяцінстве, юнацтве, маладосці? Па чымсьці такім дарагім, часцяком беззваротна страчаным? А штосьці ж яшчэ можна вярнуць, адрадзіць… Напрыклад, традыцыю адсылаць паштоўкі. Не электронныя, звычайныя. Нават не ведаю, ці называць іх папяровымі, як колішнія лісты… Так, менавіта сёння для гэтага ёсць нагода. Бо 7-га лютага ў некаторых краінах вядома як Дзень дасылання паштовак сябрам.

Паштоўкі. Дзень дасылання паштовак сябрам.

Я сапраўды сумую па тым часе, калі з нецярплівасцю чакала паштальёна. Альбо, не згледзеўшы яго, па некалькі разоў падбягала да паштовай скрынкі. І там амаль штодня знаходзіліся альбо лісты, альбо тыя ж паштоўкі. Асабліва мне падабаліся з выявамі розных гарадоў.

Бывала, у скрынцы, акрамя газет і часопісаў, ляжалі адразу тры-чатыры лісты і паштоўка. Пісалі мне, брату, пісалі бацькам… Якімі ж чаканымі былі тыя паштовыя адпраўленні! Колькі радасці яны прыносілі!

Не скажу, што менавіта па гэтай прычыне хацела б вярнуцца ў мінулае. Я пра тое, як павінны мірна суіснаваць традыцыйнае і найноўшае, электроннае. Кнігі, лісты, паштоўкі… Апошняе – сапраўдная рэдкасць.

Паштоўкі. Традыцыйныя паштоўкі.

А калісьці, няпрэдадні розных святаў, якіх за савецкім часам было не так ужо і мала, мы, дзеці, з нецярплівасцю чакалі паштовак віншавальных, якія дасылалі сваякі, знаёмыя, сябры… Сваякі – адну на ўсё сямейства. І калі раптам кагосьці не называлі па імёнах… Колькі крыўдаў было!

Адзін час я, як і многія мае аднагодкі, збірала паштоўкі. Менавіта дасланыя. Гэта толькі здаецца, што ў часы СССР яны былі досыць аднатыпнымі. Розныя былі. І я старалася, каб у калекцыі яны не паўтараліся.

Затым цікавасць да калекцыянавання знікла, а вось звычка захоўваць паштоўкі ў нашай сям’і прыжылася. І калі ўсё ж хаця б раз на год даводзілася іх выкідваць… Ну, сапраўды было адчуванне, што ад сэрца адрываеш… А з іншага боку… Для таго, каб прыходзіла штосьці новае, трэба своечасова пазбаўляцца ад старога.

Паштоўкі. Збіранне паштовак.

Тады гэта, менавіта так сфармуляванае, не было на слыху. Але пра сам прынцып мы аднекуль ведалі.

Цяпер, вядома ж, шкадуеш, што не пакідалі самыя-самыя, вартыя любой калекцыі… Затое я захоўваю, напрыклад, музычную паштоўку, падораную мне як класнаму кіраўніку маім другім класам, які я, учарашняя настаўніца пачатковых класаў, давяла да дзявятага…

На той час яны толькі-толькі пачыналі ўваходзіць у моду. І не прадаваліся, як пазней, літаральна на кожным вуглу. Можа, менавіта таму я тую паштоўку да 8-га Сакавіка так беражліва захоўваю… І яшчэ таму, што разам з ёй захоўваецца і цеплыня сэрцаў маіх вучняў…

Паштоўкі. Паштоўка ад вучняў.

Усё ж такі як мы, у большасці сваёй, прывязваемся менавіта да матэрыяльнага ўвасаблення, калі яно было ў жыцці! Не, электронныя, альбо віртуальныя, паштоўкі я таксама люблю… Іх разнастайнасць так лашчыць вока! Але нават у думках няма раздрукаваць іх, напрыклад, на прынтары, каб былі перад вачыма.

Так, у іх ёсць прыгажосць – феерычная, казачная. А вось той душэўнасці, якая застаецца ў радках, напісаных рукой і… сэрцам, чамусьці не адчуваецца… Хаця, паўтаруся, яны гэтаксама вельмі і вельмі радуюць.

Апошнім часам набірае абароты посткросінг, дзякуючы якому ахвотныя могуць атрымліваць паштоўкі з усяго свету. Прычым сюрпрызам. І толькі на афіцыйным праекце, як сцвярджае Вікіпедыя, 24-га студзеня гэтага года была атрыманая 60-мільённая паштоўка! Уяўляеце, колькі іх, так бы мовіць, папяровых, і да гэтага часу ходзіць па ўсім свеце?!

Паштоўкі. Посткросінг.

Так што сёння вельмі добрая нагода даслаць камусьці сяброўскае прывітанне, набыўшы і падпісаўшы папяровую паштоўку. Толькі не забывайцеся затым зазіраць раз-пораз у паштовую скрынку: а раптам сюрпрыз атрымаеце і вы таксама?! А яшчэ сёння ёсць асобнае « заданне» для мужчын, якія сваіх жанчын  любяць і кахаюць! Якое? А давайце ўзгадаем, на якія традыцыі багаты Рыгораў дзень! 🙂

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 30

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.