28.03.2019
28.03.2019

Гіперактыўнасць: тонкая мяжа паміж тэмпераментам і сіндромам

logo
Здароўе дзяцей
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«У мяне гіперактыўнае дзіця». 8 мамаў з 10 менавіта так, не задумваючыся, ахарактарызуюць тэмперамент свайго дзіцяці. Не без гонару, але з адценнем лёгкай стомленасці ў голасе.

Няшмат знойдзецца дарослых, якім празмерная дзіцячая актыўнасць даецца лёгка. Нават калі гаворка ідзе пра дзетак любімых. Што ж да чужых, дык за сваю няздольнасць трымаць рот на замку, гадзінамі захоплена складаць каляровую мазаіку і за патрэбу ў пастаянным руху ў іх заўсёды ёсць рызыка праславіцца нявыхаванымі, непаслухмянымі і разбэшчанымі дзецьмі. Словам, гіперактыўнымі, без усялякага гонару.

Што такое гіперактыўнасць? Ці можна апраўдаць ёю няўрымслівы тэмперамент маленькага непаседы і ці трэба нешта з гэтым рабіць? Дзе праходзіць тонкая мяжа паміж індывідуальнымі асаблівасцямі, агрэхамі ў выхаванні і сімптомам паводніцкага расстройства, пры якім ужо патрэбна старонняя дапамога? Разабрацца ў складаных нюансах журналісту  «Слушна» дапамагла асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА Аліса Кудлач.

Узрост непаслушэнства

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Гіперактыўнасць у самым шырокім разуменні слова – гэта стан павышанай актыўнасці ў чым-небудзь, напрыклад, у паводзінах. Дзіцячаму ўзросту ўласцівыя павышаная рухомасць, лёгкая ўзбудлівасць, няўседлівасць, немагчымасць доўга канцэнтравацца на чымсьці. Гэта абсалютна нармальна. Прычым з любой кропкі гледжання: псіхалагічнай, сацыяльнай, медыцынскай. Бо чым дзіця адрозніваецца ад дарослага чалавека? Перш за ўсё – нясталай нервовай сістэмай, якая знаходзіцца ў працэсе свайго паступовага развіцця і станаўлення.

Кажучы простай мовай, нервовыя клеткі і іх злучэнні ў арганізме дарослага чалавека пакрытыя тоўстай ізаляцыйнай абалонкай. У дзяцей гэтая ізаляцыя з прычыны нясталасці нервовай сістэмы тонкая. Акрамя таго, клеткі размешчаныя вельмі блізка адна да аднай, усе імпульсы праходзяць надзвычай хутка, працэсы ўзбуджэння ў цэлым пераважаюць над працэсамі тармажэння. У рэальным жыцці менавіта гэтым шмат у чым тлумачыцца здольнасць дзяцей заставацца актыўнымі нават тады, калі дарослы будзе ў стане выціснутага лімона.

Па меры сталення дзіцяці нервовая сістэма з кожным годам паступова становіцца ўсё больш сталай і моцнай. Але канчатковае яе выспяванне адбываецца толькі да 18-22 гадоў.

Яблык ад яблыні

Акрамя таго, успрыманне празмернай актыўнасці, гіперактыўнасці вельмі індывідуальнае, падкрэслівае эксперт. Тут шмат што залежыць ад нормаў паводзінаў, традыцый, асноў і поглядаў таго мікрасоцыуму, у якім жыве і выхоўваецца дзіця. Калі ў пэўнай сям'і ці субкультуры не лічыцца ганебным перабіваць адзін аднаго, дапускаецца свабода дзеянняў і рухаў, не зважаючы на абставіны і час, адсутнічае рэжым дня і г.д., дык дзіця з маленства будзе ўспрымаць гэтую мадэль паводзінаў як норму. У той жа час гэтая норма будзе непрымальная для членаў іншай сям'і, дзе жыццё падпарадкоўваецца выразнаму распарадку, выбудаваная строгая сямейная іерархія, а дзіцячае непаслушэнства недапушчальнае. Пры перасячэнні, умоўна кажучы, гэтых дзвюх сем'яў у соцыуме канфрантацыя непазбежная.

Нядзіўна, што пытанне пра гіперактыўнасць дзіцяці як пра паводніцкае расстройства, якое не ўкладваецца ў рамкі агульнапрынятых нормаў, упершыню ўзнікае, як правіла, да 4-гадовага ўзросту і дасягае свайго піку ў 7-9 гадоў.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Вось тут праходзіць тонкая мяжа паміж індывідуальнымі асаблівасцямі дзіцяці, агрэхамі ў выхаванні і расстройствам паводзінаў, якія патрабуюць карэкцыі. Калі мы гаворым пра гіперактыўнасць як нармальны стан з прычыны нясталасці нервовай сістэмы або асаблівасцяў выхавання ў сям'і, дык дзіця здольнае самастойна кантраляваць свае паводзіны. Трапляючы ў соцыум, дзе ад яго патрабуюцца іншыя нормы паводзінаў, што адрозніваюцца ад прынятых у сям'і, ён у стане гэтыя правілы засвоіць і ў той ці іншай меры іх прытрымлівацца. Пры гэтым адзін зразумее правілы гульні з першага разу, іншаму, магчыма, давядзецца паўтарыць 3 разы, 5, 10.

Іншая справа, кажа Аліса Кудлач, калі дзіця аб'ектыўна не здольнае засвоіць агульнапрынятыя нормы, а яго стан гіперактыўнасці, павышанай узбудлівасці, празмерная імпульсіўнасць, няўважлівасць не даюць яму ўліцца ў калектыў, наладзіць камунікацыю, абцяжарваюць працэс навучання і выклікаюць, як правіла, негатыўныя эмоцыі і абурэнне. У гэтым выпадку гаворка можа ісці пра паталогію. У прыватнасці, пра СДУГ – сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці.

Гіперактыўнасць як сіндром

Па міжнароднай класіфікацыі хвароб СДУГ адносіцца да псіхіятрычнай паталогіі. Найбольш часта сустракаецца менавіта такі спалучальны варыянт сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Радзей ізаляваныя сіндром гіперактыўнасці (СГ) і сіндром дэфіцыту ўвагі (СДУ).

СДУГ звязаны з асаблівасцямі метабалізму ў нервовай сістэме дзіцяці. Пад уздзеяннем пэўных прычын парушаецца выпрацоўка і засваенне рэчываў, якія даюць магчымасць нервовай сістэме адэкватна ўспрымаць, перапрацоўваць, аналізаваць і ў канчатковым выніку рэагаваць на розныя раздражняльнікі.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Гэта ўнутраная паломка, якая можа мець разнастайныя прычыны. У першую чаргу, закладзеныя ўнутрычэраўна ці калі з'явіліся ў працэсе родаў, раннім пасляродавым перыядзе. У гэты час фарміруецца і найбольш актыўна развіваецца нервовая сістэма, і любыя нюансы з боку мамы, пакуль яна выношвае цяжарнасць, і з боку дзіцяці, пакуль яно адаптуецца да навакольнага свету, маюць каласальнае значэнне. У той жа час важную ролю адыгрываюць і траўмы, інфекцыі, саматычная нядобранадзейнасць дзіцяці, хранічныя стрэсавыя станы і многае іншае, што можа прывесці да парушэння метабалізму ў нервовай сістэме, якая перажывае працэс станаўлення, і спрыяць развіццю паталогіі. У гэтым выпадку абавязкова спатрэбіцца псіхолага-педагагічная карэкцыя і, магчыма, у якасці дадатковай – медыкаментозная.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што па меры выспявання нервовай сістэмы і развіцця лобных доляў галаўнога мозгу, якія адказваюць за матывацыю, кантроль, самакантроль, дзеці з лёгкай або ўмеранай ступенню СДУГ «перарастаюць» сіндром без усялякага ўмяшання звонку і становяцца звычайнымі дарослымі. Раней і зусім лічылася, што СДУГ – выключна дзіцячая паталогія.

Аднак усё больш навуковых даследаванняў кажа пра тое, што кожны трэці выпадак сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці без неабходнай карэкцыі ў раннім узросце захоўваецца і ў дарослым жыцці.

Больш за тое, вельмі моцна яго ўскладняе. Вырастаючы, людзі са СДУГ часта пакутуюць ад немагчымасці пабудаваць і захаваць сям'ю, адчуваюць праблемы з працаўладкаваннем, не ўмеюць наладзіць сяброўскія і прыяцельскія адносіны. Апошнія даследаванні заходніх вучоных паказваюць на тое, што сярод людзей, залежных ад алкаголю і наркотыкаў, схільных да крымінальнай дзейнасці, вельмі высокі працэнт тых, хто ў дзяцінстве пакутаваў ад СДУГ, але пры гэтым не атрымаў неабходнай псіхолага-педагагічнай і медыкаментознай падтрымкі.

Пра тое, якія прыкметы з'яўляюцца адметнымі для сапраўднага сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, як праходзіць дыягностыка паводніцкага расстройства і чым можна дапамагчы свайму дзіцяці, мы раскажам у наступных публікацыях.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама