23 Ліпеня
23.07.2020

Глядзець балюча. Прычыны і сімптомы сіндрому сухога вока

logo
Навiны
340 0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Сухі кератакан’юктывіт, больш вядомы як сіндром сухога вока, – паталогія, якая ў сучаснай афтальмалогіі б’е рэкорды па хуткасці распаўсюджвання. Здавалася б, зусім нядаўна «сухія вочы» з’яўляліся сведчаннем аўтаімунных захворванняў. Але з развіццём лічбавых тэхналогій сіндром сухога вока перастаў быць асаблівасцю абмежаванага кола людзей. Сёння практычна палова пацыентаў, якія прыходзяць на прыём да афтальмолага ў паліклініку, скардзяцца на сухасць вачэй. Сярод іх мужчыны і жанчыны, дзеці і дарослыя, офісныя работнікі і хатнія гаспадыні…
Сіндром сухога вока. Калі прычына – гаджаты.

Што такое сіндром сухога вока і чаму ён узнікае? Якія сімптомы паказваюць на яго развіццё? Падчас прамога эфіру ў сетцы Інстаграм афтальмолаг вышэйшай катэгорыі аддзялення лазернай мікрахірургіі вока Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Аміна Хаддад адказала на гэтыя ды іншыя пытанні.

Чаму вока «сохне»?

Сіндром сухога вока – мультыфактарнае захворванне, абумоўленае парушэннем слёзнай плёнкі з-за дэфіцыту слязы альбо празмернага яе выпарэння з паверхні вока.

 
Аміна Хаддад
Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі
Слёзная плёнка складаецца з трох слаёў: муцынавага (ён бліжэй да рагавіцы вока), воднага і ліпіднага. Пашкоджанне гэтых слаёў і прыводзіць да развіцця сіндрому сухога вока. Калі закрануты водны слой, з'яўляецца адчуванне сухасці; калі ліпідны – мяняецца якасць слязы, яна робіцца больш вадкай альбо, наадварот, гусцейшай. Парушэнне муцынавага слоя, як правіла, адбываецца пры наяўнасці аўтаімунных захворванняў, напрыклад, пры сіндроме Шагрэна, рэўматоідным артрыце і іншых.
Синдром сухога вока.

Сярод мноства прычын, якія могуць прывесці да пашкоджання слёзнай плёнкі, парушэння прадукцыі слязы альбо павышанага яе выпарэння з паверхні вока, найбольш распаўсюджаныя наступныя:

  • Натуральнае старэнне арганізма. З узростам, у сілу паступовага натуральнага запаволення фізіялагічных працэсаў у арганізме, змяняецца структура слёзнай залозы. Слёзныя каналы звужаюцца, з-за чаго зніжаецца аб’ём прадукавання слязы, змяняецца яе склад. Ужо пасля 65 гадоў сухасць вока па розных ацэнках назіраецца ў 45-80% людзей. Жанчыны ад прыроды больш схільныя да ўзнікнення сіндрому сухога вока. І гэта другая прычына развіцця паталогіі.
  • Гарманальны фон. Жанчыны ў менапаўзе, а таксама ў перыяд цяжарнасці і лактацыі могуць адчуваць сіндром сухога вока. Гэта звязана з істотнай зменай гарманальнага фону ў пэўны перыяд жыцця. Таксама ў групе рызыкі людзі, якія па розных прычынах вымушаныя прымаць гарманальныя прэпараты: няхай сабе гэта будуць аральныя кантрацэптывы, замяшчальная гарманальная тэрапія альбо лекавыя сродкі на аснове гармонаў для лячэння наяўных захворванняў.
  • Алергічныя захворванні і прыём антыгістамінных прэпаратаў спрыяюць парушэнню слёзнай плёнкі і развіццю сухасці.
  • Экалогія. Сухое паветра ў памяшканні, асабліва ў ацяпляльны перыяд, неадэкватнае асвятленне, скразнякі пры выкарыстанні кандыцыянераў, тытунёвы дым, пыл – усё гэта фактары, якія павышаюць рызыку развіцця сіндрому сухога вока.

Синдром сухога вока. Кали прычына – кандыцыянер.

  • Дэфіцыт вітамінаў і мінералаў, незбалансаванае харчаванне таксама негатыўна ўплываюць на слізістую вачэй. Асабліва згубна на здароўі вачэй адбіваецца недахоп вітаміну А.
  • Кантактныя лінзы. Іх нашэнне выклікае выяўлены сіндром сухасці вачэй. Праўда, працэс гэта доўгі і можа расцягнуцца на гады. Але пры адсутнасці прафілактычных мераў з’яўленне сухасці непазбежнае.
  • Сухасць слізістых абалонак, у тым ліку і вачэй, выклікаюць некаторыя аўтаімунныя захворванні, напрыклад, рэўматоідны артрыт, сістэмная ваўчанка, сіндром Шагрэна і іншыя.
  • Любыя хірургічныя ўмяшанні, якія закранаюць орган зроку (пачынаючы ад выдалення катаракты, заканчваючы лазернай карэкцыяй зроку), таксама павялічваюць рызыку развіцця сіндрому сухога вока. Парушаюць цэласнасць слёзнай плёнкі і правакуюць сухасць зацяжныя запаленчыя захворванні вачэй і траўмы.

Але адна з самых частых у апошні час прычын «сухога вока» – камп’ютарны зрокавы сіндром. Пра яго варта сказаць асобна.

Синдром сухога вока. Рэдка міргаем...

Камп’ютарны зрокавы сіндром

 
Аміна Хаддад
Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі
Гэтае паняцце напрамую звязанае з развіццём лічбавых тэхналогій. Шырокае і пастаяннае выкарыстанне камп'ютараў, планшэтаў, смартфонаў і іншых гаджатаў не толькі на працы, але і ў побыце прывяло да таго, што сіндром сухога вока можа быць дыягнаставаны не толькі ў праграмістаў, напрыклад, але і ў офісных работнікаў, і ў хатніх гаспадыняў, і нават у дзяцей, якія шмат часу праводзяць з гаджатамі.
Эксперт тлумачыць: аптычнай сістэме вока значна складаней факусавацца на піксельнай сістэме – на гаджатах, у адрозненне ад друкаванага тэксту. Парушаецца працэс акамадацыі (факусіроўка, навядзенне рэзкасці) пры працяглым знаходжанні ля манітора, святло ад якога накіраванае, як правіла, прама. Між тым, камфортным для вока лічыцца натуральнае асвятленне збоку, а штучнае – зверху. Пры іншых умовах вочы фактычна знаходзяцца ў стане пастаяннага моцнага напружання, істотна зніжаецца колькасць мірганняў.
 
Аміна Хаддад
Афтальмолаг вышэйшай катэгорыі
У норме чалавек за адну хвіліну робіць каля 20 мірганняў. Пры кожным акце міргання адбываецца змочванне слязой паверхні вока. Сляза мае і бактэрыцыдную функцыю. Яна не толькі ўвільгатняе, але і выступае ў якасці «антысептыку». Разам з тым, пры працы за камп'ютарам мы міргаем у 5 разоў радзей, гэта значыць замест 20 разоў – 4. Гэта прыводзіць да недастатковага ўвільгатнення і ачышчэння слізістай вока. Калі гэта працягваецца 7, 12, а то і 16 гадзін з дня ў дзень, у канчатковым выніку ўсё заканчваецца развіццём сіндрому сухога вока.
Сіндром сухога вока. Вінаватыя гаджаты.

Сімптомы сіндрому сухога вока

Сімптомы, якія сведчаць пра тое, што вока «сохне», даволі разнастайныя. Але найбольш тыповымі з’яўляюцца наступныя праявы:

  • сухасць у вачах;
  • адчуванне пяску, парушынкі, іншароднага цела ў воку;
  • рэзь і смыленне;
  • дыскамфорт пры мірганні, асабліва раніцай. Пасля начнога сну ў кутках вачэй можа назапашвацца белая слізь, павекі як быццам злепленыя. Па гэтай прычыне сіндром сухога вока часта памылкова блытаюць з кан’юктывітам і для «лячэння» выкарыстоўваюць антыбактэрыяльныя кроплі. Але гэта не толькі няправільна, але і можа быць шкодным. Таму важна пры любых сумневах адносна здароўя вачэй наведаць афтальмолага для пастаноўкі дакладнага дыягназу і прызначэння адэкватнай тэрапіі;
  • павышаны слёзацёк пры выхадзе на вуліцу (пры гэтым у памяшканні вочы застаюцца сухімі);
  • пагаршэнне зроку. Але гэта не звязана з дэфектамі рэфракцыі (блізарукасць, дальназоркасць, астыгматызм). Сляза ўдзельнічае ў пераламленні святла, адпаведна, калі пры сіндроме сухога вока яе становіцца меней, можа знікаць рэзкасць, выразнасць малюнка;
  • камп’ютарны зрокавы сіндром можа таксама суправаджацца галаўным болем.

Сіндром сухога вока. Баляць вочы і галава.

Сіндром сухога вока ў цэлым не ўяўляе пагрозы для здароўя і не прыводзіць да якіхсьці незваротных наступстваў. Прасцей кажучы, ад яго не робяцца інвалідамі і не паміраюць. Тым не менш, праблема моцна псуе задавальненне ад жыцця. Пастаянна слязлівыя вочы, дыскамфорт на мяжы амаль фізічнага болю ад таго, што ў вочы «насыпалі пяску», расплывістыя вобразы і малюнкі кожны дзень ператвараюць у выпрабаванне. Таму пазбаўляцца ад сіндрому сухога вока трэба абавязкова. Як менавіта, распавядзём у наступным матэрыяле.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

340 0 18

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».