19.05.2022
19.05.2022

Глыбокі і без дна. Гісторыя Святога калодзежа каля Крычава

logo
Адметнасць беларусаў
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Непадалёк ад вёскі Прудок, што ў Крычаўскім раёне, знаходзіцца старажытны Святы або Светлы калодзеж. Ён вельмі глыбокі. Паводле падання, у ім няма дна, каб ён ніколі не высыхаў і паіў смачнай вадой людзей на працягу стагоддзяў.

Як дабрацца?

Калі рухацца з Крычава па трасе Р43 у бок Рослаўля, то пасля моста праз раку Сож праз 900 м неабходна павярнуць направа ў бок вёскі Прудок. Далей праз 800м будзе першы паварот направа ў гэтую вёску. Яго трэба праігнараваць і працягваць рух наўпрост па паказальніку ў вёску Каменка. Яшчэ праз 700 м вы пабачыце скрыжаванне: направа – дарога ў Прудок, налева – лясная дарога да Святога калодзежа. Праз 1 км яна выведзе на паляну з крыніцай.

Як дабрацца да Святой крыніцы

За паўкіламетра на ўсход ад невялікай вёскі Прудок, на ўскрайку сасновага бору, пад вялікай жалезнай накрыўкай знаходзіцца крыніца, што з’яўляецца помнікам прыроды і ўваходзіць у экскурсійныя маршруты.

Здаўна крыніца была яшчэ і сакральным аб’ектам. Звесткі пра яе захаваліся з канца XVIII стагоддзя. Нямецкі эканаміст і батанік Андрэй Меер, які знаходзіўся ў Крычаве на службе ў якасці агранома, склаў апісанне Крычаўскага староства Магілёўскай губерні, дзе згадаў крыніцы Крычава і яго ваколіц. Рукапіс захоўваецца ў архіве Казанскага ўніверсітэта Расійскай Федэрацыі. Упершыню праца была апублікаваная этнографам Е. Р. Раманавым у 1901 годзе ў зборніку “Могилевская старина”.

Святая крыніца каля Крычава

Пра крыніцу А. Меер пісаў, што яна цячэ на Пятроўскім лузе непадалёк ад суднаверфі, вада ў ёй ніколі не замярзае і ўтрымлівае часцінкі медзі. У народзе крыніцу называлі Міхееўскай па назве бліжэйшай вёскі. За тым часам у апошні дзень “Сырнага тыдня” (Масленіцы) моладзь купалася ў крыніцы. Верылі, што ў гэты дзень вада забірае ўсе грахі. У падзяку за збаўленне ад грахоў у крыніцу кідалі манеты, якія праз нейкі час станавіліся як новенькія. Маці прыносілі хворых дзяцей, абмывалі, здымалі з іх старыя кашулі, разрывалі іх і кідалі ў ваду. Бо былі ўпэўненыя, што вада змые хваробу і падорыць доўгачаканае здароўе.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў царкоўных выданнях пісалі, што да Міхееўскай крыніцы ідуць у дзень Святой Троіцы “для піравання і розных гульняў”. У гэты дзень вада лічылася лекавай, асабліва ад сурокаў і хвароб вачэй. Таксама ў даўнія часы на свята Духа святога сюды прыязджаў бацюшка і адпраўляў службу. Хадзілі да крыніцы і на Вадохрышча, а пасля асвячэння набіралі ваду дадому.

Святая крыніца 2

Пра крыніцу існуюць шматлікія легенды.  Расказваюць, напрыклад, пра царкву, якая стаяла на гэтым месцы і нібыта пайшла пад зямлю падчас службы. У правале ўтварылася возера. Калі яно высахла, засталася бяздонная крыніца з крышталёва чыстай вадой.

Старажылы памятаюць, як раней на Троіцу паломнікі кідалі ў ваду кавалачкі хлеба. Паводле павер’я, калі патоне, то чалавек хутка памрэ, а калі будзе плаваць – яшчэ пажыве.

Крыніца Бразгун у Нарках

Вёска Прудок таксама мае цікавую гісторыю паходжання. Некалькі стагоддзяў таму на гэтым месцы быў дрымучы лес, а побач – вялікае возера. І прыехаў з мястэчка Крычаў багаты чалавек паглядзець мясціну. Вырашыў ён тут зрабіць вадзяны млын. Спачатку зладзіў грэблю, каб вада не цякла на луг, а потым і сам млын. Людзі малолі зерне, апрацоўвалі зямлю. І калі хто ішоў да млына, а ў яго пыталіся, куды ідзе, то ў адказ чулі: “Іду на пруд”, што азначала – на млын. Вось ад гэтага і пайшла назва вёскі – Прудок.

Сытя крыніца 3

А зусім побач – 300м на поўнач ад вёскі Прудок – знаходзіцца легендарнае Чорнае возера, якое з’яўляецца старыцай ракі Сож. Легенда расказвае, што князёўна Алена і сын кухаркі Алёша пакахалі адно аднаго. Але князь вырашыў аддаць дачку за татарскага хана. Закаханыя спрабавалі ўцячы, але Алёшу схапілі княскія слугі і выкалалі яму вочы. Алена, уцякаючы ад пагоні, упала без сіл, і на гэтым месцы ўтварылася возера. Алёша шукаў каханую і гучна крычаў. Ён знайшоў возера і на яго беразе ператварыўся ў магутны дуб. Ад таго і пайшлі назвы возера Чорнае і горад Крычаў.

Святая крыніца і камень-следавік на Камянеччыне

Старыя людзі памятаюць, што яшчэ не так даўно крыніца Святы калодзеж нагадвала невялікае азярко, а сам выток крыніцы знаходзіўся ў дубовым зрубе. Побач заўжды стаяў аброчны драўляны крыж, а на ім віселі абраз і ручнікі. Калі крыж парахнеў, яго замянялі новым. Ручнікі штогод абнаўлялі на Троіцу. За савецкім часам забаранялася пакланяцца крыніцы. Але пакрысе сакральнае месца ператварылася ў месца маёвак. Назву Святы калодзеж замянілі на Светлы калодзеж. Тут адзначалі Першамай, дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, свята ўраджаю. Людзі ішлі сюды з Крычава калонамі, ладзілі кірмашы, а таксама школьныя турыстычныя злёты.

Светлы калодзеж

Сёння над Светлым калодзежам стаіць каптаж з вялізнага бетоннага кола, зачыненага дахам-накрыўкай з адводам магутнага струменю вады праз трубу. Побач усталяваны жалезны крыж. Тут праводзяцца традыцыйныя суботнікі, тэрыторыя павольна, але мэтанакіравана добраўпарадкоўваецца.Адбываюцца і турзлёты. З часам на сакральным месцы плануецца пабудаваць капліцу.

Адмысловыя пілігрымкі да Святога калодзежа ладзяць на Вадохрышча (19 студзеня) і Духаў дзень (51-ы дзень пасля Вялікадня). Шанаванне на апошні дзень Сырнага тыдня (на Масленіцу) у нашы дні не адбываецца…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Глядзіце таксама