10.06.2020
10.06.2020

Градабой, Градавая серада. Святкуем, каб градам не пабіла?!

logo
Беларускі код
0 181
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нашы продкі моцна верылі ў прыкметы нездарма. Яны спраўджваліся. Калі не на 100%, дык даволі часта. І што было таму прычынай, невядома. Ці то пастаянства пэўных прыродных з’яў, калі чалавек так шмат яшчэ не ўмешваўся ў прыроду… Ці то сапраўды ўздзеянне пэўнай вышэйшай сілы… Але калі чалавек працаваў у Градавую сераду на зямлі (а гэта забаронена), дык шмат у каго затым град сапраўды пашкоджваў ураджай.

Градавая серада. Забарона працы на зямлі.

Карыстаючыся тымі звычаямі і традыцыямі, якія былі прынятыя яшчэ ў сям’і маёй мілай мамачкі, мы таксама стараліся іх захоўваць. Хаця б больш-менш значныя. Але ж для дачнікаў-агароднікаў гэта даволі няпроста. Тут самая праца на ўчастку, а кажуць, што працаваць у той ці іншы дзень нельга.

Найчасцей стараліся працаваць пасля абеду. Як казала мама, калі служба ў царкве прайшла ўжо. Бо дзе ж тыя сяляне даўней сядзелі, калі працы процьма?! Прыстасоўваліся. Але пра Градавую сераду я асабіста начутая даўно.

Справа ў тым, што такі дзень не адзін раз на год выпадае. Найбольш вядомыя тры серады, што носяць назоў «градавая»: пасля Вялікадня, перад Тройцай і пасля Тройцы, на Русальным тыдні. Дык вось апошняя – яна акурат сёння, 10 чэрвеня.

Нашы продкі верылі, што на Градавую сераду нельга чапаць зямлю, праводзіць на ёй розныя работы, бо тады град паб’е будучы ўраджай. У іншых мясцовасцях лічылі, што працаваць увогуле нельга, каб, апрача шкоды ад граду, навальніца не спаліла хату. А трэба, наадварот, святкаваць у гэты дзень, каб паспрыяць будучаму ўраджаю.

Градавая серада. Не працуем, а святкуем!

У адну з трох названых градавых мы сапраўды стараліся не працаваць на дачы – у тую, што пасля Вялікадня. Але-але… Карысці ад гэтага, здаралася, не было. Бо, відаць, грашыў хтосьці іншы. А прылятала і да нас…

Добра памятаю тры дні ў розныя гады, калі давялося ўлетку сутыкнуцца з градам на дачы.

Цяпер буры, вялізныя вятры і страшэнныя залевы для Беларусі зусім не рэдкасць. А вось на пачатку 1990-х гэта было дзівам. Ужо не памятаю, чаму на дачы я ў той дзень была адна… Дачнага дома тады яшчэ не было нават у праекце, а толькі стаяла невялічкая…м-м-м… бытовачка з маленькімі слабенькімі вокнамі ў танюсенькіх рамках.

І вось тады раптоўна наляцеў лівень з градам. Град быў – сапраўды з тэнісны мячык! І так удала патрапіў у адно з акенцаў, зрабіўшчы трэшчыну! Давялося мне прытрымліваць пэўны час шкло, каб не высыпалася. Калі ж пасля ўсяго гэтага вызірнула сонца і я наважылася выйсці на ўчастак… Вады было ледзьве не па пояс! Але зусім не сумаваў з гэтай нагоды сусед праз участак, які, згледзеўшы мяне, штосьці там крычаў – захопленае… Той дзень у мяне і зараз перад вачыма…

Градавая серада. Залевы.

Другі раз летні град застаў нас дома. А калі мы прыехалі на дачу… Лісце шмат якіх раслінаў было «ў дзірачку»! Пабіла завязь яблыкаў. І калі яны паспелі, тыя дзірачкі так да канца і не зацягнуліся. Пахвастала лісце буракоў, агуркоў і шмат чаго яшчэ. «Відаць, хтосьці ў Градавую сераду ўсё ж працаваў», – зрабілі мы тады чарговую выснову. Але мы дакладна не… І вось жа…

А трэці раз град быў, але практычна нічога не зачапіў. І гэта парадавала. Паглядзім, што будзе сёлетнім летам. Бо падчас спякоты нам усё абяцаюць дажджы з навальніцамі… Каб толькі добра ўсё закончылася…

Таму, як кажуць, хочаце – верце, а хочаце… Не-не, лепей не правяраць! А проста не працаваць сёння на зямлі, калі гэта магчыма. Напярэдадні ў прагнозе на дзень і вечар была пазнака «магчымы дождж». А ў тэкставым файле папярэджвалі пра навальніцу, град (!) і моцныя ліўні… І добра, калі яно так. А то ж без паліву не абысціся ў такую спякоту… Вось толькі граду нам не трэба!!!

Градавая серада. А вось граду нам не трэба!

А самае цікавае, што і заўтра, у чацвер, які называецца Сухім (!), таксама забароненая ўсялякая праца на зямлі! Каб у будучым ураджай не пасох… Затое можна… абліваць адно аднаго вадой! Каб лета было мокрым…

Вось нават не ведаю, ці трэба нам мокрае лета. Нам бы ўмеранае надвор’е. Тэмпература паветра каб не больш за 25°С, і раз-пораз дажджы – па патрэбе. Эх, хаця б памарыць дайце дачніцы!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 181

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".