08.03.2021
08.03.2021

… І каб жаданні нашы – спраўджваліся!

logo
Думкі ўслых
296 070
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Эх, як жа хочацца правесці гэты дзень 8 Сакавіка прыгожа! Не ў сэнсе – такой загарэлай, на моры, пад пяшчотным сонейкам… Хаця гэта было б крута! І не абавязкова ў рэстаране… Хаця-хаця… 🙂 І, мабыць, не столькі прыгожа, колькі – па ўласным жаданні.

8 Сакавіка. Жаданні. Кветкі.

А жаданні ў нас ой якія розныя! І так хочацца, каб іх хтосьці спраўдзіў… Хаця б раз у год. На 8 Сакавіка. І не мае значэння, хто – канкрэтны мужчына ці якаясьці вышэйшая сіла… Галоўнае, каб усё атрымалася.

А вы заўважылі?! Наша жаночае свята да нас завітала ўжо! Зрэшты, у Мінску цяжка было не адчуць яго пярэдадзень. І справа не толькі ў тым, што многія жанчыны ўвечары вярталіся з працы з кветкамі. А ў тым, што такога велічэзнага гандлю цюльпанамі я ў жыцці сваім не бачыла!

Шостага сакавіка ўвечары сталіца нашай Беларусі адназначна ператварылася ў сталіцу цюльпанаў! Толькі калі іх сталіца сапраўдная, Амстэрдам, звычайна заварожвае жывымі цюльпанамі, якія квітнеюць на вялікіх тэрыторыях, дык Мінск – цюльпанамі ў букетах.

8 Сакавіка. Мінск. Цюльпаны.

Да метро, з метро – літаральна трэба было шукаць, куды нагу паставіць. Бо ўсё вакол было занятае кветкамі. Ух, ажно дух захапіла! Якая прыгажосць! І няхай сабе дорага (як па мне, дык і не вельмі), і стаяць яны мала… Не ўгаворвайце мяне! 🙂 Я адназначна люблю цюльпаны на 8 Сакавіка!

Вядома ж, калі падумаеш, што ў сезон іх на ўласнай дачы мора, ды розных… Але пакуль там яшчэ той сезон! Хаця сёлета, магчыма, і раней… Але не на 8-га – адназначна.

Аднойчы да жаночага свята вырасціла свае цюльпаны ў вазонах. Так, усё рэальна. Толькі шмат затрачваеш часу. Бо трэба перыядычна паварочваць вазоны, каб сцябло кветак не скрывілася. А цюльпаны так цягнуцца да святла! Нават у букетах! І паварочваюцца ўслед за сонейкам… І нават свежазрэзаныя яшчэ падрасці ды расквітнець могуць. Чароўныя кветкі… А ці любіце вы цюльпаны так, я люблю іх я?! 🙂

Але што ж гэта ўсё пра іх ды пра іх?! Мы ж – пра жаданні да 8 Сакавіка. Дык вось хтосьці хоча сустрэць яго на моры ці ў Парыжы, хтосьці – у беларускай аграсядзібе ля каміна. Хтосьці не хоча гатаваць (зноў гатаваць, як і ў дні будзённыя!) і таму марыць пра рэстаран, дзе ўсё пададуць і посуд мыць не трэба… 🙂 А камусьці дастаткова для шчасця проста выспацца. І праваляцца цэлы дзень на канапе.

А яшчэ ж хтосьці ў гэты дзень на працы. І, напрыклад, едучы на выклік на «хуткай», марыць, каб іх было паменш, тых выклікаў, асабліва «алкагольных», каб дзяжурства прайшло спакойна.

Іншыя ж сустракаюць 8 Сакавіка ў бальнічнай палаце. Гэта вельмі сумна, але, на жаль, здараецца ўсякае. І яны мараць пра здароўе… Пра хаця б крыху лепшае самаадчуванне… І – выпісацца нарэшце з бальніцы. І няхай бы было тое ж гатаванне ежы – на святы і ў будні. Затое – дома, дзе, здаецца, і сцены лечаць.

Правесці гэты святочны дзень па ўласным жаданні – здаецца, неблагі падарунак. Як вы лічыце? І зрабіць яго можна самой сабе. А калі хочацца адпачыць у кампаніі, таксама няхай атрымаецца. Паклікаць гасцей да сябе?! Цудоўны варыянт!

Галоўнае, каб быў душэўны мір, лад і згода. Задавальненне ад кожнай хвіліны. Ну, і прыемных сюрпрызаў хацелася б таксама! Толькі калі ў рэале нічога такога зазвычай не намячаецца… Лепей не фантазіраваць. Каб не расчаравацца. Як у Новы год.

– Гэта ж трэба, у канторы нават не павіншавалі, цюльпанчыка не падаравалі! – гучна абуралася жанчына ў метро.

Некалькі прыпынкаў усё не магла супакоіцца. Яе гучны маналог шостага сакавіка ўвечары даносіў крыўду да навакольных на працягу хвілін 10. І ведаеце, мне было яе шкада…

Хаця і не настолькі, каб аддаць уласныя цюльпаны, падораныя калегамі-мужчынамі. Мне самой яны падабаюцца! 🙂

Дык вось сапраўды хочацца, каб мужчыны былі больш уважлівымі ў гэтым плане да жанчын. Бо гэта толькі некаторыя просяць: маўляў, якія дарагія! Лепей грашыма… Астатнія, паверце, радуюцца кветкам на 8 Сакавіка і ў яго пярэдадзень.

Так, іх не з’ясі… 🙂 Не засушыш, не пакінеш надоўга. Хаця… Мімоза! Ну, ці тая расліна, якую мы так звыкла называем. Стаіць цудоўна і ў засушаным выглядзе. Я звычайна выкідваю яе лапкі ўжо бліжэй да 9 Мая. 🙂 Але калі вы больш любіце цукеркі… Няхай падораць іх!

Чароўныя нашы, самыя лепшыя ў свеце дзяўчаты, дзяўчыны, жанчыны, паненкі і спадарыні! Са святам! Здароўя, шчасця, сонейка, святла, дабрыні, кахання! Сёння – НАШ ДЗЕНЬ! І няхай ён складзецца так, як вы жадаеце.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

296 0 70

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.