23.07.2019
23.07.2019

Споведзь анкапацыенткі. «Некаторыя «чуллівыя» казалі: напэўна, награшыла шмат, калі атрымала такую хваробу»

logo
Асобы i лёсы
0 85
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Наталлі Пятроўны ў кабінеце заўсёды шмат людзей. Пастаянна падаюць свой голас тэлефоны. Яна хутка разрульвае сітуацыі, добразычліва і цярпліва выслухоўвае тых, хто да яе звярнуўся. Паспяхова вырашае часам вельмі няпростыя праблемы цяжкахворых, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прапускаючы праз сэрца кожную сітуацыю... І вельмі няшмат такіх, хто ведае, што яна сама перажыла шмат сямейных драмаў, а колькі гадоў таму стала адной з анкапацыентак.

Размаўляць на гэтую тэму цяжка, але Наталля Пятроўна разумее: гутарка, напэўна, станецца чымсьці карыснай для іншых…

Жыцце з анкалогіяй

Наталля Пятроўна, калі ўпершыню вы даведаліся пра свой статус?

– Амаль пяць гадоў таму. У мяне ўжо было ўшчыльненне ў грудзях. Урач, які мяне назіраў, сказаў, што гэтая пухліна дабраякасная, але, на ўсялякі выпадак, трэба больш дэталёва абследавацца. Пры абследаванні высветлілася, што яна сапраўды дабраякасная, але за ёй выявілі яшчэ адну, маленькую і каварную. Злаякасную

Як перажылі такую вестку? Якая была рэакцыя – ваша і родных, знаёмых?

– Маральна было цяжка. Пра гэта, вядома ж, не хацелася нікому распавядаць. Але ў такія драматычныя моманты лёс накіроўваў да мяне людзей, з якімі і стасункі мела рэдка, але менавіта ад іх атрымала маральную падтрымку. Памятаю, прыйшла падтрымаць адна мая знаёмая. Быў позні вечар. У мяне пасля хіміятэрапіі чамусьці падскочыла тэмпература. Яна ўсунула галаву ў дзверы, падміргнула мне і праз імгненне апынулася ля майго ложка. Дастала з сумкі карты тара і ўпэўнена сказала: «Давай я табе паваражу!»

Я вельмі здзівілася: ніколі не думала, што яна гэтым займаецца. Як сапраўдная варажэя, знаёмая хуценька раскінула карты і пачала вельмі хутка гаварыць. Нават і не памятаю – што. Памятаю толькі яе заключэнне: «У рэшце рэшт, усё наладзіцца і будзе добра». Упершыню за гэтыя доўгія напружаныя дні я ўсміхнулася, а потым засмяялася. Не ведаю, ці ўмела яна варажыць насамрэч, ці проста нагаварыла таго, што супакоіць душу, але я сапраўды супакоілася. Упершыню за гэты час спакойна заснула і праспала да самай раніцы…

Некаторыя ад мяне адвярнуліся, як і ад тых жанчын, якія лячыліся разам са мной. Матывавалі «чуллівыя» часам вельмі цынічна: «Напэўна, награшыла шмат, калі атрымала такую хваробу». Да жанчыны, якая была са мной у адной палаце, сыны і зусім не прыходзілі: не пускалі нявесткі. Маўляў, заразная…

У вас не было псіхолага?

– Тады, пяць гадоў таму, псіхолага не было, але быў святар, які прыйшоў да нас. Можна было паспавядацца, прычасціцца: для гэтага адвялі спецыяльны пакой. Гутарыў святар з усімі адразу. Хацелася (думаю, і не толькі мне), каб ён пагутарыў менавіта з табой. Было б добра, калі б была магчымасць запісацца на пэўны час, каб пагаварыць асабіста з прадстаўніком царквы. У кожнага з нас былі свае пытанні. Але такога, на жаль, не адбывалася, і мы часцяком заставаліся сам-насам са сваімі страхамі.

Як перажылі аператыўнае ўмяшанне і наступнае лячэнне?

– Мяне прааперыравалі адразу, выдаліўшы небяспечны сегмент. Аператыўнага ўмяшання не баялася, а вось страх наркозу быў: баялася, што не прачнуся... Але ўсё прайшло добра. Потым прызначылі 4 сеансы хіміятэрапіі і 25 – прамянёвай. «Хімію» праходзіла цяжка: у мяне на целе з'явіліся алергічныя фурункулы, тэмпература. Я пакутавала ад млоснасці. Прамянёвыя сеансы перажыла лягчэй.

Многія анкапацыенткі вельмі балюча перажываюць страту валасоў...

– Гэта праўда. Калі бярэш пасму валасоў, і яна ў цябе застаецца на далоні, вельмі горка, асабліва для жанчыны. Тут я атрымала маральную падтрымку ад дачкі, якая прынесла машынку для стрыжкі і састрыгла ўсе валасы адразу, каб я адзін раз адпакутвала, а потым на гэта не звяртала ўвагу. І гэта сталася правільным рашэннем. Мая дачка прынесла мне парык, хустачку, і я ўжо перастала звяртаць на гэта ўвагу. Раю ўсім, хто трапіў у такую сітуацыю, прыслухацца да маёй парады: суткі паперажываеце – і на пэўны час забудзецеся на гэтую праблему. А потым і новыя валасы вырастуць.

Магчыма, вам хацелася штосьці памяняць у падыходах да пацыента?

– Хацелася б, у першую чаргу, падзякаваць урачам, якія нас лячылі. Яны ўсе ўважлівыя. Прафесіяналы. Але ёсць пажаданне: быць бліжэй да пацыента ў паслябальнічны перыяд. Выпісаўшыся з медыцынскай установы, мы часцяком апынаемся ў інфармацыйным вакууме. На жаль, большасць патрэбнай і карыснай інфармацыі атрымліваем адзін ад аднаго. Аналізуем, што сказалі ўрачы, і робім свае, напэўна, не заўсёды правільныя вывады. На жаль, не прадуманая схема выхаду ў паслябальнічны перыяд. Хацелася б пачуць ад урача, як правільна паводзіць сябе пасля лячэння ў медыцынскай установе, якія прэпараты прымаць, праз які час праверыцца зноў і г.д.

І яшчэ. Было б вельмі добра, калі б сістэма абследавання была поўнай: усіх органаў і сістэм. Адразу. Няхай нават платнай, але мы б такім чынам не толькі эканомілі час і дзяржаўныя грошы, але і своечасова рабілі прафілактыку пагрозлівых захворванняў.

Што б вы пажадалі нашым чытачам?

– Усе добра ведаюць біблейскі выраз «Палюбі блізкага, як сябе самога». Блізкіх мы стараемся не абдзяліць увагай і любоўю, а на сябе часам і забываемся. Гэты прабел трэба прыбраць.

І, вядома ж, не нервавацца па дробязях, своечасова праходзіць прафілактычныя агляды... Вучыцца радавацца, нават самаму, на першы погляд, нязначнаму.

Усе фотаздымкі, узятыя з адкрытых крыніц, выкарыстаныя ў якасці ілюстрацый да сітуацыі і не маюць да галоўнай гераіні ніякага дачынення.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 85

Журналіст
Глядзіце таксама