17.05.2019
17.05.2019

І ўдзень, і ўночы ў музеі хочам!:)

logo
Думкі ўслых
144 046
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Ці любіце вы музеі так, як люблю іх я?!:) Асабліва тыя, дзе пануе старажытнасць. Дзе таямнічым чынам, без машыны часу, толькі сілай думкі і ўяўлення можна перанесціся ў мінулае – на некалькі дзесяцігоддзяў, стагоддзяў, а то і тысячагоддзяў назад. А чаму размова ідзе і пра ноч?! Ды таму, што да Міжнароднага дня музеяў, які мы традыцыйна святкуем 18 мая, многія ўстановы ладзяць Ноч музеяў. І гэта так рамантычна-захапляльна!

Праўда, асабіста я пакуль не патрапіла ні на адну з іх… Але спадзяюся, што ў мяне ўсё наперадзе! А пра музей увогуле ведаю не па чутках. Быў час, калі амаль паўгода працавала навуковым супрацоўнікам у сваім, Чэрвеньскім раённым краязнаўчым. І там было ўсё: заваблівая старажытнасць са сваім непаўторным пахам, сустрэчы з цікавымі людзьмі, міні-даследаванні… І вечары альбо раніцы, калі нікога яшчэ няма, і здаецца, што музейныя экспанаты ажываюць і стасуюцца адно з адным. І што калі схавацца ў адным з пакояў на ноч, дык можна ўбачыць ды пачуць шмат цікавага…

Не скажу, што наведваць музеі – мая мэта заўсёды і ўсюды. Але падчас замежных вандровак гэта ўжо ўключана ў праграму арганізатарамі. І ўсё настолькі захоплівае, што падчас свайго вольнага часу стараешся туды вярнуцца, каб пабачыць яшчэ больш…

У маім жыцці былі і Луўр з Версалем у Францыі, і галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі, і Сікстынская капэла ў Ватыкане, і музей бурштыну ў Паланзе… І яшчэ шмат таго, што ўразіла да глыбіні душы і пакінула след у сэрцы… І былі (ды і ёсць) беларускія музеі, музейныя комплексы пад адкрытым небам. Зусім блізкія і даступныя, не пампезныя, без сусветна вядомых шэдэўраў. Але і скараюць яны ўсім гэтым. Бо свае, родныя, нашы.

Дзесьці  рэстаўраваныя, дзесьці адбудаваныя наноў, але ўсе маюць уласцівасць у сваіх сценах дзівосным чынам яднаць даўніну і сучаснасць, знітоўваць пакаленні, абуджаць голас продкаў. Трэба толькі спыніцца сярод нашых мітуслівых будняў і прыслухацца… І тады музеі нам шмат чаго раскажуць і пакажуць. А можа, нават раскрыюць якуюсьці таямніцу. І калі ж яшчэ знайсці на гэта час, як не ў Міжнародны дзень музеяў альбо напярэдадні яго?!

Што прыгадваецца мне найперш з наведанага беларускага?! Дзяржаўны музей беларускай архітэктуры і побыту, размешчаны паміж вёскамі Азярцо і Строчыцы. Можна гуляць з экскурсаводам і самастойна альбо паўдзельнічаць у мерапрыемствах. Давялося пабываць там на экскурсіі ў арганізаванай групе і з сябрамі на Масленіцу.

Раю наведаць музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», дзе таксама, апроч экскурсій, ладзяцца мерапрыемствы і фестывалі. Альбо прагуляцца па «Дукорскаму маёнтку», дзе прапануюць шмат цікавых забаўлянак і адпачынку ў шляхецкім стылі, з тэматычнымі мерапрыемствамі для дзяцей і дарослых. Ды там сама прырода, здаецца, проста шэпча ў пагодны дзень! І таямніча шапаціць галінамі шматвекавы дуб-велікан…

І ўсё гэтае старажытна-сучаснае хараство размешчана непадалёк ад Мінска. А калі захочацца чагосьці з беларускай глыбінкі, дык раю найперш Старадарожчыну! Адзін з маіх любімых раёнаў на Міншчыне, дзе колькі гадоў таму ў мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі абсталявалі адмысловыя экспазіцыі. Думаю, зацікавіць вас паштовая станцыя з мінулага, а яшчэ – сакунская хата!

Вы ведаеце, хто такія сакуны?! Як патлумачылі супрацоўнікі Старадарожскага музея, гэта вузкая, лакальная частка беларусаў-палешукоў. Найменне сваё атрымалі таму, што «сакалі»: «нагукалаСА», «наелаСА». А яшчэ – цягнулі «е».

Пра іх стала вядома на пачатку 20 стагоддзя, калі даследчык фальклору з суседняга Бабруйскага павету Ісаак Сербаў грунтоўна даследаваў жыццё і быт сакуноў. Яго манаграфія ў 1915 годзе была надрукавана ў Тыпаграфіі Імператарскай Акадэміі Навук. Пакінуў Сербаў і сапраўды ўнікальныя фотаздымкі, копіі якіх можна цяпер убачыць у экспазіцыі Старадарожскага музея.

Між іншым, на Старадарожчыне і зараз жывуць нашчадкі беларусаў-сакуноў. А шэраг вёсак – Ляўкі, Шчыткавічы, Залужжа, Дражня ды іншыя – па старой звычцы так і называюць «сакунскімі»!

Вяртаючыся ж да свайго Чэрвеньскага раёна… З задавальненнем прыгадваю колішні візіт у вёску Язоўкі, дзе ва ўласнай гаспадарчай пабудове няўрымслівая энтузіястка і проста цікавая жанчына Валянціна Ладуцька саматужным спосабам арганізавала прыватны музей сялянскага побыту і працягвае яго ўдасканальваць.

Таксама адмыслова афармляецца і падворак, куды штогод 12 ліпеня, у дзень святых Пятра і Паўла, гаспадыня разам з аднадумцамі запрашае шматлікіх гасцей, дзяцей і дарослых, на Пятроўскі кірмаш.

Думаю, шмат у каго ёсць цікавыя ўспаміны пра наведаныя музеі, музейныя пакоі, комплексы. А хто яшчэ не адшукаў такіх, жадаю гэта зрабіць у найбліжэйшы час!

Шчыра віншуем музейных супрацоўнікаў, аматараў музеяў і ўсіх, хто мае дачыненне да гэтых устаноў культуры, а таксама заснавальнікаў прыватных музеяў са святам! Пабольш вам наведвальнікаў, папаўнення і пашырэння экспазіцый і новых цікавых гістарычных знаходак!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

144 0 46

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.