22.03.2020
22.03.2020

І зноў – вясна. І зноўку – Саракі!

logo
Думкі ўслых
296 0175
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Жыццё ідзе. Жыццё працягваецца, толькі дзесьці і ў чымсьці зараз па вядомых прычынах запавольваючы свой штодзённы разбег. І хаця Вясна раптам вырашыла, што ёй трэба колькі начэй ды ранкаў счакаць, народныя святы прыходзяць да нас у сваім даўным-даўно вызначаным парадку. Вось і сёння – такія любімыя многімі Саракі. А значыць, час выпякаць птушачак з цеста, частаваць імі родзічаў, знаёмых (і не толькі) ды клікаць-гукаць Вясну!

Саракі. Птушкі з цеста.

Спадзяюся, усе памятаюць, адкуль такая назва ў гэтага свята? Бо нашыя продкі лічылі, што на Саракі прылятае 40 птушак (праваслаўныя ж узгадваюць у гэты дзень 40 севасційскіх пакутнікаў)! Праўда, з сёлетнім надвор’ем шмат ужо ў якіх мясцовасцях назіралі самых розных пералётных птушак. Мы ж з братам 20 сакавіка на свае вочы бачылі 2 невялікія групы. І адна з іх на вачах выстраілася ў клін!

Даўней сяляне прыкмячалі: калі на Саракі будзе мароз, значыць, чакаць нам іх яшчэ ажно 40! Гляджу я на прагноз Белгідрамету па Чэрвеню на 22 сакавіка – і што бачу?! Ноччу і раніцай – мінус 2-4, удзень – 0, увечары – мінус 1-3. На нас насоўваецца зіма?!

А мы – усё роўна на вуліцу! З выпечанымі птушачкамі. Падкідваем іх уверх ды Вясну клічам. І колькі ж радасці прыносяць гэтыя жавароначкі з цеста – адным сваім выглядам! А ўжо калі зробленыя ўласнымі рукамі…

Пасля таго, як летась я напісала ў блогу пра сваю сімпатыю да гэтага свята, некалькі маіх добрых знаёмых з розных раёнаў Беларусі адгукнуліся: «А мы таксама выпякаем жаваронкаў!» І гэта так здорава, калі народныя традыцыі не губляюцца, а аб’ядноўваюць людзей.

Звычайна калі па вясне згледжваю жаваранкаў, дзікіх гусей, лебедзяў альбо буслоў, дык дужа радуюся. Бо сапраўды яны быццам нясуць на крылах вясну. І проста прыемна, бо люблю гэтых птушак.

Чаго не скажаш пра варонаў (воранаў). Гэткіх нахабніц (нахабнікаў) яшчэ пашукаць! Там, дзе яны гняздуюцца, няма магчымасці хоць калі пабыць у спакоі. У нас у Чэрвені бліжэйшыя да нашага дома месцы гнездавання – ля цэнтральнай раённай бальніцы (на бярозах) і ля дзіцячага садка (у елках).

Саракі. Гнёзды варонаў.

І калі адна з гэтых кампаній рэзка зрываецца з дрэваў і пачынае рабіць «колы гонару» проста над галавой… Ага, страшнавата. І чамусьці ўвесь час прыгадваецца гэтае: «Добра, што каровы не лётаюць!» 🙂 А паколькі насупраць бальніцы якраз і знаходзіцца аўтобусны прыпанак, з якога я еду на працу… Можаце ўявіць мой  ранішні стан!

Не забываюцца вароны і наведвацца да смеццевых кантэйнераў, якія таксама знаходзяцца ў полі майго зроку. Ну што магу сказаць… Бывае, яны трыбушаць пакеты са смеццем не горш за сабак ці катоў, разносячы, да ўсяго, па наваколлі… Карацей, калі іх няма, дык неяк значна спакайней пачуваешся, а не чакаеш штохвіліннага «артабстрэлу».

Як вы ўжо зразумелі, Саракі – не толькі свята вясны, але і свята птушак. Таму сёння мы прыгадваем і ўшаноўваем іх (можна пакарміць), а  таксама назіраем за імі.

Саракі. Прылёт птушак.

Як жа мне падабаюцца лебедзі! Раней, калі непадалёк знаходзілася нядобраўпарадкаваная копанка з зарослымі берагамі, адна пара часта прылятала туды. А бывала, плаваў толькі адзін (адна?!) лебедзь.

Пасля таго, як высеклі кустоўе па берагах, вычысцілі копанку, надалі ёй форму, яна зрабілася нават на выгляд… якойсьці нежывой. І хто ведае, што сталася таму прычынай. Ужо даўнавата да яе не падыходзіла. Магчыма, штосьці змянілася ў лепшы бок. І мы сёлета зноўку пабачым там прыгожых птушак. А ў вас ёсць любімыя сярод пярнатых?!

Я яшчэ вельмі люблю буслоў. Па дарозе на дачу мы праязджаем міма воданапорнай вежы, на якой ужо не першы год яны гняздуюцца. І так цікава назіраць дзень пры дні, як спачатку там бачная адна галава. Дзве… Зноў адна… А пасля тры ці чатыры! Гэта калі ўжо малыя бусляняткі становяцца на свае доўгія ножкі і з цікавасцю аглядаюць навакольны свет.

А некалькі гадоў таму буслы палюбілі збірацца перад адлётам непадалёк ад нашай дачы! І звычайна столькі іх развітальна кружыцца ў паветры! Прыгожае, але і сумнае відовішча ўвосень... Таму не будзем пакуль пра яго ўзгадваць. Мы ж пра прылёт! Пра сустрэчу!

Саракі. Бусел ляціць.

Да гэтага часу памятаю матэрыял майго брата-журналіста ў «раёнцы», у якім ён зазначаў, што на Дабравешчанне (7 красавіка) замест буслоў да нас прыляцелі… завеі! Не атрымаць бы нам такі сцэнар і сёлета…

Але пакуль тое будзе… Выпякаем птушачак, гукаем Вясну і ўсміхаемся сонейку! Усім – цудоўнага дня, здароўя і… Смачна есці – адмысловую выпечку!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

296 0 175

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.