04.01.2018
04.01.2018

Ігар Сігневіч: «Нават падчас камандзіроўкі бяру ў машыну гіры»

logo
Здаровы лад жыцця
0 120
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пры сваёй вазе 63-64 кілаграмы за трэніроўку з гірамі ён падымае каля 12-13 тон. Мае ўласную справу, якую сумяшчае з заняткамі спортам на ўзроўні майстра спорту Беларусі міжнароднага класу, з’яўляецца членам зборнай краіны па гіравым спорце.

Сёння сакрэты дасягнення поспеху нам адкрывае 4-х разовы чэмпіён свету Ігар СІГНЕВІЧ. Мы схадзілі на трэніроўку да спартсмена і запыталіся пра штодзённы рацыён, стаўленне да “качкоў” і ахвяры, якія давялося зрабіць дзеля высокіх вынікаў.

Гіравы спорт. Трэніроўка

Толькі што ты завяршыў пачатковы этап трэніроўкі. Раскажы, якія практыкаванні звычайна выконваеш, каб разагрэцца?

— Базавая трэніроўка ўсіх атлетаў пачынаецца з размінкі. Размінаўся, каб пульс стаў крыху часцейшым, арганізм прыйшоў у працу: ад стану спакою перайшоў ва ўзбуджаны стан. Далей я змагу перайсці непасрэдна да трэніровачнага працэсу. Па-іншаму кажучы, пакуль толькі крыху разагнаў кроў.

Усё пачынаецца з лёгкай прабежкі – ад 5 да 10 хвілін. Калі сярэдні пульс у стане спакою - 55-65 удараў за хвіліну, то прабежка дазваляе яго павялічыць да 90-100 удараў. Потым раблю размінку з гімнастычнай палкай, каб прывесці ў працоўны стан суставы. Некалькі прысяданняў з гімнастычнай палкай дазваляюць размяць каленныя суставы, верхні плечавы пояс.

Таксама зрабіў разміначныя практыкаванні з гірай.

Пачаў з адной, якая мае невялікую вагу 16 кілаграм, разагрэўся, а пасля, калі адчуў нагрузку, узяў большую вагу – дзве гіры па 24 кілаграмы – усяго 48 кілаграм. За 5 хвілін адпрацаваў 60 пад’ёмаў. Задача трэніровак – напрацоўваць аб’ём, каб трэніраваць сілавую вынослівасць, узняць агульны функцыянальны стан арганізма. Але на гэтым трэніроўка не заканчваецца. Пры сваёй вазе 63-64 кілаграмы за трэніровачны цыкл сёння падыму яшчэ каля 12-13 тон.

Гіравы спорт. Трэніроўка

Часта трэніруешся?

— Чатыры разы на тыдзень. З іх 2-3 разы ў трэнажорнай зале ў Pride Fitness House “Мандарын” – тут ёсць як спартыўныя гіры, штанга, так і комплекс трэнажораў, якія дапамагаюць павялічыць сілавую і функцыянальную падрыхтоўку арганізма. Абавязкова бегаю крос – 7-8 км двойчы на тыдзень. Калі выпадае снег – еду катацца на лыжах. За трэніроўку пераадольваю 10-12 км. У летні сезон абавязкова езджу на веласіпедзе.

Ой, так многа!

— Калі паўгода займацца, то так, гэта цяжка. Але калі ты празаймаўся палову жыцця – то гэта абсалютна нармальна. Мне зараз 37, з іх 20 гадоў трэніруюся.

Гэта ўжо проста як паветра?

— Бывалі перапынкі, калі не было фізічнай магчымасці трэніравацца. Але зараз нават падчас камандзіроўкі бяру з сабой у машыну гіры. І калі па дарозе бачу месца, якое мне падабаецца, то спыняюся, раблю комплекс практыкаванняў цягам 1,5-2 гадзін і еду далей. З гірамі працаваць з аднаго боку зручна: няма абавязковай прывязкі да трэнажоркі, але тут, у зале, дзе ты не адзін, грае музыка, трэніравацца псіхалагічна лягчэй.

Гіравы спорт. Трэніроўка

Многіх цікавіць пытанне рацыёну спартсменаў. Якія прадукты, стравы можна пабачыць на тваім стале і ў цэлым, якога парадку харчавання прытрымліваешся?

— Харчуюся правільна. Абавязкова снедаю, абедаю, палудную, вячэраю. Рацыён прыкладна такі. На сняданак – аўсяная каша і какава. У какаве высокае ўтрыманне бялку. Гэта дазваляе арганізму паўнавартасна функцыянаваць цягам насычанага працоўнага дня. На абед – суп, рыба, твораг, салаты з гародніны, морапрадуктаў. Палудную як правіла таксама творагам – ён насычае арганізм кальцыем. На вячэру – сокі, садавіна, цяляціна. Таксама абавязкова прымаю мультывітаміны, каб усе мікра- і макраэлементы паступалі ў арганізм. Вельмі важныя вітамін C, група вітамінаў В, пажадана, каб вітаміны ўтрымлівалі кіслату амега-3, або рыбін тлушч. Ён таксама дапамагае функцыянаванню галаўнога мозга, сэрца і паляпшае зрок. Ужываю таксама спартыўнае харчаванне, напрыклад, Крэатын Піруват: ён дае магутнасць, сілу і не дазваляе мышцам налівацца. Крэатын Монагідрат не ўжываю, ён дае аб’ём, а мне гэта не патрэбна, бо “ганяю вагу”.

Што гэта значыць?

— Як правіла напярэдадні спаборніцтваў скідваю ад 6 да 8 кілаграмаў, каб трапіць у сваю вагавую катэгорыю. Напрыклад, зараз я важу 69 кілаграм, а летам, падчас спаборніцтваў у Італіі, павінен важыць 62 кг. 950 г.

Як худзееш?

— Крыху абмяжоўваю рацыён харчавання. Не пазбаўляюся ад ежы, але за 10 дзён да старту, калі ўжо скідваю вагу, прыбіраю некаторую частку ад кожнага прыёму ежы. Калі мой звычайны полудзень лічыць за 100 %, то ем 70 % ад порцыі. Вячэру магу скараціць да 20 %. Усё роўна працягваю есці, проста менш. Без ежы нельга, бо ў канчатковым выпадку гэта можа прывесці да псіхалагічнага збою, саб’е працу сэрца. Калі не паступаюць неабходныя мікра- і макраэлементы, арганізм вельмі пакутуе.

Часта наведваеш дактароў?

— Кожныя паўгода праходжу планавы ўрачэбны кантроль. Наведваю Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спартыўнай медыцыны. Падчас такіх аглядаў правяраецца агульны стан арганізма, таксама наведваю профільных дактароў – кардыёлага, эндакрынолага і іншых.

Існуе стэрэатып: раз чалавек працуе са штангай, гірамі, ён абавязкова павінен мець аб’ёмныя мышцы… Але мяркуючы па знешнасці, цябе не назавеш “качком”, складана нават уявіць, што настолькі худзенькі чалавек можа падымаць такую вагу.

— Гіравы спорт не прадугледжвае вялікіх прапрацаваных мышцаў, гэта перадусім сілавая, магутная функцыянальная падрыхтоўка арганізма, развітая сардэчна-сасудзістая сістэма. Візуальна шчуплы чалавек, які працуе з гірамі і паказвае высокія вынікі, – зусім не нонсэнс. Наадварот гэта ўказвае на тое, што ў яго моцна развітая сардэчна-сасудзістая сістэма, вялікі аб’ём лёгкіх, які ён натрэніраваў кросамі, прабежкамі на лыжах.

Як ставішся да людзей, якія наадварот імкнуцца павялічыць аб’ём мышцаў?

— Выдатна. Гэта таксама праца, цяжкая праца. Але кожнаму сваё. Проста яны імкнуцца вылучыцца целам, прыгажосцю, фактурай мышцаў. Мая ж мэта – вынік, які выражаецца спартыўным званнем і занятым месцам. Важна, колькі ты падняў, колькі ў катэгорыі было супернікаў, якая была твая вага на момант спаборніцтваў і які ты нарматыў выканаў.

Якой перамогай найбольш ганарышся?

— Натуральна, 1-мі месцамі на чэмпіянатах свету. У 2015 годзе я атрымаў перамогу на чэмпіянаце ў Венгрыі, потым у Славеніі, у 2016-м узняўся на п’едэстал як пераможца ў італьянскім Мілане і вось сёлета ў кастрычніку перамог у Грэцыі, у Лутракі.

Твой родны брат Вадзім Сігневіч таксама вядомы спартсмен-гіравік. Ці існуе паміж вамі канкурэнцыя?

— Не. Таму што мы выступаем у розных вагавых катэгорыях. Ён прадстаўляе краіну ў катэгорыі да ці больш 90 кг.; я – у больш дробных: да 60 ці да 65 кг. Прызнаю, што па сваіх спартыўных выніках ён лепшы за мяне. У свой час Вадзім нават паўтараў рэкорд свету 2003 года, які і да сёння ў Беларусі ніхто не паўтарыў. Уявіце: 91 пад’ём 2х гіраў па 32 кг цягам 10 хвілін. За гэта яму прысвоеная найвышэйшая дзяржаўная спартыўная ўзнагарода – Заслужаны майстар спорту. У нашай краіне толькі два спартсмены сярод гіравікоў маюць такія званні. Гэта мой брат Вадзім і Аляксандр Воўк.

Чым давялося ахвяраваць дзеля таго, каб стаць чэмпіёнам?

— Менш у клубы хадзіў (смяецца). Калі ідзе падрыхтоўка, ты максімальна сканцэнтраваны, сабраны на трэніровачным працэсе. Вельмі важны момант – аднаўленне. Пасля паходу ў клуб, ужывання алкаголю, курэння ты не аднаўляешся фізічна. Таму падчас падрыхтоўчага працэсу, які доўжыцца 3-4 месяцы, я зусім не ўжываю алкаголь. Але ў міжсезонне магу выпіць трохі піва ці чырвонага віна.

Не сумна так жыць?

— Сумнавата, але самае галоўнае тое, чаго ты хочаш ад жыцця. Я хацеў стаць майстрам спорту Беларусі міжнароднага класу і дасягнуў гэтага.

Ведаю, што ты жанаты. А як уплываюць трэніроўкі на стасункі з жонкай у ложку?Можна? Ёсць нейкія сакрэцікі?

— Так, можна. Сакрэтаў няма, у мяне проста больш развітая вынослівасць. Калі чалавек працуе над павышэннем функцыянальнай падрыхтоўкі арганізма, усе працэсы ў яго лепш развітыя, чым у нетрэніраванага чалавека.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 120

Літаратурны крытык