28.12.2019
28.12.2019

Ін'екцыя з фібрабластамі – супраць рубцоў і маршчынаў

logo
Прыгажосць і догляд
0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Посттраўматычныя і апёкавыя рубцы, узроставую атрафію скуры ў свеце ўжо больш за 10 гадоў лечаць бяспечным і эфектыўным метадам: уласнымі клеткамі пацыента – фібрабластамі. Пасля іх трансплантацыі ў тканках запускаюцца рэгенератыўныя працэсы і адбываецца натуральнае аднаўленне і амаладжэнне скуры.

Каб гэты метад зрабіўся даступным для беларусаў, неабходная наяўнасць двух складнікаў: біямедыцынскага клеткавага прадукту (культуры фібрабластаў дэрмы чалавека) і інструкцыі па ўжыванні метаду. Біямедыцынскі клеткавы прадукт (БМКП) у нашай краіне ўжо ёсць. Некалькі гадоў таму яго распрацаваў і зарэгістраваў Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі.

Нядаўна ў нас завяршылася навуковае даследаванне па выкарыстанні аўталагічных фібрабластаў, у выніку якога павінен з'явіцца і другі складнік – інструкцыя па ўжыванні. Пра падрабязнасці даследавання журналісту «Слушна» распавёў Вячаслаў Басалай, пластычны хірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы.

Рубцы практычна зліваюцца са скурай

Рубцы практычна зліваюцца са скурай

 
Вячаслаў Басалай
Пластычны хірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы
Даследаванне праводзілася ў рамках дзяржпраграмы «Інавацыйныя біятэхналогіі-2020». Асноўная мэта нашай працы была ў стварэнні тканкавага эквіваленту скуры на аснове кератынацытаў і фібрабластаў для апёкавых пацыентаў. Метад паказаў сваю эфектыўнасць, і мы плануем яго хуткае прымяненне ў апёкавых аддзяленнях нашых клінік. Фібрабласты – гэта асноўныя клеткі дэрмы (глыбокага слою скуры) чалавека, якія фарміруюць пазаклеткавы матрыкс, рэгулююць абменныя працэсы ў скуры, стымулююць абнаўленне клетак, удзельнічаюць у гаенні пашкоджанняў. Таму ў рамках даследавання мы таксама вывучалі іх уплыў на атрафічныя рубцы (следства апёкаў) і атрафічную дэгенерацыю скуры ў цэлым, уключаючы яе ўзроставыя змены. Плануецца, што будучая інструкцыя будзе ўключаць метад лячэння атрафічных рубцоў і ўзроставай атрафіі скуры.

У адпаведнасці з задачамі ў даследаванні ўзялі ўдзел дзве групы пацыентаў з дадзенымі паталогіямі – усяго 10 чалавек.

 
Вячаслаў Басалай
Пластычны хірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы
Пасля ўвядзення фібрабластаў у зону паражэння ў пацыентаў з рубцамі мы назіралі відавочнае паляпшэнне тэкстуры рубца, змяненне яго глыбіні, выраўноўванне са скурай. У рамках гэтай работы мы не ставілі задачу даследаваць змену пігментацыі ў рубцах. Аднак дадзеныя заходніх крыніц кажуць пра тое, што яна таксама змяняцца ў станоўчы бок, што пацвярджалася суб'ектыўнай ацэнкай пацыентаў.

Праблема пасляапёкавых рубцоў заключаецца ў тым, што яны схільныя да парываў, утварэнняў язваў, фарміравання кантрактур. Лячэнне фібрабластамі дазваляе звесці гэтыя наступствы да мінімуму.

Гэта не філер і не ботакс

Фібрабласты. Ін'екцыя з фібрабластамі – супраць рубцоў і маршчынаў

Добрыя вынікі паказалі аўталагічныя фібрабласты і ў барацьбе з атрафічнымі зменамі скуры.

 
Вячаслаў Басалай
Пластычны хірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы
З узростам колькасць і сінтэтычная актыўнасць уласных фібрабластаў у нашых тканках памяншаецца, гэта і прыводзіць да з'яўлення маршчынаў, правісанню і друзласці скуры. Увядзенне жывых клетак дазваляе ўплываць на гэты працэс. Імплантаваныя ў зоны найбольшага старэння фібрабласты пачынаюць прадуктаваць біялагічна актыўныя рэчывы, характэрныя для маладой скуры, што ўплывае на яе тургор (тонус). У даследаванні мы ўводзілі фібрабласты пацыентам у перыарбітальную вобласць (вакол вачэй), насагубныя зморшчыны і так званыя «марыянеткі» – маршчыны паміж вуснамі і падбародкам. У выніку мы назіраем змяншэнне даўжыні і глыбіні маршчынаў. За тры месяцы – паляпшэнне на 25%. Назіранні будуць працягвацца да года. Найбольшы эфект быў адзначаны ў насагубнай зморшчыне, меншы – у перыарбітальнай зоне, што хутчэй за ўсё звязанае з яе функцыянальнай актыўнасцю. Лячэбны эфект залежыць ад колькасці ўвядзення і канцэнтрацыі клетак. Чым больш – тым вышэйшы эфект. У нашым даследаванні мы ўжывалі двухразовае ўвядзенне фібрабластаў у колькасці 10 млн. Ускладненняў у метаду не зарэгістравана.

Гэта не філеры, не ботакс і не іншыя касметалагічныя прадукты, а прынцыпова іншы – персаніфікаваны – прадукт: уласныя клеткі чалавека з большай функцыянальнай актыўнасцю, якія не карэктуюць, а лечаць узроставыя змены скуры, падкрэслівае эксперт.

Як праходзіць лячэнне

 

З завушнай вобласці пацыента ажыццяўляюць забор невялікага біяптату скуры адмысловым дэрмапанчам для біяпсіі дыяметрам тры міліметры. Атрыманы матэрыял змяшчаецца ў спецраствор і транспартуецца ў спецыялізаваную лабараторыю для культывацыі патрэбнай колькасці фібрабластаў. На гэта сыходзіць 3-4 тыдні. Затым выгадаваныя клеткі ўводзяцца пацыенту ў праблемную зону вельмі тонкай іголкай пад мясцовай анестэзіяй.

 
Вячаслаў Басалай
Пластычны хірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы
Прычым мы ўводзілі клеткі пасля трэцяга пасажу, хаця ў стандартных падыходах прадугледжаныя 5 пасажаў. Гэта перавага, бо чым больш пасажаў, тым вышэйшая ў клетак верагоднасць атрымаць мутацыю на этапе дзялення. Працягласць клінічнага эфекту нам яшчэ трэба будзе ацаніць, бо нашы пацыенты не прайшлі ўсе кантрольныя кропкі. Даследаванні расійскіх калегаў кажуць пра тое, што ўведзеныя фібрабласты захоўваюць жыццяздольнасць да года, а эфект ад іх прымянення доўжыцца да двух гадоў. Заходнія даследчыкі адзначаюць выразную функцыянальную актыўнасць уведзеных клетак на працягу 5 месяцаў і больш доўгачасовы наступны эфект.

Супрацьпаказаннямі да дадзенай рэгенератыўнай тэрапіі з'яўляюцца мясцовыя запаленчыя працэсы, цяжарнасць (бо пакуль няма даследаванняў пра ўплыў трансплантаваных фібрабластаў на развіццё плоду) і інфекцыйныя захворванні (гепатыт B, С, ВІЧ), бо такія ўзоры не могуць быць выкарыстаныя ў лабараторыі для выключэння заражэння іншых клеткавых культур.

 
Вячаслаў Басалай
Пластычны хірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы
У нашай працы супрацьпаказаннем таксама быў узрост, старэйшы за 60 гадоў, бо эфектыўнасць у дадзенай узроставай групе патрабуе дадатковых даследаванняў. Самаму старэйшаму нашаму пацыенту было 55 гадоў.

Цана пытання

пазбаўляемся ад рубцоў, апёкаў, маршчынаў

Вытворчасць БМКП – дарагі працэс, у цэлым кошт лячэння залежыць ад колькасці клетак, увядзення і плошчы паражэння. Згодна з прэйскурантам Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі, кошт БМКП (культуры фібрабластаў дэрмы чалавека (10 млн клетак) – каля 1,7 тысячы рублёў. Такім чынам, курс (двухразовае ўвядзенне) будзе каштаваць каля 3,5 тысячы рублёў. Гэта значна меней за кошт расійскага і еўрапейскага аналагічных прадуктаў.

Зацвярджэнне інструкцыі і ўкараненне ў практыку гэтага рэгенератыўнага метаду дасць надзею на іншую якасць жыцця апёкавым пацыентам, паслужыць развіццю актуальнай медыцыны антыстарэння.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 49

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).