19.06.2023
19.06.2023

Інфекцыйны эндакардыт. Як здароўе сэрца звязанае з зубамі

logo
Хваробы ад А да Я
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Інфекцыйны (бактэрыяльны) эндакардыт – цяжкае інфекцыйнае запаленчае захворванне ўнутранай абалонкі сэрца (эндакарда), пры развіцці якога пераважна пашкоджваецца клапанны апарат.

Існуюць два асноўныя фактары, якія значна павялічваюць рызыку інфекцыйнага эндакардыту: гэта патагены (бактэрыі ці грыбы), якія цыркулююць у крыві, і наяўнасць некаторых захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Інфекцыйны эндакардыт рэгіструецца ва ўсіх краінах свету без выключэння. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо далёка не апошнюю ролю ў развіцці цяжкай сардэчнай паталогіі адыгрываюць... хворыя зубы. У той жа час лячэнне інфекцыйнага эндакардыту ў некаторых выпадках можа запатрабаваць значных намаганняў, ажно да кардыяхірургічнага ўмяшання.

Якая сувязь паміж здароўем сэрца і карыесам, а таксама што трэба памятаць і рабіць, каб зберагчы сябе ад інфекцыйнага эндакардыту, журналісту Слушна распавяла к.м.н., дацэнт, прафесар кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб БДМУАлена Грыгарэнка.

Здароўе сэрца і карыес

Інфекцыйны эндакардыт. Мікраарганізмы ў арганізме чалавека.

Вялікая праблема ад маленькай бактэрыі

У рамках праекта «Мікрабіём чалавека», вынікі якога аказалі і працягваюць аказваць каласальны ўплыў на развіццё медыцыны, вучоныя выявілі, што ў целе здаровага чалавека жывуць тысячы розных відаў мікраарганізмаў. Яны знаходзяцца на скуры, у ротавай поласці і верхніх дыхальных шляхах, у кішэчніку і мочавыдзяляльнай сістэме.

 
Алена Грыгарэнка
к.м.н., дацэнт, прафесар кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб БДМУ
Большасць з гэтых мікробаў з'яўляюцца абсалютна бясшкоднымі. Але пры бактэрыяміі (трапленні мікробаў у кроваток) здольныя выклікаць цяжкае захворванне ў выпадку развіцця паталагічнага працэсу на анамальных, пашкоджаных альбо пратэзаваных сардэчных клапанах ці на іншых пашкоджаных тканках сэрца. Унутры сэрца знаходзяцца чатыры клапаны, якія адчыняюцца і зачыняюцца ў пэўнай паслядоўнасці (яны працуюць як «дзверы») – для таго, каб накіроўваць ток крыві ў патрэбны бок. Пашкоджанне клапаннага апарата сэрца прыводзіць да развіцця цяжкай сардэчнай недастатковасці.

Невялікая колькасць мікробаў трапляе ў кроваток падчас звычайных паўсядзённых мерапрыемстваў, такіх, як чыстка зубоў, выкарыстанне драўляных зубачыстак, зубной ніткі альбо нават жаванне гумкі.

Асабліва гэта характэрнае для людзей з несаніраванай поласцю рота (г.зн. у людзей з недалечанымі хваробамі зубоў і дзяснаў).

Пранікненне патагенаў у сістэмны кроваток можа адбыцца таксама падчас правядзення хірургічных і стаматалагічных працэдураў. Аднак не ўсе бактэрыі, пранікаючы ў кроў, здольныя выклікаць інфекцыйны эндакардыт.

«Сардэчнікі» найбольш ўразлівыя перад інфекцыйным эндакардытам

эндакардыт

У людзей, якія маюць пэўныя сардэчна-сасудзістыя захворванні, рызыка інфекцыйнага эндакардыту нашмат вышэйшая. Сачыць за здароўем зубоў ім варта з асаблівай дбайнасцю.

Калі стаматалагічнае ўмяшанне ўсё ж такі неабходнае, дык да яго выканання такой катэгорыі пацыентаў павінны быць прызначаныя антыбактэрыяльныя лекавыя сродкі шырокага спектру дзеяння. Антыбіётыкапрафілактыка – вымушаная, але неабходная мера, каб знізіць рызыку развіцця інфекцыйнага эндакардыту.

эндакардытЗахворванні, пры якіх маецца найбольшая рызыка развіцця сардэчнай паталогіі і неспрыяльных зыходаў, уключаюць у сябе:

  • наяўнасць пратэзаваных клапанаў альбо імплантуемых прыладаў у сэрцы;
  • стан пасля перанесенага інфекцыйнага эндакардыту;
  • некаторыя віды нялечаных прыроджаных парокаў сэрца.
 
Алена Грыгарэнка
к.м.н., дацэнт, прафесар кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб БДМУ
Важна адзначыць, што людзі, якія перанеслі інфекцыйны эндакардыт, маюць больш высокую рызыку яго паўторнага развіцця. Гэта справядліва нават у выпадку адсутнасці ў іх якіх-небудзь іншых спадарожных захворванняў.

Як знізіць рызыку развіцця інфекцыйнага эндакардыту

Хваробы

Усе выпадкі інфекцыйнага эндакардыту прадухіліць немагчыма, кажа эксперт, паколькі дакладна нельга прадбачыць, калі можа адбыцца інфікаванне.

 
Алена Грыгарэнка
к.м.н., дацэнт, прафесар кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб БДМУ
Пацыентам з сардэчна-сасудзістай паталогіяй, якая дазваляе аднесці іх да асобаў высокай рызыкі развіцця інфекцыйнага эндакардыту, Амерыканскай асацыяцыяй кардыёлагаў (AHA) і Еўрапейскім таварыствам кардыёлагаў (ESC) рэкамендуецца правядзенне антыбіётыкапрафілактыкі перад пэўнымі стаматалагічнымі працэдурамі. Да такіх працэдураў адносяцца ўмяшанні, якія ўключаюць дзеянні ў вобласці дзяснаў, перыяпікальнай вобласці зуба ці перфарацыю слізістай рота (у тым ліку працу з коранем і зняцце зубнога каменя). Пры нестаматалагічных умяшаннях антыбіётыкапрафілактыка не паказаная. Тэрапія антыбіётыкамі патрэбная толькі ў выпадку, калі ўмяшанне будзе выконвацца на фоне інфекцыйнага працэсу.

Калі ў вас былі вызначаныя паказанні для антыбіётыкапрафілактыкі інфекцыйнага эндакардыту, пра гэта неабходна паведаміць урачу перад правядзеннем маніпуляцыі, якая парушае цэласнасць скурнага покрыва і слізістых. У такім выпадку ўрач зможа прыняць усе меры засцярогі, неабходныя для абароны вашага здароўя.

Вельмі важна сачыць за чысцінёй і здароўем поласці рота, а рэгулярны догляд дапаможа знізіць верагоднасць бактэрыяміі падчас руціннай паўсядзённай дзейнасці.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».