21.11.2017
21.11.2017

Інсульт у дэталях. Частка 1. Вiды, прыкметы і сімптомы

logo
Хваробы ад А да Я
0 109
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У перакладзе з лацінскай «insultus» (інсульт) – наскок, нападзенне альбо ўдар. Інсульт – цяжкае захворванне. Яно забірае жыццё, прыводзіць да інваліднасці і страты працаздольнасці. І нават пры паспяховым выніку бясследна хвароба не праходзіць.

Пра тое, што такое інсульт і якія віды гэтага захворвання бываюць, Слушна распавяла Таццяна Паўлоўская, навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі.

Тэорыя. Што такое інсульт?

Тэорыя. Што такое інсульт?

Інсульт – гэта вострае парушэнне мазгавога кровазвароту. Яно характарызуецца раптоўным з'яўленнем ачаговай альбо агульнамазгавой неўралагічнай сімптаматыкі. Між тым, агульнамазгавая сімптаматыка з'яўляецца далёка не заўсёды і, як правіла, тыповая для дастаткова шырокіх, часцей гемарагічных інсультаў.

Для ачаговай сімптаматыкі  характэрныя рухальныя, адчувальныя, маўленчыя і іншыя парушэнні. Іх яшчэ называюць сімптомамі альбо клінічнымі праявамі захворвання. Пры інсульце падобная сімптаматыка захоўваецца больш за суткі!

Існуе два тыпы інсульту – ішэмічны і гемарагічны.

– Ішэмічны інсульт узнікае пры рэзкім зніжэнні і спыненні крыватоку ў вызначаным участку галаўнога мозга. Гемарагічны інсульт адбываецца пры кровазліцці ў мозг, пад яго абалонкі альбо ў жалудачкі.

Ішэмічны інсульт

Ён здараецца ў выніку эмбаліі, трамбозу (закаркавання) сасудаў галаўнога мозга альбо рэзкага падзення мазгавога крыватоку пры вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасці, масіўнай страты крыві. Адрозніваюць некалькі падтыпаў ішэмічнага інсульту.

  • Самы часты – атэратромбатычны інфаркт мозга. Ён складае 30-40% выпадкаў ішэмічнага інсульту. Яго прычына – трамбоз, які развіваецца на месцы фарміравання атэрасклератычнай бляшкі ў сасудзе. Вынік – парушэнне альбо спыненне току крыві.
  • Эмбалічны інсульт. Развіваецца ў 20-30% выпадкаў вострага ішэмічнага парушэння мазгавога кровазвароту. Часцей за ўсё ён абумоўлены так званай кардыягеннай эмбаліяй, можа быць вынікам эмбаліі (закаркавання) фрагментамі распалай атэрасклератычнай бляшкі.

— Як правіла, у падобных выпадках у пацыента ёсць мігальная арытмія. У левым перадсэрдзе альбо ў жалудачку сэрца могуць фарміравацца тромбы, якія з токам крыві трапляюць у галаўны мозг.
Эмбалічны інсульт здараецца не толькі з-за мігальнай арытміі. Ён можа адбыцца, калі чалавек перанёс інфаркт міякарда ці ў яго ёсць парок сэрца. З токам крыві тромб, што адарваўся ад аорты і яе буйных галін, трапляе ў галаўны мозг. Вынік – вострае парушэнне мазгавога кровазабеспячэння.

  • Лакунарны інсульт. Яшчэ адзін падтып ішэмічнага інсульту – лакунарны інсульт. Яго «адметная» рыса – ён утвараецца ў выніку закаркавання (аклюзіі) артэрый малога калібра. Часцей за ўсё такая паталогія сустракаецца ў людзей, якія пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі і цукровага дыябету. Менавіта для гэтых захворванняў характэрна развіццё мікраангіапатыі (паражэнне дробных крывяносных сасудаў.

— Ішэмічны інсульт можа быць выкліканы і больш рэдкімі прычынамі. Напрыклад, павышанай згусальнасцю крыві пры гематалагічных захворваннях альбо ў выніку рэзкага падзення так званага перфузійнага ціску з-за неадпаведнасці патрэбаў галаўнога мозга таму кровазабеспячэнню, якое можа даць сардэчна-сасудзістая сістэма ў дадзены момант.
Прывесці да інсульту могуць таксама паражэнні сасудаў, якія не звязаны з атэрасклерозам. Верагодныя прычыны – расслаенне сценак артэрый (дысекцыя), запаленчыя паражэнні сасудзістай сценкі (васкуліты).

Гемарагічны інсульт

Такі інсульт выклікае разрыў сасудзістай сценкі і, адпаведна, кровазліццё ў галаўны мозг.

Прычынай такога развіцця падзей вельмі часта з'яўляецца недыягнаставаная і (альбо) нялечаная артэрыяльная гіпертэнзія з высокімі ўзроўнямі артэрыяльнага ціску.

У маладым узросце да гэтага віду інсульту могуць прывесці прыроджаныя анамаліі сасудаў, такія як анеўрызмы (расшырэнне крывяноснага сасуда ці поласці сэрца з-за змен альбо пашкоджанняў іх сценак) альбо артэрыавенозныя мальфармацыі (парушэнні развіцця крывяноснай сістэмы).

Прыкметы інсульту. Відавочныя і схаваныя

Прыкметы інсульту. Відавочныя і схаваныя

Інсульт узнікае раптоўна. Разам з тым, часта ў пацыентаў бываюць так званыя прадвеснікі.

— Прыкладна ў палове выпадкаў інсульту папярэднічаюць транзістарныя ішэмічныя атакі. Па-просту іх называюць мікраінсульт.

Пры транзістарнай ішэмічнай атацы сімптомы інсульту, якія востра развіліся, захоўваюцца не больш за 24 гадзіны ад пачатку захворвання. Гэта:

  • слабасць, нязграбнасць у руцэ ці назе;
  • з'яўленне здранцвення ў розных участках твару, канечнасцей;
  • парушэнне маўлення, зроку;
  • галавакружэнне, парушэнне раўнавагі.

Калі падобныя сімптомы прайшлі на працягу сутак – гэта транзістарная ішэмічная атака. Разам з тым, яна часта з'яўляецца прадвеснікам інсульту! Пакідаць падобны стан па-за ўвагай нельга! Калі своечасова зрэагаваць, звярнуцца па медыцынскую дапамогу і правесці ўсе неабходныя дыягнастычныя і лячэбныя мерапрыемствы, інсульту ў такіх выпадках можна пазбегнуць!

Транзістарная ішэмічная атака – грозны сігнал аб няшчасці ў сістэме мазгавога кровазвароту. ЧЧаста падобны стан можа правакавацца гіпертанічнымі крызамі.

— Нягледзячы на спецыфічную «карціну» інсульту, ступень выяўленасці першых сімптомаў можа быць розная, часам даволі сцёртая. Таму дыягностыка інсульту ў шэрагу выпадкаў на падставе толькі клінічных праяў захворвання бывае цяжкая.
Шырокія інсульты ўзнікаюць пры сасудзістых катастрофах у магістральных (буйных) мазгавых артэрыях. Для такіх паражэнняў характэрны высокі ўзровень смяротнасці і пажыццёвай інваліднасці.

Сігналы «небяспекі», якія сведчаць аб неабходнасці экстранага звароту па медыцынскую дапамогу:

  • Моцны галаўны боль, які востра ўзнік, асабліва калі яго суправаджае млосць і ваніты. Часта пацыенты кажуць, што «боль невыносны», не здымаецца прыёмам абязбольвальных прэпаратаў. Падобны стан можа развіцца на фоне, здавалася б, абсалютнага здароўя;
  • Слабасць у руцэ і (альбо) назе. У большасці выпадкаў слабасць развіваецца з аднаго боку (справа ці злева). Характэрна таксама здранцвенне, парушэнне адчувальнасці ў вобласці твару, рукі ці нагі, таксама часцей з аднаго боку;
  • Цяжкасць пры вымаўленні слоў ці цяжкасць разумення гаворкі;
  • Можа назірацца асіметрыя твару;
  • Насцярожыцца варта і ў выпадку раптоўнага з'яўлення галавакружэння, парушэння раўнавагі і каардынацыі рухаў, якія абцяжарваюць перамяшчэнне;
  • Магчыма выпадзенне поля зроку, рэзкае зніжэнне зроку на адно вока;
  • Развіццё сутаргаў, асабліва калі чалавек не пакутаваў ад эпілепсіі альбо сутаргавага сіндрому;
  • Пры паражэнні зоны дыхальнага цэнтра могуць развівацца парушэнні дыхання.

У залежнасці ад зоны паражэння галаўнога мозга, можа прысутнічаць адзін з вышэйпералічаных сімптомаў альбо іх спалучэнне.

— Усе гэтыя прыкметы, безумоўна, могуць сустракацца і пры іншай неўралагічнай паталогіі, не толькі пры інсульце. Разам з тым, вострае развіццё пералічаных сімптомаў патрабуе неадкладнага выключэння інсульту. Нават калі яны цалкам самастойна прайшлі, не варта адкладаць візіт да ўрача. Так можна прадухіліць сур'ёзную мазгавую катастрофу альбо паменшыць яе наступствы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 109

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама