28.11.2017
28.11.2017

Інсульт у дэталях. Частка 2. Прычыны і наступствы

logo
Хваробы ад А да Я
0 69
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Пальма першынства» сярод прычын, якія могуць справакаваць інсульт, належыць артэрыяльнай гіпертэнзіі. Зрэшты, прывесці да інсульту могуць не толькі высокія ўзроўні артэрыяльнага ціску. Шматлікія даследаванні паказалі, што ва ўзросце ад 30 да 69 гадоў да гэтага захворвання больш схільныя мужчыны, чым жанчыны. Часта інсульт развіваецца ноччу альбо раніцай.

Пра прычыны і наступствы інсульту «Слушна» пагутарылі з yавуковым супрацоўнікам неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі Таццянай Паўлоўскай.

Прычыны інсульту

Наяўнасць артэрыяльнай гіпертэнзіі як фактару, які спрыяе развіццю інсульту, асабліва актуальна для пацыентаў, якія не прымаюць антыгіпертэнзіўныя лекавыя сродкі (прэпараты, што нармалізуюць ціск). У людзей, якія кантралююць свой артэрыяльны ціск, верагоднасць развіцця інсульту значна ніжэйшая, чым у тых, хто абірае «не заўважаць» высокіх лічбаў на танометры.

Таццяна Паўлоўская:

Проста прымаць прэпараты, якія рэгулююць узровень артэрыяльнага ціску, недастаткова. Важна дасягнуць так званых мэтавых значэнняў. Лічбы на танометры не павінны перавышаць 140/90 мм ртутнага слупа. У ідэале варта «трымаць» узровень артэрыяльнага ціску ў межах 120/80 мм ртутнага слупа.

Пры вымярэнні артэрыяльнага ціску неабходна памятаць, што ён схільны да сутачных ваганняў. Самыя высокія значэнні можна ўбачыць на танометры з 5 да 11 гадзін раніцы і з 18 да 20 – вечара.

Акрамя артэрыяльнай гіпертэнзіі існуе шэраг захворванняў, якія таксама могуць прыводзіць да інсульту:

  • атэрасклероз сасудаў галаўнога мозгу і магістральных артэрый галавы;
  • мігальная арытмія;
  • цукровы дыябет;
  • парушэнні згусальнасці сістэмы крыві;
  • дысекцыя (расслаенне) прэцэрэбральных артэрый;
  • паталогія сардэчных клапанаў і прыроджаныя заганы сэрца.

Атэрасклероз – паталагічнае змяненне артэрый, якое ўзнікае з-за парушэння ліпіднага (тлушчавага) абмену. Яно суправаджаецца адкладваннем халестэрыну, шэрагу фракцый ліпапратэідаў у прасвеце сасудаў. Адкладанні фармiруюцца ў выглядзе бляшак. Наступнае разрастанне ў іх злучальнай тканкі і кальцыноз (адкладанне соляў кальцыя ў любых мяккіх тканках альбо органах) сценкі сасуда прыводзяць да яго дэфармацыі і звужэння прасвету аж да закаркавання (абтурацыі). Артэрыяльная сценка становіцца шчыльнай і губляе эластычнасць.

Каму трэба быць напагатове?

Спецыфіка інсульту такая, што ён можа здарыцца і ў маладых людзей, і ў асоб пажылога ўзросту. Разам з тым, верагоднасць гэтага захворвання з узростам павялічваецца. Асабліва часта інсульты адбываюцца ў пацыентаў старэйшых за 65 гадоў. Напрыклад, да гемарагічнага інсульту (кровазліццё ў мозг, пад яго абалонкі альбо ў жалудачкі) больш схільныя людзі ва ўзросце ад 50 да 70 гадоў. Разам з тым, насцярожвае той факт, што і ў працаздольным узросце ў пераважнай большасці выпадкаў смерці ад інсульту прычынай лятальнага канца з'яўляецца ўнутрымазгавое кровазліццё. І ўсё з-за – некантралюемай артэрыяльнай гіпертэнзіі.

Таццяна Паўлоўская:

У маладым узросце часта прычыну інсульту ўстанавіць немагчыма. Аднак існуе шэраг вядомых фактараў, якія могуць справакаваць хваробу. Сярод іх – спадчынныя захворванні, антыфасфаліпідны сіндром (прыводзіць да трамбозаў артэрый), паталагічныя змены сардэчных клапанаў і заганы сэрца. Прыём аральных кантрацэптываў, асабліва ва ўзросце за 35 гадоў, наяўнасць анеўрызмы (выпінанне сценкі артэрыі з-за яе вытанчэння альбо расцяжэння) сасудаў галаўнога мозгу – таксама могуць прывесці да вострага парушэння мазгавога кровазабеспячэння.

Мужчыны больш схільныя да інсульту. Гэтая заканамернасць захоўваецца прыкладна да 60 гадоў, пасля чаго суадносіны выраўноўваюцца.

Таццяна Паўлоўская:

Ёсць здагадка, што эстрагены (жаночыя палавыя гармоны) да пэўнага ўзросту абараняюць ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Магчыма, таму ў жанчын да дасягнення сталага ўзросту інсульты здараюцца радзей.

Існуюць дадзеныя, што ішэмічны інсульт (узнікае пры рэзкім зніжэнні і спыненні крывацёку ў вызначаным участку галаўнога мозгу) часцей адбываецца ноччу ці пад раніцу. Гэта звязана з сутачнымі ваганнямі артэрыяльнага ціску.

Таццяна Паўлоўская:

Па раніцах артэрыяльны ціск досыць рэзка павышаецца, што можа стаць прычынай інсульту. Акрамя таго, у начны час магчыма залішняе зніжэнне артэрыяльнага ціску, якое суправаджаецца падзеннем мазгавога крывацёку, асабліва ў месцах, якія кровазабяспечваюцца стэназаванымі сасудамі. Пры гемарагічным інсульце такой сутачнай заканамернасці няма. Разам з тым, ёсць дадзеныя, паводле якіх гемарагічны інсульт часцей узнікае пасля актыўнай фізічнай дзейнасці альбо цяжкага працоўнага дня, а таксама моцнага эмацыйнага перанапружання.

Наступствы

Пасля інсульту можа адбыцца поўнае аднаўленне парушаных функцый. Часам арганізм аднаўляецца часткова і захоўваецца які-небудзь неўралагічны дэфіцыт. У цяжкіх выпадках заканчваецца смерцю пацыента.

Пасля інсульту могуць назірацца наступныя парушэнні

Пасля інсульту могуць назірацца наступныя парушэнні:

  • рухальныя, аж да паралічу (поўнай нерухомасці) канечнасцей;
  • адчувальныя;
  • змены маўлення, расстройствы глытання, падліку, пісьма і чытання;
  • парушэнні каардынацыі (выяўляюцца ў выглядзе хістання пры хадзе, галавакружэнняў, падзенняў пры рэзкіх паваротах);
  • кагнітыўныя змены, церпіць разумовая дзейнасць (магчымыя парушэнні памяці, мыслення);
  • расстройствы (змяняецца характар – чалавек можа стаць агрэсіўным, дэзарганізаваным, магчымыя частыя ваганні настрою без прычыны, неахайнасць альбо постынсультная дэпрэсія).
  • сутаргавы сіндром (пасля перанесенага інсульту могуць назірацца эпілептычныя прыступы).

Аб'ём і лакалізацыя паражэння рэчыва галаўнога мозгу вызначаюць выяўленасць і колькасць сімптомаў захворвання.

Калі раптам ...

Вызначыць, што ў чалавека можа быць інсульт і яму тэрмінова патрэбна медыцынская дапамога, можна пры дапамозе тэсту Face Arm Speech Test («твар-рука-маўленне-тэст»).

Такім чынам, калі вы мяркуеце, што ў чалавека развіваецца інсульт:

  • папрасіце яго ўсміхнуцца. Пры інсульце ўсмешка будзе асіметрычнай і «крывой». Палова твару перастае падпарадкоўвацца чалавеку і адзін з куткоў рота будзе проста апушчаны ўніз;
  • спытайце што-небудзь у чалавека. Незвязаная і размазаная гаворка, падобная на гаворку п'янага чалавека – прыкмета інсульту;
  • прапануйце чалавеку падняць дзве рукі. Пры рухальных парушэннях, слабасці ў канечнасці рука з аднаго боку не паднімаецца да ўзроўню другой. Калі падобныя парушэнні дастаткова лёгкія, чалавек падыме дзве рукі, але ўтрымаць у адным становішчы сіметрычна не зможа. Адна канечнасць будзе апускацца.

Нават пры наяўнасці толькі адной прыкметы абавязкова выклікайце хуткую медыцынскую дапамогу!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 69

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».