29.01.2018
29.01.2018

Інсульт у дэталях. Частка 4. Самападман або чатыры небяспечныя памылкі

logo
Хваробы ад А да Я
144 01625
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Слухаючы аповеды пра тое, як той ці іншы чалавек захварэў, нам здаецца, што ўжо з намі такога дакладна не здарыцца. Пройдзе міма. Падобны зман паспяхова «працуе» ў дачыненні да практычна ўсіх хвароб. Не выключэнне і інсульт. На жаль, самападман часам становіцца фатальным.

Здаровыя людзі даведаліся пра самыя частыя памылковыя думкі, якія звязаны з інсультам. Абвергнуць іх парталу дапамагла наш эксперт – навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі Таццяна Паўлоўская.

да зместу

Памылка № 1. Інсульт – доля старых

Вельмі часта можна пачуць, што інсульт можа здарыцца толькі ва ўзросце «далёка за...». Ну, ці пасля 50. Маўляў, узрост, хваробы, арганізм старэе і не можа паўнавартасна працаваць. Вось тады інсульт і дагоніць. Такі пункт гледжання памылковы. Вострае парушэнне мазгавога кровазвароту можа здарыцца практычна ў любым узросце.

 
Таццяна Паўлоўская
Навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі
Так, верагоднасць развіцця інсульту павялічваецца з узростам, асабліва пасля 60 гадоў. Але здарыцца ён можа ў маладых людзей і нават дзяцей! Напрыклад, у мужчын рызыка такой сасудзістай катастрофы пачынае павялічвацца ўжо з 30 гадоў. Асабліва «спрыяюць» гэтаму курэнне, злоўжыванне алкаголем і некантралюемая артэрыяльная гіпертэнзія. Таксама ў групе рызыкі жанчыны, якія прымаюць гарманальныя супрацьзачаткавыя прэпараты, асабліва, калі яны паляць ці ў іх павышаюцца лічбы артэрыяльнага ціску.
да зместу

Памылка № 2. У інсульце вінаватая спадчыннасць

У пэўным сэнсе такое сцвярджэнне дакладнае. Спадчыннасць адыгрывае не апошнюю ролю ў развіцці многіх захворванняў. Напрыклад, артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровага дыябету і інш., а гэтыя захворванні, у сваю чаргу, могуць справакаваць развіццё інсульту.

 
Таццяна Паўлоўская
Навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі
Інсульт яшчэ называюць хваробай ладу жыцця і шкодных звычак, якія з'яўляюцца фактарамі рызыкі развіцця гэтага захворвання. У спадчыну пераходзіць толькі схільнасць да пэўных захворванняў і станаў, якія выяўляюцца клінічна пры няправільным ладзе жыцця і пасля прыводзяць да развіцця інсульту. Адсюль вынікае, што прытрымліваючыся рэкамендацый па здаровым ладзе жыцця, займаючыся своечасовай дыягностыкай і лячэннем наяўных захворванняў, – рызыку развіцця інсульту можна істотна знізіць.
да зместу

Памылка № 3. Жанчыны менш за мужчын схільныя да інсульту

Існуе меркаванне, што да пэўнага ўзросту жаночыя палавыя гармоны – эстрагены – абараняюць жанчын ад інсульту. У некаторай ступені гэта праўда. Толькі вось з надыходам менапаўзы «шанцы» займець інсульт ураўноўваюцца.

 
Таццяна Паўлоўская
Навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі
Гэта звязана з галоўным фактарам рызыкі развіцця інсульту – артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Сярод мужчын яна сустракаецца часцей, чым сярод жанчын. Уся справа ў тым, што жанчыны знаходзяцца пад «абаронай» жаночых палавых гармонаў – эстрагенаў, якія ў пэўнай меры перашкаджаюць развіццю артэрыяльнай гіпертэнзіі. Але такая абарона недаўгавечная, і з надыходам клімактэрычнага перыяду ахоўнае дзеянне эстрагенаў істотна зніжаецца.
да зместу

Памылка № 4. Медыцына нам дапаможа

Безумоўна, урачы робяць часам немагчымае, каб вярнуць чалавека да жыцця. Сучасныя метады лячэння дазваляюць вылечваць ад сур'ёзных хвароб. Ды і ў галіне лячэння інсульту медыцына прасунулася далёка наперад. Але ўдумайцеся! Сусветная арганізацыя аховы здароўя даўно падлічыла, што здароўе толькі на 10% залежыць ад узроўню медыцыны, на 20% ад уплыву прыродных фактараў, яшчэ на 20% – ад спадчыннасці. Астатнія 50% – гэта нашы звычкі, лад жыцця, зацікаўленасць у тым, каб быць здаровымі.

 
Таццяна Паўлоўская
Навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі
Пры своечасовым звароце па медыцынскую дапамогу можна істотна знізіць верагоднасць узнікнення інваліднасці або смерці чалавека ў выніку інсульту. Зараз з поспехам ужываюцца такія сучасныя метады лячэння інсульту, як трамбалізіс (разбурэнне тромба) і высокатэхналагічныя эндаваскулярныя хірургічныя ўмяшанні. Дадзеныя метады лячэння прымяняюцца з мэтай аднаўлення парушанага кроватоку. Аднак істотным абмежаваннем у іх ужыванні з'яўляецца часавы фактар! Трамбалізіс можа праводзіцца ў часавым інтэрвале да 4,5 гадзіны, а рэнтген-эндаваскулярныя хірургічныя ўмяшанні – да 6 гадзін ад з'яўлення першых сімптомаў захворвання. Таму выключна важнай з'яўляецца максімальна хуткая дастаўка чалавека з падазрэннем на інсульт у прыёмнае аддзяленне стацыянара.

Разам з тым, абапіраючыся выключна на дасягненні медыцыны і магчымасці фармацэўтыкі, цалкам перакладаючы на іх адказнасць за сваё здароўе, застаючыся пры гэтым прыхільнікам шкодных звычак, – зусім не тая дарога, якая прывядзе да даўгалецця і здароўя. Так што калі вы хочаце як мага даўжэй заставацца фізічна актыўным чалавекам, перш за ўсё трэба пакінуць свае «дрэнныя» звычкі і прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. І ў такім выпадку, хутчэй за ўсё, удзел урачоў не спатрэбіцца.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

144 0 1625

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».