14.05.2018
14.05.2018

Крыніца любові, клопату і павагі. 15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сем'яў

logo
Навiны
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сям'я – важны элемент грамадства. Менавіта ў сям'і дзіця атрымлівае першыя навыкі: вучыцца адказнасці і нормам паводзін, любві і павазе, салідарнасці і прыхільнасці. Шмат у чым ад таго, якія адносіны пераважаюць у сям'і, залежыць будучыня маленькага чалавека.

Сям'я была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і пераемнасці пакаленняў. Ва ўсе часы пра развіццё краіны меркавалі па становішчы сям'і ў грамадстве і па адносінах да яе дзяржавы.

Напярэдадні Сусветнага дня сем'яў прадстаўнікі розных міністэрстваў, грамадскіх арганізацый і СМІ сабраліся за круглым сталом «Дзяржаўная палітыка ў галіне сацыяльнай абароны сем'яў і папулярызацыя сямейных каштоўнасцей», каб абмеркаваць тыя праблемы, што сёння актуальныя для беларускага грамадства.

Па словах кансультанта ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святланы Белаш, менавіта сям'я выступае ў якасці асновы захавання і развіцця беларускай нацыі. І ў нашай краіне на дзяржаўным узроўні надаюць увагу пытанням падтрымкі сем'яў. Асноўнымі мэтамі дзяржаўнай сямейнай палітыкі, падкрэсліла эксперт, з'яўляюцца забеспячэнне паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоў жыццядзейнасці сям'і, выкананне ёю рэпрадуктыўнай, эканамічнай і выхаваўчай функцый, а таксама ўмацаванне маральнай асновы сям'і, павышэнне яе прэстыжу ў грамадстве.

Дзяржаўная дапамога накіравана на падтрымку ўсіх тыпаў сем'яў і ўзмацняецца з нараджэннем кожнага наступнага дзіцяці, пачынаючы з моманту яго з'яўлення на свет да дасягнення ім 18-гадовага ўзросту. Гарантыі і льготы прадугледжаны ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, у тым ліку ў адукацыі і ахове здароўя, пры паляпшэнні жыллёвых умоў і аплаце камунальных паслуг.

Разам з тым, спецыяліст выказала занепакоенасць, што застаецца няпростай сітуацыя са станам інстытута сям'і.

 
Святлана Белаш
Кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны
Непадрыхтаванасць моладзі да шлюбу, нізкая адказнасць за ўстойлівасць сямейных адносін і якасць шлюбных сувязей, маладзетнасць і паслабленне сувязей паміж пакаленнямі. Высокі ўзровень разводаў. Напрыклад, у 2017 годзе іх колькасць склала 32 тыс. Прычым практычна 40% шлюбаў, што распадаюцца, – гэта маладыя сем'і, у якіх муж і жонка пражылі менш за 5 гадоў. Штогод амаль 25 тыс. дзяцей застаюцца з адным з бацькоў.

Умацаванне сямейных адносін, папулярызацыя ў грамадзтве духоўна-маральных адносін, асабліва ў маладзёжным асяроддзі, удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі маладых людзей да сямейнага жыцця, паляпшэнне даступнасці кансультацыйных паслуг для сем'яў, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, развіццё сямейнай медыяцыі – такім бачыць вырашэнне праблемы Святлана Белаш.

У сваю чаргу галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова адзначыла, што натуральным асяроддзем для развіцця дзіцяці павінна быць родная сям'я, якая стварае для яго нармальныя ўмовы для пражывання і развіцця.

Алена Сімакова
Галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Менавіта ў сям'і дзіця атрымлівае тую аснову для будучыні, што дапаможа яму стварыць нармальную сям'ю. На жаль, часта менавіта негатыўны вопыт бацькоў, калі гаворка ідзе пра разводы, адмоўна адбіваецца на будучыні дзіцяці.

Безумоўна, установы адукацыі надаюць шмат увагі выхаванню будучага грамадзяніна. На гэта накіраваны праграмы выхавання і развіцця, а таксама навучальныя прадметы. Павялічваецца і колькасць факультатыўных заняткаў, якія накіраваны на падрыхтоўку маладых людзей, пачынаючы ўжо з падлеткавага ўзросту, да ўсвядомленага стварэння паўнавартаснай сям'і ў будучым.

Алена Сімакова
Галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Наведванне такіх факультатываў для навучэнца з'яўляецца добраахвотным і, часта бацькі, выбіраючы які факультатыў будзе наведваць дзіця, аддаюць перавагу толькі вучэбным прадметам. Гэта, безумоўна, таксама важна. Пры гэтым не ўлічваецца, што не менш важнае значэнне мае падрыхтаванасць маладога пакалення да стварэння сям'і.

На жаль, не ўсе бацькі выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей. Штогод дзеці застаюцца без апекі бацькоў, у тым ліку і па аб'ектыўных прычынах (смерць бацькоў і іншыя). У такіх выпадках гаворка ідзе пра тое, каб дзіця выхоўвалася ў замяшчальных або апякунскіх сем'ях. Сёння ў краіне налічваецца каля 15 тыс. замяшчальных сем'яў, з іх – 7 тыс. – гэта сем'і-ўсынавіцелі.

Усынаўленне – прыярытэтная форма выхавання дзяцей, падкрэсліла Алена Сімакова, паколькі дае магчымасць дзіцяці набыць тыя сваяцкія сувязі, якія ўзнікаюць у сям'і. Варта адзначыць, што сёння да ўсынаўлення прыходзяць не толькі людзі, якія не маюць сваіх дзяцей, але і тыя, хто ўжо выхаваў ці яшчэ выхоўвае родных дзяцей, у тым ліку і шматдзетныя.

Алена Сімакова
Галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Усынаўляюць не толькі нованароджаных, як гэта было доўгі час, але і дзяцей у падлеткавым узросце, тых, хто страціў апеку сваёй роднай сям'і, але таксама вельмі мае патрэбу ў клопаце людзей, якія яго любяць.

Ніякая дзяржаўная ўстанова, дом-інтэрнат, прытулак або дзіцячы дом не здольныя стварыць дзіцяці ўмовы для выхавання, сацыялізацыі і разумення, што такое сям'я, упэўненая прадстаўнік Мінадукацыі. Менавіта пражыванне ў сям'і дае магчымасць маленькаму чалавеку адчуць сябе самастойным, даведацца, што такое адказнасць за свае ўчынкі. Бо сям'я вучыць, у тым ліку, і абавязкам: па доме, дапамозе малодшым дзецям, лічыць Алена Сімакова.

Алена Сімакова
Галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Толькі разумеючы ўзаемасувязь правоў і абавязкаў у сям'і дзеці змогуць у будучыні трансліраваць яе на сябе. Гэта дае нам магчымасць спадзявацца, што дзеці, бацькі якіх не справіліся са сваімі абавязкамі, змогуць не паўтарыць іх вопыт, а стварыць шчаслівую сям'ю.

З тым, што ў сучасным свеце існуе праблема інстытута сям'і, згодна і дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, член Беларускага саюза жанчын Ганна Яшчук. Таму, упэўненая яна, ёсць неабходнасць больш актыўнай прапаганды сямейных каштоўнасцей. Разам з тым, стаіць складаная задача: як ненавязліва і акуратна растлумачыць моладзі, наколькі важная ў жыцці паўнавартасная сям'я.

 
Ганна Яшчук
Дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, член Беларускага саюза жанчын
З мінулага года стартаваў праект падтрымкі сямейных каштоўнасцей «Сафія». Мы праводзім семінары, трэнінгі, чытаем лекцыі для таго, каб падрыхтаваць валанцёраў, якія будуць працаваць са школьнікамі і студэнтамі. Гэта важна. Бо, часта, калі да моладзі звяртаюцца дарослыя людзі, ідзе рэакцыя адмаўлення. Калі ж размова ідзе «ў адной танальнасці» са сваімі аднагодкамі, растлумачыць можна больш даступна.

На думку Ганны Яшчук, у грамадстве, асабліва сярод моладзі, трэба дакладна фарміраваць разуменне таго, што сям'я – аснова, і ад таго, наколькі поўныя і шчаслівыя сем'і, залежыць дабрабыт і развіццё грамадства ў цэлым. Сям'я – гэта крыніца любові, клопату, павагі, салідарнасці і адказнасці. Гэта тое, на чым грунтуецца любое цывілізаванае грамадства, без гэтага не можа існаваць чалавек, упэўнена эксперт.

Міжнародны дзень сем'яў быў зацверджаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН у 1993 годзе. Штогод у гэты дзень праводзяцца розныя мерапрыемствы. Гэта і канцэрты, і сустрэчы шлюбных пар, дабрачынныя акцыі для апякунскіх сем'яў з дзецьмі і для дзяцей з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Арганізуюцца трэнінгі для маладых сем'яў.  

Штогод выбіраецца пэўная тэма. Напрыклад, у розны час дэвізам Міжнароднага дня сем'яў былі: «Рашэнне праблем маламаёмных сем'яў і праблем сацыяльнай ізаляцыі», «Сем'і і інваліды», «Сем'і і старэнне – магчымасці і задачы», «Мужчыны – галоўныя? Гендарная роўнасць і правы дзяцей у сучасных сем'ях», «Сям'я, здаровы лад жыцця і ўстойлівая будучыня», «Сям'я, адукацыя і дабрабыт» і іншыя.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».