20.08.2019
20.08.2019

Каб дайсці да мэты, трэба перш за ўсё ісці

logo
Асобы i лёсы
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Працягваем знаёмства з экспертамі, спікерамі эстафеты «У імя жыцця» для анкапацыентаў і іх блізкіх.

Знаёмцеся: Людміла Лапікава, касметолаг-эстэтыст. Па адукацыі медсястра, пэўны час працавала ў РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі імя М.М.Аляксандрава.

Цяпер Людміла займаецца прыватнай практыкай і вядзе ў тым ліку прыём дзяўчат і жанчын, якія перанеслі анказахворванне.

Касметалагічныя працэдуры пры анкалогіі

Людміла Лапікава, касметолаг-эстэтыст

Людміла, я ведаю, што стымулам для атрымання медыцынскай адукацыі стала вельмі асабістая гісторыя. Але цяпер вы займаецеся касметалогіяй. Раскажыце пра ваш прафесійны шлях.

– Сапраўды, першапачаткова мой выбар вызначыў збег абставінаў. Мне было 16 гадоў, калі ў 1996 годзе ў мамы дыягнаставалі лімфасаркому лімфавузлоў міжсцення. Пачатак захворвання быў цяжкім і вострым, суправаджаўся рознымі трагічнымі падзеямі: праз 2 месяцы пасля таго, як маме паставілі дыягназ, памёр дзядуля – вестка пра хваробу дачкі сталася для яго ўдарам. Менавіта тады я для сябе вырашыла, што звяжу жыццё з медыцынай – хацелася разабрацца, чаму так адбываецца і як можна дапамагчы.

Аб'ектыўна ацаніўшы свае сілы, паступіла ў барысаўскае медвучылішча. Потым, калі маме зрабілася горш і яна мела патрэбу ў дапамозе, перавялася бліжэй да дому – у Слуцк. Пасля заканчэння вучылішча трапіла па размеркаванні ў НДІ анкалогіі ў таракальнае аддзяленне – якраз тое, дзе ляжала мая мама.

Шчыра скажу, псіхалагічна было вельмі цяжка. У 19 гадоў мала хто гатовы бачыць і спакойна ўспрымаць чужыя пакуты. Праз пэўны час я перайшла ў кансультатыўна-паліклінічнае аддзяленне і 4 гады адпрацавала на прыёме ў хіміятэрапеўта. Гэта быў вельмі каштоўны вопыт. Я атрымала значна больш, чым, напэўна, змагла б атрымаць падчас вучобы ва ўніверсітэце.

Мы бачылі пацыентаў ад пачатку хваробы, на працягу тэрапіі, назіралі дынаміку... І там я, дарэчы, звярнула ўвагу, што на некаторыя пытанні пацыента ўрач не можа даць адказ, проста таму, што яны не ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Напрыклад, якім крэмам можна карыстацца дзяўчыне з анказахворваннямі, ці можна праводзіць пэўныя касметычныя працэдуры немедыцынскага характару.

Па шчаслівай выпадковасці мне ўдалося патрапіць на курсы касметалагічных медсясцёр.

Але потым жыццё закруцілася па-іншаму: я выйшла замуж, сышла ў дэкрэтны адпачынак. Пасля яго давялося зрабіць няпросты выбар: знайсці працу, якую я магла б прыстасаваць да рэжыму дзіцяці. Так я апынулася ў адным са сталічных салонаў прыгажосці. Але доўга працаваць там не змагла – хацела дапамагаць, а ўся мая праца звялася да аказання паслуг за грошы кліентам, якія, па праўдзе кажучы, не вельмі ў іх мелі патрэбу.

Так ідэя дапамагаць жанчынам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, рабілася ўсё больш акрэсленай. Першымі кліенткамі сталі знаёмыя маёй мамы, якія прайшлі лячэнне ад анкалагічных захворванняў.

Ці трэба хворым касметалагічныя працэдуры?

Людміла Лапікава, касметолаг-эстэтыст

Курсы хімія- і прамянёвай тэрапіі адбіваюцца на стане скуры?

– Безумоўна. Бо хіміяпрэпараты часцей за ўсё ўводзяць унутрывенна, яны распаўсюджваюцца па ўсім арганізме і атакуюць не толькі пухлінныя, але і здаровыя клеткі, што актыўна дзеляцца, у прыватнасці, у валасяных фалікулах, чырвоным касцяным мозгу, слізістых абалонках. З-за гэтага ўзнікаюць пабочныя эфекты. Выпадаюць валасы, вейкі, бровы.

Скура таксама робіцца больш сухой, адчувальнай, раздражнёнай. І з гэтай праблемай сутыкаецца кожны анкапацыент.

У мяне добрая візуальная памяць. Яшчэ падчас працы ў РНПЦ АМР я звяртала ўвагу, як мянялася, умоўна кажучы, дзяўчына з моманту першага візіту да хіміятэрапеўта і ў працэсе спецтэрапіі. Вось яна прыходзіць маладая, прыгожая, з гладкай светлай скурай. А ўжо праз некалькі курсаў не самай моцнай хіміятэрапіі скура яе мяняецца, робіцца сухой, шэрай. Калі часткай тэрапіі з'яўляюцца картыкастэроіды, дык праз пэўны час можа далучыцца азызласць. Але ж у гэты перыяд у пацыентаў і так шмат страхаў, перажыванняў, а тут яшчэ і знешнія змены…

Але ж праз пэўны час арганізм аднаўляецца, валасы адрастаюць. Так і скура, напэўна, вяртаецца ў ранейшы стан?

– Так. Але ёй трэба дапамагаць. І не толькі ў перыяд пасля актыўнага лячэння і падчас знаходжання ў бальніцы, дзе вельмі сухое паветра.

Цяпер усё больш акцэнт робіцца на амбулаторную хіміятэрапію, калі паміж курсамі чалавек знаходзіцца дома, хтосьці нават ходзіць на працу. І для многіх важна добра выглядаць. А каб добра выглядаць, трэба ведаць, як правільна сябе даглядаць.

Што тычыцца догляду ў аднаўленчым перыядзе, мяркуйце самі: на працягу 2 гадоў пасля актыўнага лячэння валасы растуць са змененай пад уздзеяннем прэпаратаў структурай. У кагосьці былі прамыя валасы – пачалі круціцца, ці наадварот. Уяўляеце, колькі павінна прайсці працэсаў, цыклаў, каб усё аднавілася! Тое ж самае і са скурай, бо гэта жывы орган. У кагосьці цыкл аднаўлення можа быць карацейшым, у кагосьці даўжэйшым, усё залежыць ад рэзервовых сіл самога арганізма.

Дзіўна, але я не знайшла ніводнай кампетэнтнай рускамоўнай крыніцы пра тое, як правільна даглядаць сябе падчас спецтэрапіі і пасля яе.

Аднойчы Ірына Жыхар, кіраўнік Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця», прапанавала правесці сустрэчу з жанчынамі, пацыенткамі хіміятэрапеўтычнага аддзялення, каб распавесці ім больш падрабязна пра змены скуры падчас лячэння і пра тое, што можна рабіць, даглядаючы сябе без шкоды для здароўя.

Дапамагчы ў падрыхтоўцы гэтай сустрэчы пагадзіўся мой знаёмы, урач, медыцынскі журналіст маскоўскага выдання «Касметыка. Медыцына» Аляксандр Дубовік. Мы разам шукалі неабходную інфармацыю. Бо жыццё пасля лячэння працягваецца, і некаторыя жанчыны адкрыта кажуць, што хацелі б не толькі даглядаць сябе, але пасля, магчыма, звярнуцца да ін'екцый батулатаксіну, мезатэрапіі, РФ-ліфтынгу і г.д.

Людміла Лапікава, касметолаг-эстэтыст

Як вы трапілі ў эстафету «У імя жыцця»?

– Гэта стала, па сутнасці, вынікам майго пастаяннага пошуку магчымасці дапамагаць жанчынам і дзяўчатам з анказахворваннямі. Пару гадоў таму праз сацсеткі я выйшла на Тамару Лісіцкую, якая актыўна дапамагае РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, праводзіць там розныя дабрачынныя мерапрыемствы. Тамара шукала майстроў, якія маглі б зрабіць штосьці для мам, якія па паўгода ляжаць з дзеткамі ў клініцы.

Я прапанавала сваю дапамогу і ўдзел. Магчымасць прывесці сябе ў парадак, абнавіць прычоску, манікюр, атрымаць касметычныя паслугі – гэта свайго роду псіхалагічная перазагрузка, эмацыянальнае выйсце, судотык са знешнім светам. Я атрымлівала кайф ад таго, што хаця б крыху датычная да гэтага. Гэта тое, што я шукала доўгі час – бясплатна, ад душы дапамагаць іншым.

Ірыну Жыхар я гэтак жа знайшла праз сацсеткі і прапанавала сваю дапамогу.

Анкапацыент для вас адрозніваецца ад іншых людзей?

– Адрозніваецца. Калі я працавала ў салоне, да мяне прыходзілі маладзенькія дзяўчыны і скардзіліся: я старая, вось тут у мяне зморшчынкі. Насамрэч нічога гэтага не было. Калі ўжо па-добраму, ім патрэбны быў псіхолаг, а не касметолаг.

А вось дзяўчаты і жанчыны з анкалогіяй – гэта іншая справа. Тут іншы псіхалагічны настрой. У іх першачарговая задача – паправіцца, ачуняць, з'яўляюцца іншыя жыццёвыя каштоўнасці. І тыя ж зморшчынкі ўжо не маюць першараднага значэння.

Прыгажосць – гэта вытворная здароўя. Нельга быць абсалютна прыгожым, не будучы ўпэўненым, што ты здаровы. Але я б сказала, што гэта двухбаковы рух. Нават падчас хваробы нельга забывацца пра сябе. Таму многія дзяўчаты і жанчыны хочуць заставацца прыгожымі – гэта як стымул хутчэй ачуняць.

Некаторыя мае калегі дзівяцца: хіба анкапацыенты ходзяць да касметолагаў? Вядома! Жыццё ж працягваецца. Але вось гэтае памылковае меркаванне, што анкапацыентам і нічога не трэба, і нічога іх не цікавіць, часта прыводзіць да таго, што ў сваіх кліентаў касметолагі не пытаюцца, ці ёсць у іх пэўныя захворванні. Але ж у любой касметалагічнай працэдуры немедыцынскага характару таксама ёсць свае супрацьпаказанні, у прыватнасці – анкалагічныя захворванні.

Менавіта пра гэта і будзе ваша пасланне падчас эстафеты?

– І пра гэта ў тым ліку. Я раскажу пра алгарытм базавага догляду, пра тое, якімі сродкамі можна карыстацца, а якімі не. Якія касметалагічныя працэдуры прынясуць карысць, а якія могуць нашкодзіць.

Мне, шчыра кажучы, не па сабе, калі я чую, што жанчыне з ракам у анамнэзе прапануюць агрэсіўны хімічны пілінг. Яна прайшла курсы хіміятэрапіі, каб падавіць рост клетак, а хімічны пілінг робяць для таго, каб клеткі хутка дзяліліся. Гэта і парушэнне прафесійнай этыкі, і шкода здароўю па сутнасці. Але ж жанчына гэтага можа і не ведаць, яна проста даверылася майстру, які нават медадукацыі не мае (цяпер гэта дапушчальна). Таму важна жанчын інфармаваць.

Вашы планы на будучае?

Вельмі хочацца стварыць сацыяльны праект, каб жанчына магла скарыстацца бясплатна паслугамі касметолага, цырульніка, майстра па манікюры. Гэта могуць быць выязныя мерапрыемствы, напрыклад. Але для гэтага патрэбная сур'ёзная спонсарская дапамога, майстры-валанцёры, якія гатовыя працаваць бязвыплатна, бо такі клопат павінен быць даступным.

Я бачу, якія шчаслівыя тыя жанчыны з салігорскай глыбінкі, дзе жыве мая мама, калі прыязджаю і запрашаю іх на масачку. Хаця яны там прывыклі з раніцы да вечара на градках, па гаспадарцы, але клопат прыемны кожнай жанчыне. Бо ўсё, што паляпшае якасць жыцця падчас лячэння і пасля яго, усё, што радуе і дапамагае забыць аб праблемах, дапамагае здаравець!

У Францыі ёсць цэлы рух касметолагаў – яны ў вызначаныя дні прыходзяць у клінікі для анкапацыентаў і робяць ім працэдуры догляду. Аказваецца, жанчыны, якія атрымлівалі такую дапамогу, здаравеюць хутчэй і адчуваюць сябе лепей.

Што значыць для вас перамагчы рак?

– Перамагчы рак – гэта дакладна не перамагчы сябе. Напэўна, гэта ўменне радавацца жыццю тут і цяпер. Насамрэч гэта цяжка. Гэта такі навык, які прыходзіць альбо з гадамі, альбо з вопытам.

Ці ёсць пэўны чалавек, які з'яўляецца для вас узорам для пераймання?

– Я заўсёды жыла па прынцыпе: не ствары сабе куміра. У мяне ніколі не было, як прынята казаць, «любімага» спевака, акцёра. Гэта заўсёды пэўны зборны вобраз. Напрыклад, тыя ж Тамара Лісіцкая і Ірына Жыхар, расійская акторка Чулпан Хаматава – людзі, якія аднойчы ўзялі на сябе пэўныя асабістыя абавязацельствы дапамагаць і працягваюць іх прытрымлівацца. Робяць сваю справу ціха, не крычаць пра гэта на кожным вуглу.

Ці ёсць жыццёвае правіла, якога вы імкняцеся прытрымлівацца?

– Гэтыя правілы ў залежнасці ад таго, на якім жыццёвым этапе я знаходзілася, мяняліся. Зараз гэта словы Анарэ дэ Бальзака: «Каб дайсці да мэты, трэба перш за ўсё ісці».

Фота – Віталь Гіль.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама