26.07.2020
26.07.2020

Каб даляры вяліся і не пераводзіліся… :)

logo
Думкі ўслых
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Прыгожыя звонку, карысныя ўнутры, магічныя з-за самога факта існавання… Усё гэта – нашы пакаёвыя расліны. Калі іх дораць з сэнсам альбо мы набываем іх свядома (а то дзесьці паціхеньку і адламваем «кавалачак» ад упадабанай кветкі), тады іх карысць сапраўды можа быць максімальнай. Як, напрыклад, ад заміякулькаса (даляравага дрэва), пра які я абяцала распавесці.
Заміякулькас. Размяшчаем у спальні.

Мне падаравалі яго досыць даўно, калі на працы мы, аматары пакаёвых кветак, пачалі выбіраць для сябе ў якасці віншавання-падарунка ад калектыву не букеты, а кветкі ў вазонах. Плюс дарылі адна адной іх жа. Вядома ж, тады пра лекавыя ўласцівасці і не думалася. Прыцягвала найперш знешняя прыгажосць.

З таго часу з раслінай маёй шмат чаго здаралася. Некалькі адросткаў з лістамі нават перагрыз папалам… пацук, што завёўся ў кватэры. Ну як завёўся… Калі суседзі зверху патруцілі, прыйшоў жыць да нас… Пакуль і мы не адправілі яго далей па этапу… 🙂 Але напаскудзіць паспеў.

Заміякулькас тады доўга хварэў і адцураўся нават ад здаровых сцяблінаў з лісточкамі. Мабыць, такі быў у раслінкі стрэс… пасля пацучыных зубоў. Але нічога. У рэшце рэшт, заміякулькас ачуняў і працягвае радаваць. Магчыма, нават калі-небудзь ручкі і дойдуць да яго перасадкі… 🙂

Заміякулькас.

А калі зараз пачала высвятляць, чым жа ён карысны… Ого-го! Аказваецца, знаўцы раяць садзіць гэтыя расліны, і пабольш, у бальніцах, паліклініках ды іншых месцах, дзе патрэбнае свежае ачышчанае паветра. Не механічным, а вось такім натуральным чынам, з дапамогай раслінаў.

Бо заміякулькас мае прыродны фільтр, які пазбаўляе невялікія памяшканні ад вуглякіслага газу, узбагачаючы паветра кіслародам. Ну, гэта адна раслінка ачышчае маленькае памяшканне. А калі завесці некалькі… Размяшчаць дома найперш трэба ў спальні. Тады, кажуць, сон будзе больш моцным і здаровым. Цікава, што ў мяне ўжо некалькі гадоў заміякулькас  жыве менавіта ў спальні… 🙂

А паколькі тут жа і камп’ютар з ноутам… Сцвярджаецца, што гэтая загадкавая расліна не толькі дапаможа зрабіць больш карысным паветра, але і палепшыць людскія працаздольнасць і ўвагу. Толькі на вялікую спальню патрэбна 2-3 кветкі. Аа-а-а-а-а, вось чаму я нічога такога асаблівага не адчуваю! 🙂 Бо ў мяне-то – адна! Трэба тэрмінова размножыць! 🙂

Заміякулькас. Чым больш, тым лепей.

Даследчыкі сцвярджаюць, што заміякулькас таксама спрыяльна ўплывае на стан хворага. А размешчаны побач з яго ложкам, здольны нават паменшыць боль. Толькі не трэба ленавацца своечасова апырскваць расліну і праціраць лісце ад пылу.

Але, вядома ж, ёсць тут і лыжка дзёгцю. Заміякулькас – ядавіты! У любой яго частцы – шкодныя таксіны. І можна добра-такі атруціцца, нават хатнім жывёлам. Таму калі ваш коцік ці котка (а можа сабачка) любіць каштаваць усё зялёнае на зуб, заміякулькас трэба паставіць у месца, да якога жывёлінка ну ніяк не дабярэцца!

Трэба таксама прывучыць сябе і сямейнікаў да правілаў абыходжання з гэтай раслінай. Напрыклад, нельга спачатку кратаць лісце, а тады церці вочы. Спецыялісты кажуць, што можна нават атрымаць апёк слізістай!

Заміякулькас. Расліна ядавітая.

А цяпер звернемся зноў да добрага! J Недарэмна ж заміякулькас назвалі даляравым дрэвам. Лічыцца, што расліна прыносіць у дом багацце і дастатак. Ну, а паколькі, у адрозненне ад таўсцянкі (грашовага дрэва) заміякулькас – дрэва даляравае… 🙂 Наўрад ці хто адмовіцца ад такога падарунка з намёкам-пажаданнем, праўда?!

А вы ведаеце, што ёсць у яго і яшчэ адна адмысловая народная назва?! Якая? «Жаночае шчасце» Красамоўная, праўда?! Але каб тое шчасце займець, трэба атрымаць заміякулькас у падарунак, прычым… у перыяд цвіцення. А цвіце ён цікава, хаця і не сказаць каб прыгожа. А галоўнае – рэдка… Таму некаторыя называюць яго нават кветкай бясшлюбнасці.

Даволі часта, праходзячы міма кропак, дзе гандлююць пакаёвымі раслінамі, бачу сярод іх даляравыя дрэвы. А вось каб з кветкай, дык ні разу не згледзела… Эх… Дзе ж яно, наша шчасце?! 🙂

Заміякулькас. Жаночае шчасце.

Лічыцца, што з’яўленне грашовага прыбытку ў доме абвяшчае адрастанне новых сцяблінаў з лісцем. 🙂 А размяшчацца заміякулькас павінен у левым дальнім вуглу памяшкання. Але ў мяне яно занятае… швейнай машынкай маркі “Зінгер”. Памяць пра бабулю… Але, што самае цікавае, даляравае дрэва сапраўды размяшчаецца непадалёк. 🙂 Так атрымалася…

А ў вас расце заміякулькас?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".