31.07.2020
31.07.2020

Каб Лазеннік вас кіпнем не абліў…

logo
Адметнасць беларусаў
0 73
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Але вось жа штосьці, мабыць, ёсць у народных прыкметах. Чым больш жыву, тым больш у гэтым упэўніваюся. Вядома, справа кожнага, у што верыць, а ў што – не. Але бываюць такія сітуацыі, што і не верыць – не выпадае. Усе факты – «за». Праверым?! Сёння, у Емяльянаў дзень.

Лазеннік. Емяльянаў дзень. Не пакрыўдзіць Лазніка.

Адно з «кіраўніцтваў да дзеянняў» – сёння трэба памыцца ў лазні, папарыцца. Нашыя продкі такім чынам змывалі стомленасць ад жніва. І венікі рабіліся асаблівыя – з жытняй саломы, палявых траў і кветак. Лекавыя, вядома ж. Улічваючы, што сёння – пятніца, дзень перад двухдзённым адпачынкам… Чаму б і не памыцца?! 🙂 У каго ёсць уласная лазня. Альбо – добрыя знаёмыя з лазняй…

Вы ж ведаеце, што ў кожнай лазні маецца свой дух?! Як Балотнік – у балоце, Вадзянік – у вадзе, Лесавік (Лясун) – у лесе, Хатнік – у хаце… Так і ў лазні – Лазнік, альбо Лазеннік. І яго таксама трэба задобрываць, інакш можа ўзлавацца і прынесці чалавеку шмат шкоды. Напужаць, і нават горш… Кажуць, і камянямі можа кідацца, і нават кіпнем абліць!

У традыцыях Емяльянавага дня – заходзіць у лазню з паклонам, а таксама пакідаць для Лазніка ваду, мыла, венік і ручнік. І ні ў якім разе не затрымлівацца доўга! Нягледзячы на тое, што зазвычай ідуць мыцца-парыцца ў пятніцу пасля працы, увечары ўжо.

Лазеннік. Емяльянаў дзень. Не мыемся ў лазні ноччу!

Бо сам Лазневік любіць мыцца перад альбо пасля апоўначы. Будзьце асцярожнымі! Не ўгнявіце дзядка. Ён, да ўсяго, любіць чыстую лазню… Ну, і пабачыць яго самога, лічылі нашыя продкі, – да бяды.

Дарэчы, тыя , хто ўсё ж схадзіў у лес у Афінагенаў дзень… Як уражанні?! Нікога не сустрэлі?! А то мне некаторыя (з ліку тых, хто не ведаў пра забарону наведваць лес) казалі, што чулі, як штосьці трашчала… Няйшакш, нячыстая сіла ўсё ж хадзіла паблізу… 🙂 Гэта – да разважанняў пра народныя прыкметы і веру ў іх.

А мы вяртаемся ў Емяльянаў дзень. Дзесьці на сялянскіх надзелах жніво ўжо было скончана. І гаспадыні браліся за нарыхтоўкі на зіму. Чысцяком не столькі гародніны, колькі дзікарослых ягад ды грыбоў. Вось і склалася ў народзе: «Емяльян прыйшоў, грыбоў-ягад знайшоў, загадвае нарыхтоўваць».

Шкада, што маліна каторы год праходзіць міма мяне… А я люблю яе збіраць. І на дачы сёлета з-за патопу маліны няма, і малады маліннік з Самахвалавічаў, набыты толькі ўвосень, загінуў… 🙁

Лазеннік. Емяльянаў дзень. Хатнія нарыхтоўкі.

Трэба хаця б буякі (дурніцы) ў балоце праверыць… Калі раптам патрапіш на неабабраныя кусты ды на вялікія ягады… Як жа хутка збіраецца і вядзерца, і вядро! J Але затое пакуль дома перабярэш… Пакуль паабрываеш тыя хвосцікі… Ды і чарніц, мабыць, яшчэ можна пазбіраць. Было б надвор’е добрым…

Але пра другі летні месяц нашыя продкі так казалі: «З навальніцамі прыходзіць, з навальніцамі сыходзіць ліпень». І калісьці заўважалі, што вераб’іная ноч, калі стыхія разгульваецца напоўніцу, прыпадае менавіта на 31-га ліпеня. Я добра памятаю той разгул стыхіі, які за жыццё назірала не раз. Насамрэч страшна… 🙁 Вось толькі наконт дакладнай даты не ўпэўненая…

Нашыя продкі прыкмячалі: «Якое надвор’е ў гэты дзень, такой будзе і большая частка восені», «Гарачы дзень – марозны снежань», «Як на елках шышкі толькі на макаўках, раней за студзень маразоў не будзе», «Калі на макаўках бярозаў лісце пажаўцела, дык восень будзе ранняй».

А яшчэ сёння пятніца перад Іллёй, якая таксама мае свой назоў – Серпавіца (Серпавіна, Шыпілінка). «Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць».

Лазеннік. Емяльянаў дзень. Час зазубрывання сярпоў у кузні.

Бо калі ў некаторых мясцовасцях Беларусі, зажаўшы на сваім надзеле першы (імянінны) сноп у дзень Афінагена, жніво ўжо скончылі і спакойна ў Емяльянаў дзень ішлі ў лазню, дык у іншых – яшчэ толькі-толькі рыхтавалі да жніва сярпы. А калі лічыць, як зараз у нас усё пераблыталася ў прыродзе… Тэрміны і ўвогуле рознымі будуць.

Ну, вы зразумелі, што лазня сёння – добра, можна, але трэба асцярожна?! Тады зараней – з лёгкім духам!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 73

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".