26.07.2019
26.07.2019

Каб не было пакутліва балюча... Беражыце сябе!

logo
Думкі ўслых
94 039
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўторак. Вечар. Звыклае вяртанне з працы дахаты на маршрутцы. Раўнамернае пагойдванне хіліць у сон. І нават добрае падтрэсванне машыны не замінае крыху прыснуць. Але раптам штосьці насцярожвае, прымушае расплюшчыць вочы. Амаль адразу за Смілавічамі маршрутка бярэ ўлева і… выязджае на зялёную зону, якая раздзяляе палосы руху. А справа… Справа – ЖАХ!!!

Легкавік… Дакладней – тое, што ад яго засталося. Куча дэталяў. Пажарныя машыны. На баку адной бачу надпіс – «Пятровічы». І ліхаманкавая думка ў галаве: «Не, не могуць людзі выжыць сярод тых абломкаў». І мурашкі па скуры…

Ужо не да сну. Падключаюся да інтэрнэту, заходжу на партал навінаў. Так і ёсць… Лабавое сутыкненне «Форд Фокус» і фуры. Фура загарэлася, але вадзіцель змог выбрацца самастойна. Кіроўца легкавіка, ад якога застаўся толькі набор дэталяў, загінуў… Жыхар Магілёўскай вобласці. 23 гады.

А было ж у той дзень хмарна, дажджліва і слізка. І нават нам, хаця ехалі ўжо без дажджу, машыны, што абганялі, кідалі на лабавое шкло дробныя кропелькі – суцэльным дываном. Бачнасць так сабе…

Зараз можна толькі меркаваць пра тое, што ж здарылася. Папярэдняе афіцыйнае – «Не справіўся з кіраваннем». Вядома ж, карціну здарэння ўзновяць. Думаю, ужо ўзнавілі. Але… Чамусьці большасць з нас у любой сітуацыі ўпэўнена: «Са мной гэтага ніколі не здарыцца». Паглядзець на такі вынік, каб ён стаў навукай?! Ды што вы?! «Я ж ціхенька, акуратненька… 120 км/г нават калі па лабавому – патокі дажджу. Бо стаіць жа дазвольны знак! Я ж умею, я ж майстар…» А пасля такое гора родным…

Ну чаму, чаму б не знізіць хуткасць у дождж?! А калі залівае шкло, не з’ехаць на першым жа з’ездзе з шашы і не перачакаць?! Чаму б не ўключыць пільнасць там, дзе гэта патрэбна?! А п’яным за руль?! «Ну, падумаеш, я ж усяго паўшклянкі гарэлкі выпіў… Ды пры маёй масе гэта – дробязь! Я ж цвярозы!». О, гэтае завышанае самамеркаванне!!! «Я ас, я майстар, я мужык!»

І пры гэтым… Даўно не чула так багата пагардлівых адзнак ад кіроўцаў маршрутак у адрас жанчын-вадзіцеляў, асабліва ў Мінску. А тут – штодня па некалькі разоў. «Правы купіла», «Правілаў з дадаткам не чытае, што машыны трэба прапускаць адну праз дзве на такіх з’ездах», «Дарогу не саступае, нясецца, вочы заплюшчыўшы…»

А ў мяне зусім іншае меркаванне. Нават супрацьлеглае. Таму – лавіце ў адказ, майстры кіравання! А хто найчасцей трапляе ў аварыі па статыстыцы, а?! Хто як «раскапусціцца» пасярод дарогі, каб пагаварыць са знаёмым у сустрэчнай машыне, што ледзь не бамперам трэба падпіхваць, каб даў дарогу?! Хто, не хвалюючыся пра іншых, кідае машыну ўпоперак месцаў для паркоўкі, бо спяшаецца?!

Так што не трэба, не трэба вось так, агулам… І ў адзін бок, і ў другі. А то насамрэч давядзецца правесці ўласнае даследаванне са статыстыкай. І – ой, якія ж цікавыя могуць атрымацца вынікі!

Акуратнасць і асцярога… Думаеце, дарэмна тыя плакаты раней віселі?! Цяпер, праўда, іх усё радзей бачу, на жаль… Напрыклад: «Вадзіцель, не спяшайся! Цябе чакаюць дома». А такі чорны гумар, вядомы нават з дзяцінства?! «Хутка паедзеш – ціха панясуць?!» Жорстка?! Але праўда…

Усё ж як шмат залежыць ад нашай унутранай культуры, прывітай альбо не прывітай, у першую чаргу, у сям’і. Павага да людзей – яна ж распаўсюджваецца і на кіроўцаў машын на дарогах. Не выстаўляць уласнае «Я» над усімі, свае жаданні і хаценні над іншымі – з той жа серыі. А ў нас часцяком як?! Толькі каб сабе было добра. І мала хто ўлічвае, што нельга быць шчаслівым… за кошт іншых.

У наш няпросты час пры вялікай колькасці разнастайных машын, механізмаў, нетрываласці будаўнічых канструкцый, праяў стыхіі ды іншага так няпроста захаваць не толькі здароўе, а і жыццё. Паглядзіце, колькі на любым партале навінаў менавіта пра здарэнні, няшчасныя выпадкі?!

Ужо проста немагчыма гэта чытаць, не вытрымлівае ні мозг, ні нервы, ні душа, ні сэрца… З сябрамі называем гэта «жыццёвай чарнухай». Але ж нікуды ад яе не падзецца… Можна, вядома, не чытаць пра гэта ў навінах. Толькі, на жаль, колькасць няшчасных выпадкаў з-за гэтага не зменшыцца…

А яшчэ ж спачуваеш, суперажываеш… Нас, наша пакаленне, так вучылі. Ну не з цікавасцю я глядзела на вынік той аварыі, а з жахам!!! І з думкай: а раптам, не дай Бог, знаёмы?! Але ж і незнаёмага шкада…

Дык, можа, усё ж хаця б крышачку – акуратней?! У любой сітуацыі?! З крыху большым усведамленнем, што здароўе і жыццё – сапраўды каштоўнасці, якія трэба захоўваць?! І гэта – не проста прыгожыя словы, а самая ПРАЎДЗІВАЯ ПРАЎДА?! Аб’ектыўная і рэальная?! Сябры, беражыце сябе! Каб не было пасля пакутліва балюча вашым родным…

У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі Чэрвеньскіх РАУС і РАНС з месца здарэння.

 Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

 

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

94 0 39

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.