17.12.2018
17.12.2018

Каб Сусвет пачуў

logo
Думкі ўслых
0 23
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Здаецца, заканчэнне гэтага года асабіста ў мяне таксама не будзе выключэннем з правілаў. Гэта калі хочаш напрыканцы яго, у апошнія дні, трохі перадыхнуць… Падсумаваць вынікі, падумаць, што было зроблена, а што не атрымалася і чаму. Спыніцца, азірнуцца і падзякаваць Сусвету, якімсьці вышэйшым сілам (так, у іх веру!) за ўсё добрае і дрэннае… Бо апошняе ўсё ж дае штуршок да развіцця. І… за клопатамі, калі трэба зрабіць тое, тое, тое і яшчэ вунь тое… Спахопліваешся ўжо святочнай апоўначчу…

І – эх! Заўсёднае пачуццё шкадавання. І абяцанні самой сабе, што вось ужо наступным разам… Але гісторыя, як кажуць, паўтараецца. І пачуццё незадаволенасці нікуды не знікае… А ў вас так бывае?

Зрэшты, усім нам для душэўнага спакою трэба рознае. Але ў нечым і супадаем.

Напрыклад, усім хочацца, каб былі здаровымі самі і блізкія, праўда?! І каб усе – БЫЛІ! А так… Для кагосьці важна, каб напярэдадні Новага года ўся кватэра ці хата была прыбраная дасканала. Для кагосьці – каб ёлка абавязкова стаяла, жывая і вялікая. Іншыя задавольваюцца штучнай альбо некалькімі галінкамі. І ў кожнага свае традыцыі, рытуалы, звычкі. Але чамусьці на ўсё часу і не хапае…

А ў вырашэнні, чаму ж аддаць перавагу –духоўнаму ці матэрыяльнаму, часцяком пераважае апошняе. Не, можа, так і трэба… Але як усё ж паспець і з тым, і з другім?! Для мяне – загадка… Штогадовая… А для вас?!

Таму вось зараз, не чакаючы самага-самага заканчэння года, думаю, трэба пастарацца знайсці пэўны час, каб проста сесці і падумаць, прыгадаць, прааналізаваць. А можа, нават ачысціцца душой… Асабліва, гледзячы на бялюткі-бялюткі снег, што сёння літаральна засыпае Мінск. Няўжо ў нас нарэшце будзе сапраўдная зіма, з сумётамі і маразамі?! Як здорава!!! Яшчэ адна нечаканая радасць…

…Памятаю, як аднойчы 31-га снежня, яшчэ да апоўначы, мы з сяброўкамі, праводзячы стары год, абмяняліся меркаваннямі пра тое, хто калі і як загадвае жаданні. І вось адна з прапаноў была – напісаць 12 жаданняў (па колькасці месяцаў у годзе) на невялікіх паперках, скруціць іх, пакласці пад падушку, і… Раніцай 1-га студзеня выцягнуць тры.

Сама здзіўляюся, як не забылася тады гэта зрабіць! Але зрабіла. І што вы думаеце??? На працягу года, нават у першай яго палове, спраўдзіліся ўсе тры! Вядома ж, яны былі досыць сціплымі і рэальнымі. Ні шыкоўную шубу, ні яхту, ні падарожжа вакол свету не прасіла… Відаць, сапраўды, трэба правільна прасіць, у правільны час – і тады Сусвет цябе пачуе. Асабліва, калі зараней, вось цяпер, прадумаць тыя жаданні…

Таму за два тыдні да свята, здаецца, самы час прыпыніцца… Я б хацела, каб мне пра гэта хтосьці вось так нагадаў. А вы?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 23

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".