28.07.2021
28.07.2021

Дык няхай нас пачуе Сусвет! Загадваем жаданні…

logo
Думкі ўслых
0 049
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як жа хочацца верыць у лепшае, нягледзячы ні на што, праўда?! Ні на цяжкія часы, ні на бязлітасную пандэмію каранавіруса, ні на асабістае гора (хаця тут, здаецца, без варыянтаў) … Чалавеку ўпарта хочацца – ВЕРЫЦЬ! Што ўсё яшчэ – БУДЗЕ! А калі і не ўсё, дык хаця б што-небудзь. І таму мы верым, марым, уяўляем і… загадваем жаданні. Вось апошняе сёння варта зрабіць абавязкова! Бо 28 ліпеня – Дзень загадвання жаданняў.

Жаданне. 28 ліпеня – Дзень загадвання жаданняў.

І няхай сабе выбар дня амаль ні з чым не звязаны (хаця, у пэўнай ступені… Але пра гэта – крыху пазней)… І няхай сабе сёння, як верылі нашыя продкі ў пэўныя дні, дзень не такі і неба не раскрываецца… Усё ж Сусвет павінен нас пачуць! Калі столькі людзей будуць фармуляваць свае жаданні і адсылаць іх яму…

І нават самыя зацятыя скептыкі не-не ды падумаюць: «А раптам спраўдзіцца?!» І, нікому не кажучы, нават самім сабе не прызнаючыся, паспрабуюць штосьці загадаць. У надзеі… Бо надзея ж – памятаеце?! – ідзе побач з верай. І любоўю. Магчыма, на падсвядомым узроўні.

Словам, хочаце-не хочаце, верыце-не верыце, а паспрабаваць варта. Альбо карыстаючыся ўласным рытуалам, які ўжо склаўся, альбо прыслухоўваючыся да парадаў з сеціва… У якасці эксперыменту, гульні, нават сарамліва пасміхаючыся з саміх сябе… Загадваем!

Жаданні. Загадваем жаданні правільна.

А ўвогуле, ці часта ў вас спраўджвалася загаданае? Ці верыце вы ў тое, што такое можа адбывацца ў прынцыпе ў рэальным жыцці? У сэнсе – не «з’явіся ў мяне шуба, катэдж, крутая машына» і не «няхай я апынуся заўтра ў Грэцыі на ПМЖ»… Жаданні нематэрыяльныя, але вельмі-вельмі патрэбныя…

Каб паправіўся блізкі чалавек, каб родныя жылі доўга-доўга, каб абміналі дом хваробы… Чаму ўсё менавіта такога кшталту? А пра што яшчэ думаецца найперш у перыяд пандэміі каранавіруса?!

Так, думаць трэба і пра іншае. Але здароўе, само чалавечае жыццё – вось найбольшыя каштоўнасці. А без іх не трэба ні шуба, ні машына, ні Грэцыя…

Але не будзем пра сумнае! Яго і так стае апошнім часам у нашым жыцці. Давайце – аб прыемным. Дзень-то які добры, пазітыўны…

Жаданні. 28 ліпеня – пазітыўны дзень.

А што ж наконт яго кажуць у сеціве? Рытуалы могуць быць самымі рознымі: пішам на паперцы жаданне і спальваем, кідаем манетку ў фантан і загадваем (эх, фантан Трэві ў Рыме! Ты ўсё яшчэ не спраўдзіў маё жаданне – вярнуцца да цябе)… Запальваем свечку, глядзім на полымя, задумваем жаданне і свечку задзімаем…

Галоўнае – жаданне трэба сфармуляваць дакладна і максімальна канкрэтна. Задумваць яго выкананне на канкрэтны перыяд (толькі не на заўтра, зразумела! 🙂 Сусвету таксама трэба час, каб пачуць, асэнсаваць і адгукнуцца).

Не варта ўжываць у яго фармулёўцы «не». Зрэшты, як не варта камусьці казаць: «Не забудзься зрабіць… тое і тое…». Вось гэтае «не» сапраўды зводзіць усё да нуля. Кажуць… Ды так і атрымліваецца!

Жаданні. Чаму загаданае не спраўджваецца.

А вось далей трэба выбіраць… лінію паводзінаў. Адны раяць загадаць жаданне і адпусціць яго, не прыгадваючы больш. А іншыя – што трэба пастаянна візуалізаваць жаданне, уяўляючы яго выкананне ва ўсіх падрабязнасцях.  І нават уяўляць, што яно ўжо… спраўдзілася. Выбірайце, што каму бліжэй.

Апрача пэўнага жартоўнага складніка, у гэтым дні прасочвацца і даволі сур’ёзнае дзейства. Найчасцей жаданне – гэта мара. Маленькая альбо вялікая, прыступка да значнага альбо мара ўсяго жыцця. Якая яна? Варта задумацца ў Дзень загадвання жаданняў…

Кажуць, што менавіта 28 ліпеня мае магутную энергетыку і забяспечвае сувязь з Сусветам. А так гэта ці не… І ці сапраўды думкі сёння матэрыяльныя… Давайце праверым!

Жаданні. Візуалізацыя жаданняў.

Вашае жаданне павінна быць важным і не дробязным. Так што думаем над тым, каму чаго хочацца. І дзейнічаем!

Усе мы ў глыбіні душы крыху дзеці. З наіўнай верай у цуды… І хаця апошнім часам усё часцей і гучней кажуць пра тое, што іх не варта чакаць, а трэба ствараць самім… Усё ж няхай у жыцці будзе месца і цуду, так бы мовіць, нерукатворнаму. Згодныя?! Тады загадваем самае таемнае жаданне!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 49

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.