05.07.2019
05.07.2019

Каб жыццё здавалася мёдам. 8 парадаў маме аднагадовых блізнятаў

logo
Адукацыя і выхаванне
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па першым часе пасля нараджэння блізнятаў усе сілы сям'і накіраваныя на іх догляд. Калі ж дзеткам спаўняецца год, у мамы пачынаецца новы этап жыцця, які, як правіла, аказваецца вельмі займальным, хаця час ад часу з'яўляюцца пэўныя складанасці.

Прапануем пазнаёміцца з нашымі парадамі, якія дапамогуць маме хутчэй спраўляцца з цяжкасцямі і паспяваць атрымліваць асалоду ад адпачынку па догляду блізнятаў.

Выхаванне блізнятаў

Джулі Баўэн - амерыканская актрыса з дзецьмі блізнятамі

Слушныя парады маці блізнятаў

1. Захоўвайце спакой

Бывае так, што ў многіх сітуацыях вам хочацца закрычаць. І ваша рэакцыя зразумелая... Гэта можа быць выціснуты цюбік крэму на вашым любімым дыване або размаляваныя вашым алоўкам для павек шпалеры ў дзіцячай.

Будзьце цярплівымі і паслядоўнымі. Паспрабуйце павольна палічыць да дзесяці ці падумаць пра тое, якімі мілымі былі блізняты гадзіну таму, калі прачнуліся. Вам трэба навучыцца адрозніваць два віды «разбурэнняў». Першы – калі блізняты імкнуцца такім спосабам спазнаваць свет; другі – звычайнае непаслушэнства. Калі гэта быў другі від, не пакідайце без увагі такую правіну. Насамрэч часам блізняты проста хочуць мэтанакіравана вывесці вас з сябе. Не паддавайцеся на правакацыі!

2. Засцеражыце ад небяспекі сябе і дзяцей

Тыя непрыемнасці, у якія могуць патрапіць вашыя блізняты за 30 секунд, пакуль вы наліваеце ім суп, немагчыма сабе ўявіць нават пры самым развітым уяўленні!

Прадухіліце «разбурэнні» настолькі, наколькі гэта магчыма. Дома заклейце на пэўны час дзверы шафаў і камоды малярнай стужкай. Пастаўце замкі на вокны. Старайцеся трымаць дзверы ў ванны пакой ды іншыя месцы шчыльна зачыненымі.

З цягам часу, прыходзячы ў госці да сваякоў і сяброў, вы навучыцеся хутка заўважаць, дзе зараз можа адбыцца «разбурэнне». І будзеце паспяваць зрэагаваць, каб засцерагчы дом гаспадароў, а таксама сваіх блізнятаў ад небяспекі, якую яны могуць стварыць.

(У нас нават тумба, якая знаходзілася пад тэлевізарам, часова стаяла на шафе)))))).

3. Падвойце пільнасць

Калі ў кватэры раптам запанавала цішыня, значыць, праводзіцца чарговая «небяспечная праца». Бо аднагадовыя блізняты могуць пэўным чынам аказвацца ў самых не прыстасаваных для дзяцей месцах. Вы можаце знайсці іх за складаннем усяго запар у пральную машыну, калі яны запаўзлі за канапу або захраснулі на паліцы ў шафе. Асабліва прыцягваюць блізнятаў усялякія адтуліны і магчымасць прасунуць туды якую-небудзь маленькую цацку. Будзьце заўсёды вельмі ўважлівай, а свавольствы блізнятаў дапамогуць маме развіць спрыт і інтуіцыю.

Выхоўваем блізнятаў: пасля аднаго года

4. Будзьце рэалістамі

Другі год жыцця блізнятаў будзе поўны новых адкрыццяў і перажыванняў. Аднак не варта чакаць ад дзяцей чагосьці звышнатуральнага. Не засмучайцеся, калі паход з аднагадовымі блізнятамі ў краму можна назваць удалым толькі з-за таго, што вы ўсё ж такі змаглі набыць неабходны набор прадуктаў, не гледзячы на дрэнны настрой вашых дзяцей. Не раздражняйцеся, калі ў вас не атрымалася растлумачыць блізнятам, як трэба паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Вашыя дзеці будуць расці і развівацца ў вас на вачах хутчэй, чым можаце сабе ўявіць.

5. Умейце быць строгай

Будзьце гатовымі да таго, што вашы аднагадовыя блізняты будуць пастаянна патрабаваць увагі і паводзіць сябе вельмі шумна. Вы, магчыма, не зможаце атрымаць асалоду ад хаця б хвілінкі цішыні падчас няспання дзяцей. Навучыцеся ўлоўліваць момант, калі трэба быць з малымі больш строгай.

Быць строгай і патрабавальнай – гэта зусім не значыць крычаць. Паспрабуйце выпрацаваць інтанацыі ў голасе такім чынам, каб дзеці разумелі, што трэба спыніцца, некалькі хвілін пацярпець або памаўчаць.

6. Не засмучайцеся

Блізняты другога года жыцця, як і ўсе дзеці, бясстрашныя і дапытлівыя. Акрамя таго, у кожнага з іх заўсёды ёсць побач саўдзельнік ва ўсіх «разбурэннях». Таму захаваць парадак і ўсё кантраляваць у вас не атрымаецца. Памятайце, што любое «разбурэнне» можна ліквідаваць, гэта толькі справа часу. Не хвалюйцеся, калі дзеці разбілі альбо сапсавалі не дужа каштоўны прадмет. Ну, а калі знішчана каштоўная рэч, значыць, хутчэй за ўсё, яна стаяла не ў тым месцы.))

Слушныя парады маці блізнятаў

7. Выдзеліце час для мужа

Хаця б раз у месяц пакіньце аднагадовых блізнятаў на вечар з няняй альбо бабуляй. Не хвалюйцеся, яны справяцца з вашымі дзецьмі. А вы сам-насам і ў спакойнай абстаноўцы можаце абмеркаваць з мужам розныя тэмы і проста добра правесці час. Расходы на няню ўспрымайце як уклад у вашу сям'ю і перыядычна ўносьце гэтыя выдаткі ў свой асабісты фінансавы план.

8. Беражыце сілы

Калі вы не паспяваеце прыбраць у кватэры альбо ў вас няма часу прыгатаваць вытанчаную страву на вячэру, дык можна гэта і не рабіць.

Не прымушайце сябе ліквідоўваць усе гэтыя нязручнасці любым коштам. Калі дзеці трохі падрастуць, у вас яшчэ з'явіцца час, каб адмыць ванны пакой да бляску, вышыць крыжыкам прыгожае пано ў падарунак бабулі альбо заняцца іншай творчасцю.

Накіруйце вашыя сілы на выхаванне дзяцей. У гэты перыяд блізняты пачынаюць асвойваць навыкі сацыялізацыі: дзяліцца, мяняцца цацкамі, саступаць адно аднаму і клапаціцца адно пра аднаго. Ваша правільная падтрымка дапаможа блізнятам хутчэй асвоіць гэтыя навыкі і стаць у далейшым індывідуальнымі асобамі, сацыялізаванымі і адаптаванымі да жыцця ў грамадстве.

Жыццё аднагадовых блізнятаў будзе поўніцца ўражаннямі і новымі прыгодамі. Прытрымвайцеся хаця б часткі нашых парадаў – і вы з лёгкасцю адолееце ўсе цяжкасці!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Журналіст. Маці блізнят
Глядзіце таксама