14.05.2021
14.05.2021

Чым карысны каэнзім Q10? І дзе яго шукаць?

logo
Здароўе дарослых
0 14
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра вітаміны А, D, C мы чыталі шмат, а што вядома пра вітамін Q? Так, бачылі каэнзім (CoQ10) у саставе доглядавых касметычных сродкаў. Аднак ёсць у гэтым спрэчны момант, бо праз скуру рэчыва пранікаць не можа. А таму яго лепей прымаць з ежай і ў выглядзе вітамінна-мінеральных комплексаў.

Каму ён неабходны, як яго атрымаць у патрэбнай колькасці з ежай і ці разбурае тэрмічная апрацоўка вітамін Q, паспрабуем разабрацца разам з экспертам Надзеяй Рабавай, урачом-дыетолагам, к.м.н., дацэнтам, супрацоўнікам кафедры агульнай гігіены БДМУ.

У чым яго карысць

Гэта вітамінападобнае рэчыва сінтэзуецца ў арганізме з амінакіслаты тыразіну пры ўдзеле вітамінаў В2, В3, В6, В12, С, фоліевай і пантатэнавай кіслаты, а таксама шэрагу мікраэлементаў. Тлушчараспушчальны кафермент, вядомы таксама як убіхінон, каэнзім Q10, выглядае як цягучая вадкасць без смаку і паху і выпрацоўваецца арганізмам натуральным шляхам. Калі бачны дэфіцыт гэтага вітаміну, трэба пастарацца папоўніць яго ежай альбо дадаткамі.

Аказваецца, каэнзім Q10 – адзін з самых дакладных маркераў старэння чалавека. З узростам яго ўтрыманне ў клетках памяншаецца, таму запавольваюцца працэсы клетачнага дыхання і абцяжарваецца сінтэз энергіі. Як вынік – парушэнне дзейнасці многіх органаў.

Навука кажа пра тое, што найважнейшая функцыя ўбіхінону – каферментная. Абавязковы кампанент дыхальнага ланцуга, KoQ10 ажыццяўляе ў мітахондрыях перанос электронаў ад мембранных дэгідрагеназаў на цытахромы. Лічыцца адным з найважнейшых антыаксідантаў. Яго асаблівасць у тым, што ён здольны самастойна аднаўляць сваю антыаксідантную актыўнасць.

Каэнзім. У чым яго карысць.

У якіх працэсах каэнзім удзельнічае:

  • У павышэнні скарачальнай здольнасці міякарду і папярочна-паласатай мускулатуры
  • Паляпшэнні кроватоку ў міякардзе
  • Антыарытмічным і гіпатэнзіўным дзеянні
  • Павышэнні пераноснасці фізічных нагрузак
  • Антыатэрасклератычным эфекце
  • Запаволенні працэсаў старэння.

Прасцей кажучы, гэта незвычайнае вітамінападобнае рэчыва здольнае падаўжаць жыццё і паляпшаць самаадчуванне. Яго выкарыстоўваюць у медыцыне, касметалогіі (запавольвае надыходжанне ўзроставых змяненняў скуры) і нават у спорце. Спартсмены, як вядома, схільныя да інтэнсіўных нагрузак і розных траўмаў. Каэнзім жа здольны зрабіць мышцы моцнымі і цягавітымі, паскорыць гаенне ранаў і ранак.

Даказана прамая сувязь паміж дэфіцытам каэнзіму Q10 і развіццём сардэчна-сасудзiстых захворванняў.

На сёння сардэчна-сасудзістыя захворванні, асацыяваныя з атэрасклератычнымі зменамі, з'яўляюцца адной з самых частых прычынаў смерці ў дарослых. У тэрапеўтычных мэтах для лячэння гэтых станаў выпісваюць статыны, але іх працяглы прыём выклікае мышачныя скаргі (статын-асацыяваную міяпатыю).

Каэнзім. Функцыі.

Адной з прычынаў гэтага стану, па некаторых дадзеных, называюць выкліканае статынамі зніжэнне ўзроўню CoQ10, а значыць, і аслабленне яго функцый.

А яшчэ адзначаюць здольнасць КоQ10 памяншаць таксічнасць лекаў. Прыкладам можа служыць рандамізаванае даследаванне Larussi і суаўтараў, якія вывучылі ахоўны эфект каэнзіму Q10 (100 мг/сут) пры кардыятаксічнай тэрапіі антрацыклінам у дзяцей з вострым лімфабластным лейкозам і няходжкінскай лімфомай.

У дашкольнікаў, якія часта хварэюць, прымяненне КоQ10 на працягу месяца ў сутачнай дозе 15 мг дазваляла істотна палепшыць стан здароўя (прыходзілі ў норму сон і апетыт, павышалася ўстойлівасць да фізічных нагрузак). Ва ўсіх дзяцей нармалізаваліся механізмы вегетатыўнай рэгуляцыі арганізма і стабілізаваўся клетачны энергаабмен.

Акрамя таго, згодна з даследаваннямі, каэнзім уплывае на рэпрадуктыўную функцыю ў жанчын, а ў плане мужчынскага здароўя – спрыяе падтрыманню ўзроўню тэстастэрону. Рэчыва таксама знайшло прымяненне ў дарослых з дыягнаставанай мігрэнню, у комплекснай тэрапіі цукровага дыябету, пры бранхіяльнай астме.

Каэнзім. Дапамагае пры бранхіяльнай астме.

Таму каэнзім Q10 можа паспяхова выкарыстоўвацца ў лячэбных і прафілактычных праграмах пры розных захворваннях у дарослых і дзяцей.

Сімптомы гіпавітамінозу Q

Каэнзім усмоктваецца з тоўстай кішкі ў лімфу і назапашваецца ў печані. Добраму засваенню гэтага рэчыва перашкаджае дэфіцыт жоўцевых кіслотаў і лішак жалеза. Прыём аральных кантрацэптываў, антыбіётыкаў таксама можа перашкаджаць засваенню.

Як зазначалася вышэй, наш арганізм сінтэзуе вітамін самастойна, але пасля 40 гадоў гэты працэс пачынае запавольвацца. А да 70-80 гадоў узровень Q10 у клетках падае да крытычных значэнняў.

Групы рызыкі

  • Людзі старэйшага ўзросту.
  • Тыя, у каго назіраецца дэфіцыт вітамінаў групы В.
  • Пацыенты, якія доўгі час прымалі статыны.

Якіх-небудзь ярка выяўленых спецыфічных праяў гіпавітамінозу Q спецыялісты не называюць, бо здаровы арганізм спраўляецца з папаўненнем запасу каэнзіму з ежы.

Каэнзім. Папаўняем запасы з ежай.

Пры істотным недахопе ўбіхінону запавольваюцца метабалічныя працэсы, развіваецца дыстрафія і разбурэнне клетак. Чалавек пачынае хутка старэць. Гэта можа прывесці да ішэмічнай хваробы сэрца, зніжэння імунітэту, хранічнай стомленасці, хваробы Альцгеймера і іншых захворванняў.

Гіпервітаміноз Q можа ўзнікнуць пры перадазаванні медыцынскіх прэпаратаў убіхінону. Сімптомы – млоснасць, дыярэя, боль у жываце.

Рэкамендуемай сутачнай патрэбы для каэнзіму Q10 не існуе. Меркавана яна складае 30-45 мг і павялічваецца пры інтэнсіўных фізічных нагрузках, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, некаторых захворваннях. Лічыцца, што 30 мг/сут – гэта прафілактычная доза.

Харчовыя крыніцы каэнзіму Q10

Патрэбнае нам рэчыва змяшчаецца ў прадуктах расліннага і жывёльнага паходжання, а таксама сінтэзуецца мікрафлорай кішэчніка. Тэрмічная апрацоўка агародніны і садавіны разбурае вітамін Q.

Прадукт Утрыманне каферменту Q, мг (на 100 г прадукту)
Чырвоны пальмавы алей 5,4
Ялавічына смажаная 3,1
Селядзец марынаваны 2,7
Кураня смажанае 1,6
Соевае масла 8,7
Фарэль паравая 1,1
Арахіс 2,8
Кунжут 1,8-2,3
Фісташкі 2,1
Брокалі адварная 0,5
Квяцістая капуста адварная 0,4
Апельсін 0,2
Трускалкі 0,1
Яйка адварное 0,1

Нягледзячы на наяўнасць вітаміну ў ежы, большасці пацыентаў, якія пакутуюць ад пэўных захворванняў, трэба прымаць каэнзім Q10 дадаткова, бо толькі за кошт рацыёну яго дэфіцыт не кампенсаваць. Немагчыма ж штодня з'ядаць 900 г ялавічыны альбо 1 кг арахісу? Аднак раней трэба пракансультавацца з урачом.

Рэцэпт марынаванага селядца без воцату

Каэнзім. Марынаваны селядзец без воцату.

Інгрэдыенты:

  • 2 селядцы
  • 2 цыбуліны
  • 2 зубчыкі часнаку
  • 5 гарошын чорнага перцу
  • 1 ч.л. зерня гарчыцы
  • 3 гваздзікі
  • 0,5 ч.л. каляндры
  • Палова лімона
  • 1 ч.л. цукру альбо мёду
  • 3 ч.л. солі
  • 80 мл алею сланечнікавага рафінаванага.

Спосаб прыгатавання:

  1. Разабраць селядзец, аддзяліўшы філе, дастаць костачкі.
  2. Парэзаць на кавалачкі памерам каля 4-5 см. Пакласці ў шкляную ёмістасць, у якой у далейшым яны будуць марынавацца.
  3. Парэзаць цыбулю паўколцамі, высыпаць у ёмістасць з селядцом.
  4. Перац-гарошак і зерне гарчыцы, гваздзік, каляндру перамалоць у кавамолцы альбо перацерці ў ступцы. Дадаць цукар, соль, сок лімона і алей. Часнок прапусціць праз прэс і дадаць у нашу заліўку. Сумесь выліць на селядзец і цыбулю, добра змяшаць.
  5. Пасля таго, як селядзец пастаіць пры пакаёвай тэмпературы гадзіну-другую, прыбіраем яго на суткі ў халадзільнік.

Ямо з задавальненнем, папаўняем запас вітаміну Q, але не злоўжываем!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 14

Вядучы рэдактар рускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст
Глядзіце таксама