25.04.2019
25.04.2019

Як фліртаваць з супернікам? Мужчынскі погляд на фемінізм (+відэа)

logo
Адносiны
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Чым адрозніваецца флірт ад сэксуальнага дамагання? – Калі ты прывабны, дык гэта флірт. Калі не вельмі, дык дамаганне».

У гэтым жарце, які гуляе па сетцы, – адлюстраванне супярэчнасцяў у адносінах паміж мужчынам і жанчынай у сучасным грамадстве. Сацыёлагі і псіхолагі адзначаюць, што барацьба прадстаўніц прыгожага полу за свае правы даўно ўжо тычыцца не толькі пытанняў роўнай аплаты працы або магчымасці займаць высокія пасады. Гаворка ідзе пра змяненне механізмаў рэпрадуктыўных паводзінаў. А гэта і флірт, і заляцанні, і сэкс, і нараджэнне дзяцей, і размеркаванне абавязкаў у шлюбе. Як на такія змены рэагуюць мужчыны?

Напружанне расце

Ці разбурае фемінізм адносіны?

«Мне ўсё жыццё казалі, што я павінна быць шчаслівая, што выціраю немаўляці, які плача, попу замест таго, каб піць каву ў цішыні, слухаць музыку і займацца медытацыяй. Дык вось, гэта не мая мара! Гэта навязана мужчынамі!», «Я павінна прыкідвацца слабой і дурной толькі для таго, каб нейкая няўпэўненая ў сабе асобіна магла адчуць сябе мужчынам?», «Не збіраюся пакутаваць на высокіх абцасах, марнаваць плойму грошай на касметыку, каб быць усяго толькі сэксуальным аб'ектам для тых, каму лянота схадзіць лішні раз у душ».

Такія паведамленні мільгаюць у абмеркаваннях жанчын, якія адносяць сябе да феміністак. У процівагу ім мужчыны пішуць, што такімі глупствамі займаюцца толькі страшныя цёткі, якія не хочуць даглядаць сябе і якія нікому не патрэбныя.

У Пецярбургу актывісткі адкрылі кавярню толькі для жанчын, матывуючы гэта тым, што ім трэба мець прастору, вольную ад мужчынскіх замахаў як на цела, так і на розум.

У многіх мужчын нават згадкі пра фемінізм выклікаюць агрэсію. Мабыць, не ў кожнай тэме можна сустрэць так шмат адкрытай агрэсіі з абодвух бакоў. То мужчыны штурмам спрабуюць патрапіць у жаночую прастору з кветкамі, а жанчыны прыраўноўваюць гэта да абразы. То жанчыны заварочваюць у пялёнкі кавалкі мяса і праводзяць акцыю ля ваенкамата «Нараджай мяса»...

І ўсё гэта на фоне шквалу абясцэньвання, нецэнзурнай лаянкі, пагрозаў у сацыяльных сетках. Чаму?

Разбірацца ў праблеме дапамагаюць пастаянныя эксперты рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны»:

  • Максім Пылёў, практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»;
  • Аляксандр Тыманюк, магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста.

Мужчынскі погляд на фемінізм (+відэа)

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Мужчын бамбуе на гэтай тэме, і няслаба. Тут уключаецца мужчынскае нутро, якое вельмі рэагуе на канкурэнтныя нападкі. Мне здаецца, уся гэтая тэма вельмі разадзьмутая. Шмат экстрэмізму, жадання хайпануць. Калі калісьці фемінізм меў сацыяльны характар, дык зараз галоўную ролю адыгрывае менавіта псіхалагічны аспект. Барацьба за тое, хто больш галоўны, хто мацнейшы, хто больш патрэбны. Гэта пагібельна і для мужчын, і для жанчын. Гэта падножка самім сабе. Калі мэта жанчын – заваяваць свет, дык, можа, яны яе і дасягнуць. А калі разглядаць гэтае пытанне ў кантэксце ўзаемаадносінаў, сямейнага інстытута, працягу роду, дык тэндэнцыі негатыўныя. Калі жанчына ваюе, дык і мужчына ўспрымае яе, як саперніка. Мужчына ў такой сітуацыі губляе сваю мужчынскую каштоўнасць, сілу, бо яна не запатрабаваная, становіцца больш фэмінным, аморфным. І ў такім выпадку жанчына мусіць неяк кампенсаваць гэтыя рэчы. Ці можа сама? І грошы зарабіць, і нашчадкаў вырасціць, і даць правільныя асновы для выхавання дзяцей. Часта развагі пра фемінізм носяць аднабокі характар. Мужчына ўспрымаецца, як слуга.

Ці разбурае фемінізм адносіны?

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста
Я рады, што нарэшце жанчыны пачалі збірацца ў тых месцах, якія ім падабаюцца, дзе ёсць толькі жаночыя правілы. Тэма фемінізму, з аднаго боку – хайп, а з другога – гэта ж арганізацыя і падтрымка жаночай асобаснай прасторы. Яно патрабуе вялікай павагі і аховы. Хлопцы, не чапайце жанчын. Дайце ім спакойна пасядзець, пагаварыць, пафіласофстваваць. Калі мужчыны арганізуюць свой клуб, дык гэта ганарова ў грамадстве. А жанчыны быццам бы права такога не маюць. Гэта няправільна. Як цябе можа чапляць тое, што жанчыны збіраюцца і размаўляюць? Чаму увага прыцягнута да таго, чым займаецца жанчына? Мужчынскі погляд у іншай плоскасці. Лепш ідзі бульдозерам зямлю разраўнуй, чым каментары пісаць у інтэрнэце. У мяне ёсць ідэя, чаму мужчыны нервуюцца. Бо жанчыны растуць, яны духоўна развіваюцца, кажуць пра тое, што іх цікавіць. А потым дапамагаюць адна адной рэалізаваць гэта. І можа стацца так, што яны будуць круцейшымі за мужыкоў. І тады многім давядзецца сутыкнуцца са сваёй нікчэмнасцю, безгрунтоўнасцю. Самае простае – пасмяяцца, падавіць. І быццам бы як з мужчынскай пазіцыі гэта азначае паставіць жанчыну на месца. Я рады, што жанчыны ў гэтым сэнсе агрэсіўныя. Роўна настолькі, што з імі трэба лічыцца і весці дыялог. Але ці здольны да яго апанент, калі рэагуе такім чынам? Жанчынам даводзіцца ваяваць. І гэта сумна.

Ці разбурае фемінізм адносіны?

Ці разбурае фемінізм адносіны?

Еўрапейскія мужчыны прызнаюцца, што цяпер лішні раз не скажуць жанчыне камплімент, паколькі асцерагаюцца абвінавачванняў у дамаганнях. А ўжо пра сэкс і казаць няма чаго. Да прыкладу, у Швецыі адсутнасць канкрэтнай згоды на яго прыраўноўваецца да згвалтавання. А гэта можа каштаваць як добрай пасады і страты дзелавой рэпутацыі, так і рэальнага тэрміну.

У сувязі з гэтым зусім не дзіўна, што мужчыны пачалі масава адмаўляцца ад заляцанняў, сэксу і спробаў пабудаваць шлюб. Балазе, рынкі сэкс-цацак і фільмаў для дарослых квітнеюць. Тэндэнцыя набывае сусветныя маштабы.

Даследаванні сацыёлагаў сведчаць, што, напрыклад, у ЗША і Японіі ўзрастае колькасць маладых мужчын ад 22 да 35 гадоў, якія не вядуць палавое жыццё і не хочуць уступаць у шлюб. У Японіі – рэкордная колькасць нежанатых мужчын (61,4%) і незамужніх жанчын (49,5%) ні з кім не сустракаецца. Прыкладна 25% японцаў ніколі не займаліся сэксам.

Складана сказаць, ці ўплыў гэта фемінізму. Факт у тым, што сучасныя рэпрадуктыўныя паводзіны ў развітых краінах прыводзяць да зніжэння нараджальнасці.

Жанчыны ставяць пытанне пра поўны перагляд поларолевых адносінаў. Усё часцей яны адмаўляюцца быць сэксуальнымі аб'ектамі. І заклікаюць глядзець ім у вочы, а не ў зону дэкальтэ. Як гэта для мужчын?

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Жанчына заўсёды заставалася сэксуальным аб'ектам для мужчыны. Гэтая энергія і дае працяг роду, рух наперад. Мне незразумела гэтае абурэнне. Жаданне выйсці са стэрэатыпаў, хутчэй за ўсё, звязана з праблемай сэксуальнай эксплуатацыі, але гэта ўжо іншае пытанне. Мужчыне цяжка знаходзіцца ў свеце, дзе ён не можа праяўляць сімпатыю, жаданне, калі ён адразу ж асуджаемы за гэта. Для некаторых мужчын гэта можа быць зручна. Для тых, каго задавальняе пасіўная пазіцыя, хто не хоча напружвацца і развівацца. Але для мужчыны, які ведае сабе цану і гатовы на ўчынкі дзеля жанчыны, гэта можа быць нават абразліва.

Флірт на працы

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста
Вялікае шчасце, што жанчына цяпер кажа: «Глядзі мне ў вочы». Рэдкія людзі ўвогуле вытрымліваюць такі погляд. Бо ён трапляе прама ў душу. Гэта вялікая смеласць, і яна заяўлена жанчынай. Мужчынам больш звыкла паглядзець на іншыя часткі цела і скарыстацца імі. Жанчына кажа: «Я не кавалак мяса, я – чалавек». А ёй адказваюць: «У гэтым месцы ты чалавек, а тут мы гэта сціраем». І што мы сціраем? Жаночую душу? Рэальна жанчыны паднялі пытанне: «А ты будзеш мяне кахаць, калі дзяцей нараджаць не буду, не буду кашулі мыць ды іншае». Табе патрэбны функцыянал або чалавек? Вось сіла і праўда кахання. Поларолевыя адносіны вызначаны соцыумам. Калі сустракаюцца мужчына і жанчына, кожны спрабуе сябе ў рамкі паставіць: мужчына – гэта..., жанчына – гэта... А ці падыходзіць гэта табе? Зазірні ў сваю душу. І там убачыш не толькі кветкі. Вось такія пытанні і падымаюць жанчыны.

Калі старыя мадэлі поларолевых адносінаў не працуюць, магчыма, цяпер – самы час ствараць новыя. Нягледзячы на тое, што ў кожнай плыні ёсць свае радыкалы, у большасці сваёй феміністкі не змагаюцца з мужчынамі. Яны хочуць быць пачутымі. І нават адстойваюць мужчынскае права не жыць у адпаведнасці з ідэалогіяй патрыярхата.

Па сутнасці – права і магчымасць жыць па сэрцы для кожнага. З роўнай павагай. І гэта прыгожы пасыл да дыялогу. Ці здольныя мы не ваяваць, а супрацоўнічаць? Як сказаў Карл Вітакер, спачатку ты вучышся любіць сябе, потым – падобнага да цябе чалавека, і толькі пасля з'яўляецца смеласць кахаць непадобнага...

Відэа – Генадзь Сукач, Святлана Стахоўская

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.