31.12.2019
31.12.2019

Як перажыць навагодняе застолле без шкоды для арганізма. Парады ўрача

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
282 079
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Да Новага года засталося не так ужо і шмат часу. Будучая чарада святочных застолляў – сапраўднае выпрабаванне для арганізма. Алкаголь, шмат салатаў, гарачых страў, вэнджаніны і саленняў – усё гэта здольнае нанесці сур'ёзную шкоду здароўю. Дык як жа перажыць застолле без наступстваў для арганізма?

Навагодняе застолле. Як перажыць.

Пра гэта інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі распавяла загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталля Шульга.  

Раіць доктар

Адно з галоўных правілаў – не садзіцца за святочны стол галодным. Каб не было спакусы з'есці ежы ў некалькі разоў больш, за пару гадзін да Новага года варта зладзіць лёгкую вячэру. Асабліва гэта важна тым, у каго павышаны апетыт. У якасці перадсвяточнага перакусу добра падыдуць гародніна з невялікім кавалачкам нятлустага мяса (курыцы альбо індычкі).

Не варта галадаць і ўвесь дзень перад святам, лепей прытрымлівацца звыклага рэжыму харчавання, уключаючы лёгкія перакусы. Шанц пераесці пры такім падыходзе роўны практычна нулю.

Навагодняе застолле. Удзень ямо звыкла.

Каб пазбегнуць праблемаў з арганізмам, не варта налягаць на тлустыя стравы, смажанае мяса, салаты, запраўленыя маянэзам, пірагі і прысмакі. Перавагу лепей аддаваць лёгкім салатам і халодным закускам, стравам з гародніны, зеляніне.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Не злоўжывайце цытрусавымі і прысмакамі. Іх празмернае ўжыванне можа справакаваць непажаданыя алергічныя рэакцыі.

Салаты, запраўленыя маянэзам, тыя ж традыцыйныя «аліўе» і «селядзец пад футрам», лепей з'есці ў самым пачатку вечара, але невялікую порцыю. Непажадана іх даядаць на наступны дзень. Такія стравы хутка псуюцца, а значыць, высокая рызыка атрымаць банальнае атручванне.

Навагодняе застолле. Аліўе.

Пасля салатаў з маянэзам, як правіла, надыходзіць чарга гарачых страў. Не варта забывацца, што ўначы арганізм зусім не настроены на ежу, асабліва на прыём ежы гарачай і тлустай. Таму на гарачае лепей выбіраць нятлустае мяса альбо рыбу.

Падчас святочнага застолля не варта ўжываць вялікую колькасць пакетаваных сокаў, салодкіх газаваных напояў, у тым ліку і шампанскага.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Яны значна павышаюць узровень глюкозы ў крыві. Падстраўнікавая залоза, якая і так старанна працуе, не заўсёды можа выдзеліць дастатковую колькасць інсуліну, каб падтрымліваць нармальны ўзровень глікеміі (глюкозы) ў крыві. Празмернае ўжыванне салодкіх газаваных напояў можа выклікаць таксама ўздуцце жывата і кішэчныя колікі.

Не забывайцеся на пітны рэжым. Па-першае, алкагольныя напоі валодаюць мачагонным эфектам. З-за гэтага арганізм губляе вадкасць, кроў гусцее, узрастае нагрузка на сэрца. Па-другое, пакутуе печань, бо ёй даводзіцца працаваць з падвойнай сілай – нейтралізоўваць таксіны, якія паступаюць у арганізм, у прыватнасці, алкаголь. Каб паменшыць інтаксікацыю арганізма, не забывайцеся на правіла: адна порцыя алкаголю – дзве порцыі негазаванай вады.

Навагодняе застолле. П'ём ваду.

Навагодняе застолле лепей расцягваць. Не варта ўвесь час сядзець за сталом.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Ужыванне ежы трэба сумяшчаць з рухомымі гульнямі альбо прагулкамі на вуліцы. Прадумайце забаўляльную праграму на вечар. Актыўна стасуйцеся. Няхай лепей будзе некалькі падыходаў да святочнага стала.

Правіла ўставаць з-за стала крыху галодным дзейнічае і падчас святочнага застолля. Пачуццё сытасці заўсёды спазняецца.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Не варта наядацца да ярка выяўленага пачуцця распірання. Падняліся, парухаліся, а потым можна і перакусіць.

Калі ўсё ж такі вы адчуваеце, што пераелі, можна прыняць прэпараты, якія ўтрымліваюць стрававальныя ферменты.

1 студзеня лепей зрабіць разгрузачны дзень. Гэта могуць быць гародніна, рыба альбо невялікі кавалачак нятлустага мяса. На працягу дня трэба таксама піць дастатковую колькасць вады.

Наступствы пераядання

Безумоўна, багацце страў на святочным стале рэдка каго пакіне абыякавым. Хочацца пакаштаваць усё і адразу. Аднак наступствы бурнага святкавання не заўсёды заканчваюцца толькі галаўным болем раніцай.

Калі было з'едзена занадта шмат, можа ўзнікнуць уздуцце (метэарызм), з'яўляецца адрыжка, часам нават ваніты і дыярэя.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Добра, калі для чалавека гэтыя расстройствы будуць насіць функцыянальны характар і знікнуць праз пэўны час. Калі ж боль не сыходзіць, а нарастае, самаадчуванне не паляпшаецца, варта абавязкова звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Гэтыя прыкметы могуць быць сімптомамі больш сур'ёзных захворванняў.

Так, празмернае ўжыванне тлустай ежы ў сукупнасці з алкагольнымі напоямі можа стаць прычынай абвастрэння калькулёзнага халецыстыту (запаленне сценкі жоўцевага пузыра, з'яўляецца адной з формаў жоўцевакаменнай хваробы), а таксама спрыяць развіццю вострага панкрэатыту і вострага гепатыту (пашкоджання печані).

Людзям, якія пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, не варта налягаць на стравы, якія ўтрымліваюць шмат солі. Тым жа, у каго ёсць захворванні страўнікава-кішэчнага тракта, лепей устрымацца ад ужывання вострай ежы.

Галоўнае – ва ўсім захоўваць меру. Алкаголь і цяжкая ежа значна павышаюць рызыку абвастрэння ўжо наяўных захворванняў. Таму, раіць урач, не грэбуйце штогадовым медыцынскім абследаваннем: здавайце агульнаклінічныя аналізы і праходзьце УГД брушной поласці. Каб не было потым пакутліва балюча…

Будзьце здаровымі! І шчаслівага Новага года!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

282 0 79

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама