22.08.2017
22.08.2017

Як дапамагчы пацярпеламу. Апёк скуры хімічным рэчывам

logo
Хатні быт
0 38545
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хімічныя рэчывы, якія змяшчаюць шчолач ці кіслату, часта выкарыстоўваюцца ў побыце. Напрыклад, у склад садовай пабелкі, якой пакрываюць дрэвы, уваходзіць гашаная вапна, а яна сама па сабе вельмі небяспечная і можа абпаліць. Працяглая праца з бетонам таксама можа стаць прычынай хімічных апёкаў.

Як аказаць першую дапамогу пры апёках скуры хімічнымі рэчывамі, Слушна распавёў Дзмітрый Мазалеўскі.

Як можна «зарабіць» хімічны апёк

Хімічныя апёкі даволі шкодныя. Пашкоджанне тканак можа працягвацца і пасля таго, як завяршылася непасрэднае ўздзеянне на скуру хімічнага рэчыва. Часам пашкоджаны ўчастак падвяргаецца агрэсіўнаму ўздзеянню яшчэ на працягу некалькіх дзён.

У побыце, апрача ўсяго іншага, атрымаць хімічныя апёкі можна пры няправільным ужыванні адбельвальнікаў, ачышчальнікаў труб або металу, а таксама сродкаў, якія змяшчаюць хлор.

А калі ў складзе ёсць яшчэ і шчолач, дык рэчывы літаральна ўядаюцца ў скуру і не могуць хутка змыцца вадой з пашкоджанага месца. Пры працяглым уздзеянні ўтвараюцца вельмі балючыя глыбокія апёкі.

Важна! Многія сучасныя сродкі для прыбірання памяшканняў утрымліваюць кіслату або шчолач. Уважліва чытайце інструкцыю і карыстайцеся пальчаткамі!

Першая дапамога пры хімічным апёку скурных покрываў

Першае правіла пры аказанні дапамогі пры апёках – спыніць дзеянне паражаючага фактару – ніхто не адмяняў. Гэта значыць, трэба выдаліць хімічнае рэчыва з паверхні скуры. Толькі як? Тут ёсць пэўныя асаблівасці.

  1. Калі хімічнае рэчыва можна змыць вадой (канцэнтраваныя кіслоты ці іх растворы, растворы соляў цяжкіх металаў, растворы шчолачаў, вуглевадароды). У такой сітуацыі ваду льем на рану так, каб яна не траўмавала пашкоджаны ўчастак і не расцякалася па здаровым участку скуры.
 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска
Так званыя «прамыўныя воды» могуць утрымліваць тое ж рэчыва, якое выклікала апёк. Таму пашкоджаны ўчастак трэба змыць так, каб «не закрануць» здаровую скуру. Інакш плошча паражэння можа быць значна большай.

Вада выкарыстоўваецца толькі праточная і прахалодная. Яе тэмпература не павінна быць ніжэйшая за 8 градусаў.

Калі хімічнае рэчыва патрапіла на адзенне або ўпрыгажэнні – іх трэба як мага хутчэй зняць!

  1. Калі хімічнае рэчыва нельга змываць вадой. Змешванне з вадой, напрыклад, нягашанай вапны і парашкоў шчолачаў суправаджаецца вылучэннем цяпла (павышэннем тэмпературы). Гэта можа стаць прычынай больш моцнага апёку. Таму іх змываюць любым вадкім алеем. Можна выкарыстоўваць сланечнікавы або вазелінавы.
 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска
Пасля хімічных апёкаў прамываць пашкоджанае месца трэба доўга. Не менш за 20 хвілін. Гэта абумоўлена тым, што рэчывы могуць пранікаць глыбока ў скуру і выклікаць моцнае пашкоджанне.

Дарэчы, такія апёкі некаторыя замежныя спецыялісты рэкамендуюць прамываць каля 2 гадзін, каб цалкам выключыць верагоднасць таго, што хімічнае рэчыва засталося на скуры.

  1. Ніякіх рэакцый нейтралізацыі хімічных рэчываў рабіць нельга! Існуе меркаванне, што пры трапленні кіслаты на скуру можна пасыпаць яе содай і такім чынам нейтралізаваць рэакцыю. Гэта ў корані няправільна ў адносінах да чалавека.
 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык апёкавага аддзялення Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска
Любая рэакцыя нейтралізацыі ідзе з вылучэннем цяпла. Рэакцыя экзатэрмічная. Як следства, да хімічнага кампаненту дадасца тэрмічны. А гэта ўжо тэрмахімічны апёк.

Прамылі. Што рабіць далей?

Калі чалавек адчувае моцны боль – можна даць лекі, што абязбольваюць.

Мазаць чым-небудзь або ўжываць «бабуліны» рэцэпты для лячэння хімічных апёкаў ні ў якім разе нельга. Можна занесці інфекцыю.

Ніякіх самастойных маніпуляцый, няхай гэта будзе разразанне пухіроў або зняцце «мёртвай» скуры, рабіць нельга. Урачы зробяць гэта лепей!

Пашкоджаны ўчастак скуры варта засцерагчы ад траплення мікробаў, якія могуць выклікаць нагнаенне, а таксама ад траўмавання пры судотыку з чым-небудзь, напрыклад, вопраткай. Для гэтага выкарыстоўваць можна практычна любую чыстую тканіну. Напрыклад, ручнік, прасціну, халат, кашулю або пялёнку. Калі ёсць – спецыяльныя стэрыльныя марлевыя павязкі.

Не імкніцеся лячыць хімічны апёк самастойна, абавязкова звярніцеся па медыцынскую дапамогу да спецыялістаў! Многія з рэчываў, акрамя павярхоўнага ўздзеяння на скуру, пранікаюць унутр арганізма і выклікаюць атручванне.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38545

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».