27.05.2019
27.05.2019

Як захаваць якасць жыцця ў перыяд менапаўзы

logo
Здароўе дарослых
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кожная жанчына ў свеце ў той ці іншай ступені адчувае пабочныя эфекты, якімі суправаджаецца надыходжанне менапаўзы. Ад праславутых прыліваў і перападаў настрою да фізічнага галаўнога і сустаўнага болю. Недамаганне можа стаць звыклым і расцягнуцца на гады, пакуль арганізм канчаткова не адаптуецца да зменаў, якія ў ім адбываюцца. Але для кожнай чацвёртай жанчыны жыццё ў гэты перыяд з-за знясільваючых праяў клімактэрычнага сіндрому проста невыноснае.

Часам прылівы жару, боль у суставах, трывожныя расстройствы такія інтэнсіўныя, што жанчыны нават не ў стане выходзіць на працу. Вучоныя падлічылі, што сумарна агульны бальнічны з-за цяжкага цячэння клімаксу складае амаль 14 мільёнаў дзён у годзе.

Але ёсць і добрая навіна. Захаваць высокую якасць жыцця ў перыяд наступу менапаўзы можна. Для гэтага важна ведаць, як пазбавіцца ад непрыемных сімптомаў або змякчыць іх праявы.

Замяшчальная гарманальная тэрапія

1. Не бойцеся замяшчальнай гарманальнай тэрапіі. 

Гармоназамяшчальная тэрапія (ЗГТ) – самы хуткі і эфектыўны спосаб вярнуць жыццё жанчыны ў нармальнае рэчышча.

Міф пра тое, што ЗГТ павялічвае рызыку ўзнікнення анкалагічных і сардэчна-сасудзiстых захворванняў, даўно нежыццядзейны. Наадварот, сучасныя гарманальныя прэпараты спрыяюць таму, што ў жанчын, якія іх прымаюць, да 50% зніжаецца верагоднасць інсульту, інфаркту, пералому шыйкі сцягна і ўтрая памяншаецца рызыка развіцця раку яечнікаў і эндаметрыю.

Разам з тым, на фоне прыёму ЗГТ сыходзяць нават вострыя праявы гармонадэфіцытнага стану ў перыяд менапаўзы: знікаюць прылівы, патлівасць, раздражняльнасць, урагенітальныя і сэксуальныя праблемы, нармалізуюцца ціск і настрой.

Аднак вельмі важна, каб падборам і прызначэннем прэпаратаў замяшчальнай гарманальнай тэрапіі займаўся акушэр-гінеколаг або гінеколаг-эндакрынолаг. У некаторых выпадках ЗГТ супрацьпаказаная, і тады давядзецца падбіраць альтэрнатыўныя варыянты.

Таксама ўрачу неабходна паведамляць пра ўсе лекавыя прэпараты, якія прызначаныя іншым вузкім спецыялістам, каб ацаніць магчымасць іх узаемадзеяння з ЗГТ.

2. Сэкс не павінен прыносіць больДыскамфорт і балючыя адчуванні падчас палавога акта – рэальная праблема для многіх жанчын узросту менапаўзы (у сярэднім 45-50 гадоў для беларусак).

Гэта можа быць звязана з сухасцю похвы, а таксама з тым, што скура робіцца больш тонкай і менш эластычнай з-за зніжэння ўзроўню эстрагену. Даволі часта ЗГТ дапамагае справіцца з гэтай праблемай. Аднак, калі асноўным сімптомам менапаўзы з'яўляецца сухасць похвы, выкарыстанне мясцовых гарманальных прэпаратаў (вагінальных таблетак і крэмаў, якія змяшчаюць эстраген) можа стацца больш эфектыўным. Асабліва гэта тычыцца жанчын, якія асцерагаюцца выкарыстоўваць пераральныя гарманальныя сродкі з-за раку малочнай залозы ў анамнэзе. Вагінальныя прэпараты дзейнічаюць мясцова, трапленне гармонаў у агульны кроваток зведзена да мінімуму.

Не варта скідаць з рахункаў і лубрыканты. Найбольш эфектыўнымі вагінальнымі ўвільгатняльнікамі з'яўляюцца тыя, якія ўтрымліваюць гіалуронавую кіслату, экстракт алоэ вера і алей абляпіхі. Апошні, у прыватнасці, надзвычай багаты на амега-7 поліненасычаныя тлустыя кіслоты – важны рэсурс для здаровай скуры і слізістых абалонак.

Паспрабуйце ёгу для душэўнай раўнавагі

3. Паспрабуйце ёгу для душэўнай раўнавагі

Павышаная трывожнасць часта з'яўляецца адным з першых сімптомаў надыходзячай менапаўзы, але ёй, як правіла, не надаюць належнага значэння.

Ёга – натуральны спосаб зняць неспакой падчас складанага для жаночага арганізма перыяду.

Вынікі некалькіх даследаванняў, у якіх параўноўвалі ёгу з іншымі відамі фізічных практыкаванняў, паказалі яе перавагі пры ліквідацыі псіхалагічных сімптомаў менапаўзы, такіх, як дэпрэсія і павышаная трывожнасць.

Зрэшты, любая дадатковая фізічная актыўнасць таксама дае спрыяльны эфект, паколькі павышае ўзровень эндарфінаў у крыві і ўзнімае настрой.

4. Змяніце рацыён

Калі справа даходзіць да менапаўзы, змена звыклага рацыёну харчавання можа рэальна змякчыць непрыемныя сімптомы.

Ці ведаеце вы, што японскія жанчыны вельмі рэдка пакутуюць ад непрыемных пабочных эфектаў клімаксу? І гены да гэтага ніякага дачынення не маюць. Вучоныя напрамую звязваюць гэта з характарам іх харчавання, якое адрозніваецца высокім спажываннем раслінных гармонаў, што маюць эстрагенападобнае дзеянне. Даследаванні выявілі, што як толькі японкі пераходзяць са сваёй традыцыйнай дыеты на заходні стыль харчавання, змяняецца і працяг менапаўзы: узмацняюцца прылівы, выяўляецца начная патлівасць, настрой выходзіць з-пад кантролю і г.д.

У вялікай колькасці раслінныя гармоны ўтрымліваюцца ў соевых прадуктах, нуце, сачавіцы, а таксама ў розных відах капусты (асабліва брокалі і кальрабі), рэпе. Яшчэ адна добрая крыніца – насенне гарбуза і лёну.

Раслінныя эстрагены могуць не толькі значна паменшыць сімптомы менапаўзы, але таксама папярэджваюць развіццё ішэмічнай хваробы сэрца і астэапарозу.

Таксама ў перыяд менапаўзы важна забяспечыць рэгулярнае спажыванне вітаміну С у дастатковай колькасці. Ён валодае шматлікімі ўласцівасцямі, якія запавольваюць узроставыя змены: нейтралізуе вольныя радыкалы, якія пашкоджваюць тканкі і выклікаюць заўчаснае старэнне; стымулюе выпрацоўку калагену ў скуры і папярэджвае з'яўленне маршчын. Вітаміну С шмат у агародніне, садавіне, ягадах.

Для захавання трываласці касцяной тканкі штодня ўжывайце ў ежу малако і малочныя прадукты – тварог, ёгурт, кефір, сыраквашу і г.д. Па-першае, гэта забяспечыць паступленне ў арганізм кальцыю; па-другое, ферментаваныя прадукты будуць падтрымліваць нармальную мікрафлору кішэчніка.

Яшчэ адна бясспрэчная перавага рацыёну з упорам на малочныя прадукты і прадукты расліннага паходжання ў тым, што ён дапамагае кантраляваць вагу. А гэта, між іншым, балючая тэма для большасці жанчын у перыяд менапаўзы. З-за зменаў гарманальнага фону лішнія кілаграмы «нарастаюць» лёгка і хутка, затое сыходзяць з цяжкасцю.

Выключыце каву і алкаголь5. Выключыце каву і алкаголь

Змены ў дыеце і ладзе жыцця могуць аказаць вялікі ўплыў на неспрыяльныя сімптомы менапаўзы. Значна большыя, чым многія ўсведамляюць.

Кафеін, як вядома, валодае ўзбуджальным дзеяннем. Гэты эфект можна параўнаць з рэакцыяй арганізма на стрэс – памяншае ўздзеянне заспакаяльнага хімічнага рэчыва ў мозгу, адэназіну, і, такім чынам, павышае ўзровень трывогі.

Алкаголь у прынцыпе аказвае благі ўплыў, тым больш у перыяд, калі арганізм і так моцна аслаблены.

Таму ўжыванне кавы і алкаголю падчас менапаўзы варта скараціць да мінімуму. Яшчэ лепей – адмовіцца зусім. А ў якасці альтэрнатывы аддаць перавагу травяной гарбаце, такой, як ройбуш, рамонак або заспакаяльная мята.

6. Прымайце ванны з магніем

Магній жыццёва важны для добрага самаадчування – ён дапамагае пераадолець стомленасць, памяншае спазмы мышцаў і так званы сіндром неспакойных ног. А яшчэ ён спрыяе нармальнай функцыі кішэчніка. Гэта асабліва актуальна, калі менапаўза суправаджаецца схільнасцю да запораў, бяссонніцай або павышанай трывожнасцю.

Магній у вялікай колькасці змяшчаецца ў зерневых. Аднак пры апрацоўцы і перапрацоўцы зерня большая частка магнію губляецца. Таму дэфіцыт мікраэлемента ў нашых сучаснікаў – звычайная з'ява.

Дапоўніць недахоп магнію можна не толькі выбіраючы багатыя на яго прадукты харчавання. Ён таксама паглынаецца праз скуру. Безадмоўны спосаб добра выспацца ноччу – пакласці жменю солі магнію ў цёплую ванну і на працягу паўгадзіны расслабіцца ў ёй перад сном.

7. Увільгатняйце скуру

Літаральна кожная жанчына ў перыяд менапаўзы сутыкаецца з такой з'явай, як сухасць валасоў і скуры. «Эфект пустыні» не шкадуе ні адну частку цела, ад галёнак да твару, і часта суправаджаецца свербам і лушчэннем.

У гэтым выпадку на дапамогу можа прыйсці алей вячэрняй прымулы, які валодае ўнікальным складам, супастаўным з рыбіным тлушчам. Ён утрымлівае незаменныя тлустыя кіслоты, якія эфектыўна паляпшаюць знешні выгляд скуры, надаюць ёй гладкасць і бляск, адначасова памяншаючы сухасць і лушчэнне. Дастаткова 1-2 г у дзень, каб дапамагчы скуры заставацца ўвільготненай, павысіць яе пругкасць і эластычнасць.

Парайцеся з урачом, ці варта вам прымаць алей вячэрняй прымулы і чым яго можна замяніць у выпадку неабходнасці.

8. Вазьміце сябе ў рукі!

У рэшце рэшт, менапаўза – гэта ўсяго толькі этап у жыцці, а не яго фінал. Даследаванні паказалі, што ў тых жанчын, якія з надыходам крытычнага ўзросту не губляюць упэўненасць у сабе і не зніжаюць планку самаацэнкі, перыяд менапаўзы працякае практычна бессімптомна і не ўплывае на якасць жыцця.

Але нават калі кардынальныя змены ў арганізме даюцца цяжка, зусім не абавязкова пакорліва пакутаваць і цярпець. Сучасныя фармакалагічныя прэпараты здольныя тварыць цуды. Галоўнае – не замоўчваць праблему, а звярнуцца па дапамогу да ўрача.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама