13.09.2020
13.09.2020

Калі баліць... Што такое міяфасцыяльны болевы сіндром

logo
Хваробы ад А да Я
0 15
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі ўзнікае боль, гэта трывожны званочак, які кажа пра тое, што ў арганізме штосьці не ў парадку. І прычынаў можа быць вельмі шмат. Разам з тым, бываюць сітуацыі, калі нават прайшоўшы ўсе магчымыя даследаванні, знайсці «вінаватага» ў дыскамфорце так і не ўдаецца. У падобных выпадках размова можа ісці пра міяфасцыяльны болевы сіндром.

Пра тое, чаму ўзнікае міяфасцыяльны болевы сіндром, яго сімптомы і метады лячэння журналісту інфармацыйнага партала Слушна  распавёў траўматолаг-артапед, урач мануальнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 20-й гарадской паліклінікі г.Мінска Андрэй Бародзіч.

Чаму ўзнікае міяфасцыяльны болевы сіндром

Міяфасцыяльны сіндром. Чаму баліць.

Міяфасцыяльны болевы сіндром – хранічны паталагічны стан, абумоўлены фарміраваннем лакальных мышачных спазмаў альбо ўшчыльненняў, якія прадстаўленыя болевымі кропкамі (трыгерамі). Як растлумачыў Андрэй Бародзіч, трыгерныя кропкі размешчаныя ў мышцах. Гэтыя ўшчыльненні выклікаюць у іх дысфункцыю. Прасцей кажучы, перашкаджаюць ёй адэкватна працаваць і функцыянаваць.

 
Андрэй Бародзіч
Траўматолаг-артапед, урач мануальнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 20-й гарадской паліклінікі г.Мінска
Міяфасцыяльны болевы сіндром – функцыянальнае парушэнне, якое, калі не лячыць, цалкам можа парушыць структуру мышцы, органа і г.д. А гэта ўжо патрабуе больш сур'ёзнай тэрапіі, ажно да хірургічнага ўмяшання.

Мышцы чалавека, яго органы, нервы, сасуды пакрывае злучальная абалонка – фасцыя. Пры рэзкім руху, падзенні, узняцці цяжараў могуць адбывацца фасцыяльныя дысторсіі.

Міяфасцыяльны сіндром. Боль ад падняцця цяжару.

 
Андрэй Бародзіч
Траўматолаг-артапед, урач мануальнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 20-й гарадской паліклінікі г.Мінска
Часцей за ўсё гэтаму спрыяе маларухомы лад жыцця, калі чалавек на працягу доўгага перыяду часу знаходзіцца ў адным становішчы, напрыклад, сядзіць. Стаць прычынай дысторсіі фасцыі можа таксама рэзкі рух альбо выкананне аднатыпных маніпуляцый, калі працуе толькі адна група мышцаў, іншыя ж бяздзейнічаюць. За кошт гэтага адбываецца іх дысфункцыя і, як следства, узнікае міяфасцыяльны болевы сіндром.

Напрыклад, пры сядзячым ладзе жыцця ягадзічныя мышцы не атрымліваюць неабходную ім нагрузку. У выніку ў дзеянне ўключаюцца сумежныя (калі пэўныя мышцы не функцыянуюць, іх ролю бяруць на сябе іншыя), напрыклад, грушападобныя.

З цягам часу, калі нічога не рабіць, развіваецца сіндром грушападобнай мышцы. Па сімптаматыцы яго можна прыняць за астэахандроз альбо міжпазванковую грыжу. Насамрэч, адбываецца спазм гэтых мышцаў і зашчымленне сядалішчнага нерва.

Міяфасцыяльны сіндром. Сядалішчны нерв.

Менавіта з-за падабенства па сваіх сімптомах з іншымі захворваннямі (астэахандрозам, артрозам, міязітам, тэнасінавітам) міяфасцыяльны болевы сіндром патрабуе дакладнай дыягностыкі.

 
Андрэй Бародзіч
Траўматолаг-артапед, урач мануальнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 20-й гарадской паліклінікі г.Мінска
Чалавека накіроўваюць на аналізы, інструментальныя даследаванні, рэнтгенаграму і г.д. Як правіла, вынікі добрыя, у рэдкіх выпадках дыягнастуюць пачатковыя прыкметы астэахандрозу альбо астэаартрыту. Прызначаюць тэрапію, але палягчэння чалавеку яна не прыносіць.

Фактары рызыкі міяфасцыяльнага болевага сіндрому:

  • маларухомы лад жыцця;
  • стэрэатыпнасць рухаў (прыводзяць да перанапружання мышцаў і няправільнага размеркавання тонусу);
  • рэзкія рухі (могуць прывесці да мікратраўмы мышачных валокнаў);
  • паталогіі пазваночніка (нагрузка на мышцы размяркоўваецца нераўнамерна);
  • вымушаная поза, знаходзіцца ў якой даводзіцца доўгі час (мышцы перанапружаныя);
  • траўмы і ўдары (могуць парушыць цэласнасць мышачных валокнаў);
  • стрэсы і эмацыянальнае перанапружанне (прыводзяць мышцы да танічнага напружання).

Сімптомы міяфасцыяльнага болевага сіндрому

Міяфасцыяльны сіндром.

Чалавек адчувае боль (ён можа літаральна вымотваць), скаванасць і абмежаванасць у рухах, стомленасць і перанапружанне, непрыемныя адчуванні ў той ці іншай вобласці.

 
Андрэй Бародзіч
Траўматолаг-артапед, урач мануальнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 20-й гарадской паліклінікі г.Мінска
Пры міяфасцыяльным сіндроме чалавек інтуітыўна спрабуе сабе дапамагчы. Пацягнуць, выпрастаць тую мышцу, якая баліць. Калі з'яўляюцца трыгерныя кропкі, фасцыяльныя дысторсіі, мы, яшчэ не разумеючы, што гэта можа быць, спрабуем націснуць на іх пальцамі, памасіраваць гэтае месца.

Дысторсіі фасцый могуць утварыцца практычна ў любой частцы чалавечага арганізма. Таму назваць канкрэтныя месцы, якія найбольш схільныя да міяфасцыяльнага болевага сіндрому, практычна немагчыма: балець можа, пачынаючы ад скронева-ніжнясківічнага сустава і заканчваючы падэшвеннай фасцыяй.

Вылучаюць 3 формы міяфасцыяльнага сіндрому: вострую, падвострую і хранічную. Пры вострай форме баліць пастаянна, прычым боль узмацняецца падчас руху. Пры падвострай форме міяфасцыяльнага болевага сіндрому балючыя адчуванні ўзнікаюць толькі пры руху, у стане спакою яны не турбуюць. Хранічная форма характарызуецца болем пры націску на трыгерную кропку, пры рухах можа з'явіцца пачуццё дыскамфорту.

Дыягностыка і лячэнне

Міяфасцыяльны сіндром. Трыгерныя кропкі.

Як распавёў Андрэй Бародзіч, міяфасцыяльны болевы сіндром не ўяўляе небяспекі для жыцця, але можа моцна вымотваць фізічна, адбівацца на псіхаэмацыянальным стане чалавека.

Лячэнне захворвання складаецца ў прымяненні фізіятэрапіі (ударна-хвалевая тэрапія, стымуляцыі, лазератэрапія, сінусоідныя модульныя токі). Нядрэнна сябе зарэкамендавала ігларэфлексатэрапія. Па словах Андрэя Бародзіча, эфектыўная ў дачыненні да міяфасцыяльнага болевага сіндрому мануальная тэрапія (з дапамогай спецыяльных тэхнік урачы ўздзейнічаюць непасрэдна на трыгерныя кропкі).

А вось каб міяфасцыяльны болевы сіндром больш не развіўся, спецыяліст раіць быць актыўнымі. Прычым штодня.

Міяфасцыяльны сіндром. Фізічная актыўнасць.

 
Андрэй Бародзіч
Траўматолаг-артапед, урач мануальнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 20-й гарадской паліклінікі г.Мінска
Паміж «пасядзець» і «прайсціся» выбар лепей зрабіць на карысць руху. Сачыце за сваёй паставай, не сутульцеся. Штодня выконвайце няхай сабе і невялікі комплекс практыкаванняў. Дарэчы, практыкаванні, якія «прымушаюць» працаваць яшчэ і глыбокія мышцы (напрыклад, практыкаванні на фітболе), – выдатны спосаб пазбегнуць міяфасцыяльнага болевага сіндрому.

Акрамя таго, дадаў Андрэй Бародзіч, на працягу дня неабходна захоўваць пітны рэжым.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 15

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама