12.07.2020
12.07.2020

«Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень свету не ўбачаць…»

logo
Думкі ўслых
330 083
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Хто пра што, а мы зноўку пра змену клімату, якую немагчыма праігнараваць. Бо столькі ж дажджы ўжо напсавалі сёлета – у маштабах палёў сельгасарганізацый і асобных участкаў дачнікаў-агароднікаў. А тут прыкметы дажджлівыя адна за адной: то Самсон Сенагной, то Пятроў дзень…
Пятроў дзень. Калі ідуць дажджы.

«Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень свету не ўбачаць», – казалі ў народзе. І мелі рацыю. Але паглядзім, парадуе ці не парадуе нас сёлетні дзень святых апосталаў Пятра і Паўла…

А ўвогуле, прыкмета яго «плаксівасці» маецца ў народзе не адна: «Як не дагаджай святому Пятру, а ён прыйдзе – і ўсё сена згніе», «На святых Пятра і Паўла дождж – ураджай нядрэнны, два дажджы – добры, тры – багаты», «Калі гразь у Пятроўку, будзе добры ўраджай», «Калі на Пятра і Паўла дождж – жыта ўродзіцца».

Даўней, вядома ж, усялякія дажджы здараліся. Светлыя і лёгкія, грыбныя… І зямля ўсмоктвала ваду вельмі хутка. Але тое, што вакол назіраю сёлета… Усе гэтыя залітыя ўчасткі… Аптымізму не дадае.

Але, нягледзячы на абяцанне дажджоў, сенакос звычайна быў у самым разгары. Як, зрэшты, і рыбная лоўля. Бо, як вядома, святыя апосталы Пётр і Павел лічацца апекунамі рыбакоў, і тыя цудоўна гэта ведаюць.

Пятроў дзень.Рыбацкая ўдача.

Ды і да самой вады ў Пятроў дзень назіралася даўней у нашых продкаў асаблівае стаўленне. Дзесьці абавязкова наведвалі крыніцы, каб папіць вады, памыцца ёй, дзесьці – качаліся ў ранішняй расе.

А што тычыцца купання ў рэчках, копанках, азёрах, дык тут меркаванні разыходзяцца. Адны лічаць, што нельга, бо менавіта на Пятроў дзень вада забірае ахвяры. Іншыя ж – што яна змывае ўсе грахі, таму і трэба паплаваць…

Не магу не ўзгадаць самае знакамітае выказванне пра Пятроў дзень. Памятаеце?! «Чакай Пятра – сыру з’ясі». Калі прыгадваць яго прамы сэнс, дык менавіта сёння для праваслаўных заканчваецца Пятроў пост. Лічылася, што трэба разгаўляцца сырам ды маслам. А вы любіце сыр так, як люблю яго я?! 🙂

Пятроў дзень. Разгаўляцца сырам.

Паміж Купаллем і Пятровым днём ёсць шмат агульнага. Напрыклад, у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла на світанні таксама назіралі за сонцам, якое, паводле павер’яў, павінна «іграць». Зрэшты, калі світанак будзе дажджлівым, не пабачыць нам таго зноў…

Калі на Купалле шукалі таямнічую папараць-кветку, дык у ноч на Пятра і Паўла – кветку пад назвай «пятроў крыж». Па легендзе, калі яна расцвітае, дык усё навокал поўніцца срэбным ззяннем, быццам ад шматлікіх срэбных крыжыкаў. Лічылася, што выдзернуць пятроў крыж трэба квітнеючы і з коранем, тады ён дапаможа скарбы адшукаць.

А што ж насамрэч?! А насамрэч ёсць такая кветка – пятроў крыж, якая ў розных мясцовасцях вядомая пад рознымі назвамі: мышыная трава, баравец, цар-трава, патаемніца… Пятроў крыж паразітуе (!) на каранях дрэў альбо кустоў. Асабліва даспадобы яму вольха, ліпа, асіна, арэшнік.

Пятроў дзень. Знасці расліну пятроў крыж.

Больш за тое! Расліна – ядавітая, нават моцна ядавітая! У ёй цалкам адсутнічае хларафіл. Хаця яе і прымяняюць у народнай медыцыне, але без вопыту не раяць зусім: магчымае моцнае атручванне. І, тым не менш, пятроў крыж лічыцца, да ўсяго, раслінай-абярэгам.

Колькі б я ні ўглядалася ў фотаздымкі пятрова крыжа, не магу прыгадаць, што дзесьці калісьці яго бачыла… А расліна і сапраўды цікавая, без звыклага зялёнага лісця. Так што таямнічасць вакол сябе цалкам апраўдвае нават знешнім выглядам і сваімі «звычкамі»!

У ноч на Пятра і Паўла таксама палілі вогнішчы. У Пятроў дзень дзяўчаты плялі вянкі і варажылі. Напрыклад, калі меўся ўпадабаны хлопец, дзяўчына ўпрыгожвала вянком… яго каня! І калі той за ноч не скідваў і не з’ядаў вянок, значыць, хлопец адкажа ўзаемным каханнем.

Пятроў дзень. Заляцанні.

А хлопцы як сваю ўпадабаную дзяўчыну адзначалі! Загадзя прыпасвалі вядро з вадой. І калі дзяўчына тая праходзіла міма акна, проста… выплёхвалі ваду на яе! Во гэта заляцанні! 🙂

Таямнічы і загадкавы Пятроў дзень. Але падчас святкаванняў нашыя продкі не забываліся і пра тое, што гарачая пара надышла: сенакос. Таму, пасвяткаваўшы, ішлі працаваць. Возьмем прыклад з іх і мы. З Пятровым днём, шаноўныя сябры! Добрага нам надвор’я і пабольш спрыяльных народных прыкметаў. Няхай спраўджваюцца!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

330 0 83

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.