23.12.2020
23.12.2020

Калі снегу няма, выйсце варта знайсці! Сёння – Дзень снежных анёлаў

logo
Думкі ўслых
0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Не, гэтага не было ў традыцыях нашых продкаў… Нефармальнае свята прыдумана, па ўсім відаць, не так і даўно. Але ж рэспект таму, каму ў галаву прыйшла такая ідэя! У наш няпросты час, што б ні здаралася ў жыцці, па-ранейшаму хочацца дабрыні, цеплыні і… цудаў. Таму – чакайма снежных анёлаў! А лепей – стварайма… Самі.

Снежныя анёлы. Дзень снежных анёлаў.

Пра  тое, як можна «маляваць» анёла на снезе, я даведалася таксама параўнальна нядаўна – паглядзеўшы добры фільм «Снежны анёл» з Аляксандрам Балуевым. Вы любіце добрыя казкі? Тады гэты фільм дакладна для вас. Раю паглядзець. Ну, ці перагледзець. Якраз сёння і нагода добрая для гэтага…

Анёла там робіць дзяўчынка Васіліса, якая кладзецца спіной на снег і водзіць па ім рукамі ўверх-уніз. Так атрымліваюцца крылы анёла. Затым трэба толькі акуратна падняцца… Магчыма, хтосьці рабіў такое і сам?

Далей – болей. Тыя, хто ўжо ведае пра Дзень снежных анёлаў, раяць падчас іх стварэння… загадаць жаданне. Ну вось і яшчэ адзін магічны дзень у нас… Для тых, хто такое любіць. І верыць.

Снежныя анёлы. Як зрабіць анёла на снезе.

А для іншых – проста час прыгадаць добрыя казкі. Альбо зрабіць добрую справу. І ўспомніць блізкіх і дарагіх людзей, якіх няма ўжо з намі. Цяпер яны – нашыя анёлы…

Але што ж рабіць нам сёння, калі снегу так і не прычакалі? Нягледзячы на абяцанні сіноптыкаў? Альбо яго недастаткова, каб зрабіць выразны адбітак снежнага анёла?

Варыянтаў некалькі. І самы просты – набыць. Ці знайсці ва ўласных рэчах… 🙂 Вось асабіста я сяджу і прыгадваю, як колькі гадоў таму мая няштатная аўтарка (дакладней, няштатная аўтарка чэрвеньскай раёнкі, з якой я супрацоўнічала і стасавалася) падаравала мне сапраўды снежнага анёла – невялічкую ёлачную плоскую фігурку адпаведнага колеру.

Снежныя анёлы. Ёлачныя цацкі.

Калі над ложкам яшчэ вісела старая свяцільня, я вешала анёлка да Новага года там. Яшчэ колькі разоў – на ёлку… А цяпер разумею, што даўно яго не бачыла… І варта было б адшукаць. Менавіта сёння, калі ўжо нагода ёсць…

А вось другі анёлак, падараваны колішняй каляжанкай, вісіць на сцяне. Але… ён не снежны. Са шкла. Празрысты, з белай галоўкай, сінімі крыламі і чамусьці чырвонымі боцікамі, што мне нагадвае… бусла. 🙂 Можна было б аздобіць, каб стаў снежным… Ды не хочацца кратаць, бо гэта – з манастыра... Тамтэйшай майстэрні тварэнне…

Варыянт другі. Зрабіць самастойна. У выглядзе выцінанкі ці асобнай фігуркі. Гэта калі вы захапляецеся выцінанкай і ўмееце самастойна ствараць фігуркі. У іншым выпадку… Трафарэт лепей набыць. Думаю, што такія прадаюцца?!

А некаторыя сайты (іх лёгка адшукаць у сеціве) і самі прапануюць спампаваць ды раздрукаваць фігуркі анёлаў. Гэта калі пад рукой ёсць неабходная тэхніка. А тады застаецца толькі выразаць фігуркі і прымацаваць іх, напрыклад, на аконнае шкло.

Снежныя анёлы. Выцінанкі.

Снежнага анёла можна зрабіць і па-іншаму. Не толькі ў тэхніцы выцінанкі. І той, хто добра майструе, хто захоплены творчасцю, я ўпэўнена, абавязкова знойдзе выйсце!

А можна стварыць і не аднаго снежнага анёлка. І падараваць яшчэ камусьці. Альбо загадаць жаданне і павесіць… на бліжэйшую ёлку. Гарадскую, напрыклад. Ці елку… У лесе… 🙂 А што?! Так нават лепей.

Людзі прагматычныя, якія любяць тлумачыць усё і ўсюды, прыдумалі і для снежных анёлаў працу. Маўляў, іх місія на Зямлі ў тым, каб сачыць за снегам узімку.

Снежныя анёлы. Місія на Зямлі – сачыць за снегам.

Ну, не ведаю… Такое ўражанне, што там альбо… хм… не дужа старанныя сабраліся, чаго, мне здаецца, быць не можа… Альбо… Проста шмат вакансій на снежнага анёла. Вось і застаемся мы часцей за ўсё ў снежні, на Новы год ды Каляды без снегу… Магчыма, калі мы сёння зможам стварыць сваіх снежных анёлкаў, усё наладзіцца?! Сусвет – ён жа такі… Усё бачыць.

… А мне здаецца, што калі снег ідзе вялікі і сухі, разам са сняжынкамі на Зямлю ляцяць і снежныя анёлкі…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 48

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".