28.02.2021
28.02.2021

Калі ўсім не да сну… Сустракайма ВЯСНУ! :)

logo
Думкі ўслых
0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Народны каляндар

28 лютага – Анісім Аўчар.

Не да сну ўжо сонейку, нават напрыканцы лютага. Яно стараецца раней устаць і пазней пакласціся, што для нас вельмі і вельмі добра! Светлавы дзень – павялічваецца, вітамін Д – назапашваецца, настрой – узнімаецца, імунітэт – умацоўваецца. Не да сну катам і коткам. «Вясна-а-а-а-а-а-а!» – спяваюць яны што гучней.

Ад гэтых гукаў, бывае, а пятай раніцы і прачынаешся. Не да сну і птушкам. Яны шукаюць корму на зямлі, якая так хутка скінула з сябе снежную коўдру. А пералётныя спяшаюцца вярнуцца ў родную Беларусь. І закаханым не да сну. І шмат каму яшчэ…

Вясна. Каты. Дзень котак.

«Грак на гары – вясна на двары» – заўважалі нашыя продкі. І што вы думаеце?! Да нас яны прыляцелі яшчэ напрыканцы лютага. Я, у прыватнасці, пачула і пабачыла іх, стоячы на аўтобусным прыпынку ў чаканні маршруткі яшчэ 23 чысла. Бо насупраць – наша Чэрвеньская цэнтральная раённая бальніца. Ля яе растуць бярозы, а на іх – гнёзды! Таму пачула гракоў – і дужа здзівілася. Рана!

Але ж нават не верыцца, што сёння ўжо заканчваецца каляндарная зіма. Зразумела, што шмат чаго яшчэ будзе. І маразоў, і снегу, і завей… Толькі не трэба нам ні «Хаўера», ні «Даніелы», ні «Трыстана», ні яшчэ там каго… 🙁 Хопіць, адлютаваў сваё люты. Сакавік павінен старацца і несці нам пяшчоту. Усё ж – ВЯСНА!

Дачнікі-агароднікі ўжо стаяць у нізкім старце. Закупляюць насенне, загартоўваюць яго на снезе, які яшчэ захаваўся месцамі, набіраюць зямлі з градак альбо набываюць крамны грунт… І сеюць-сеюць-сеюць насенне на расаду. Хутка распачнецца чарговы агародніцкі сезон!

Вясна. Напярэдадні новага дачна-агароднага сезона.

Ну, а нашы любімыя хвастатыя сёння святкуюць Дзень котак, які на кожным інтэрнэт-рэсурсе называецца па-рознаму. Але сэнс – адзін. І сёння сваіх жывёлак трэба пачаставаць і палашчыць! А мо, і які падаруначак прыкупіць… 🙂 Усё ж яны нас любяць, забаўляюць і нават… лечаць.

Не варта забывацца і пра котак нічыйных. Прычым, зразумела ж, не адзін раз на год пра іх прыгадваць, у гэтае свята. Яны таксама маюць пастаянную патрэбу ў клопаце, доглядзе і пяшчоце. Ну што ж ты зробіш, калі ўжо нарадзіліся і жывуць…

А вы ведаеце, што котка можа разагнацца… да 50 км/г?! Я, па шчырасці, не дужа ў гэта веру. Ну ўявіце сабе, што вы едзеце за рулём аўто па трасе, дзе выстаўлена абмежаванне ў 40 км/г. І раптам вас абыходзіць… котка! 🙂 Уявілі?! Але падаецца гэта як навуковы факт.

Вясна. Каты. Дзень котак.

«Ну што ж ты ўсё спіш і спіш», – бывае, з дакорам звяртаемся мы да ката ці коткі. Калі б яны ўмелі размаўляць па-чалавечы, дык, мабыць, адказалі б: «Дык а чым яшчэ займацца?! Паролю ад вай-фай не даеш… Ноўтбук хаваеш… І нават у смартфоне не дазваляеш мышэй паганяць!» А паводле падліку вучоных, каты-коткі спяць па 12-16 гадзін у суткі. Прычым многія гаспадары ведаюць: і зусім не ноччу… 🙂

Ноч – гэта каб паесці, папіць, панасіцца, як ракета, паскакаць па паліцах, ухапіць за нагу гаспадара, пагаласіць, каб яшчэ есці даў… Знаёма?! Але як бы без іх было б сумна…

А што тычыцца святкаванняў у гонар котак, дык яны распачаліся адносна нядаўна. Упершыню такое мерапрыемства зладзілі ў Японіі ў 1987 годзе. Праўда, 22 лютага.

Вясна. Свята катоў у Японіі.

Ну, чым занятая сёння вашая гадаванка ў вольныя хвіліны? Легла спаць і нос у лапы хавае?! Значыць, мароз прадказвае. Тэрмінова будзім! 🙂 Ліжа сябе супраць поўсці? Да дажджу. Бач ты, якая котка-сіноптык! Бо дождж-снег нам і ў прагнозе надвор’я ў бліжэйшыя дні абяцаюць…

Маеце котку трохколерную?! Ды вы шчаслівы чалавек! Гэтая котка, па павер’ях, сапраўды прыносіць шчасце. А яшчэ – абараняе дом ад розных няшчасцяў, у тым ліку і ад пажару.

А ў народным календары 28 лютага – Анісім Аўчар. Пра яго адметныя традыцыі пісала летась. Тут вам і для агароднікаў, і для аматараў вязання – пра загартоўку насення і нітак! І не толькі…

Заўтра – вясна. 28 лютага – Анісім Аўчар.

А што там нашыя продкі яшчэ казалі пра сакавік?!

«Калі ў сакавіку вада не цячэ, то ў красавіку трава не расце»

«Калі холад сканчаецца да канца сакавіка – быць цёпламу лету»

«Гром у сакавіку – на ўраджай»

«Чайка прыляцела – хутка лёд пойдзе»

Назірайма і прыкмячайма!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 48

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".