6 Сакавіка
06.03.2019

Калі варэнне – яд…

logo
Думкі ўслых
192 0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У дзяцінстве я не магла ўявіць свайго жыцця без варэння. Сунічнае, чарнічнае, малінавае, з трускалак… А за вішнёвае без костачак гатова была ўсё аддаць! А вы памятаеце, як смачна гэта было?! Накласці варэння на лусту батона і, падхопліваючы языком кроплі, калі яно падцякала, запіваць гэтую смакату малаком?!

А варэння ў нас заўсёды на ўмоўную зіму (куды ўваходзілі і восень, і вясна) назапашвалася ў сезон мора! Пра гэта турбаваліся мае бацькі, прывучаныя да збіральніцтва і перапрацоўкі дзікарослых і садовых ягад у сваіх сем’ях. Праўда, як правільна зварыць пэўныя іх віды, каб атрымалася смаката, а не штосьці неядомае, вучыцца даводзілася і па кнігах.

У прыватнасці, так мой тата асвоіў мудрагелістую варку варэння з суніцаў. Бо калі зрабіць гэта няправільна, яно атрымлівалася сухім і горкім. А так… Усе нашы госці, памятаю, здзіўляліся і захапляліся! А ў мяне і да гэтага часу перад вачыма тыя слоічкі з сунічным варэннем. Асабліва даспадобы было, калі яно атрымлівалася густым, з вялікай колькасцю ягад, а не толькі сіропу.

З кожным годам тата ўсё ўдасканальваў сваё майстэрства. Эксперыментаваў і варыў варэнне з некалькіх відаў ягад разам. Так, у рэшце рэшт, колькі гадоў таму ў нас з’явілася новае, але пераважна для лячэння ў перыяд прастудных захворванняў: з маліны і чарніцаў. Спачатку ўжывалі яго інтуітыўна і адзначалі палёгку стану. А тады дзесьці ў сеціве я прачытала, што некаторыя даследчыкі лічаць яго лепшым падтрымліваючым сродкам, чым проста малінавае. А малінавае «на лекі» стараліся мець у доме заўсёды.

З цягам часу змяніліся не толькі погляды на жыццё, але і яго лад. А таксама – прынцыпы харчавання. І ўжо даўно мы не назапашваем варэнне ў, так бы мовіць, прамысловых маштабах. І мы з мамай практычна яго не ўжываем. Толькі калі лекавае. А тата звычайна – з раніцы, некалькі чайных лыжачак да гарбаты.

Таксама неяк інтуітыўна перайшлі. Проста ў адзін момант варэння… расхацелася. А тым больш – з батонам. І не таму, што гэта можа быць шкодным. Проста сам арганізм – не захацеў. І ўжо значна пазней даведаліся, што ўрачы-дыетолагі сапраўды раяць варэннем не захапляцца. Дарослы чалавек можа без асаблівай шкоды спажываць яго толькі 2-3 сталовыя лыжкі на дзень. Зразумела, нельга есці варэнне хворым на цукровы дыябет, а яшчэ – людзям з атлусценнем.

Але вясковыя сваякі па-ранейшаму нарыхтоўваюць шмат варэння, прапануючы яго сваім гарадскім ужо дзецям, унукам, праўнукам... І, бывае, стаяць у іх незапатрабаваныя слоікі з заваблівым змесцівам, пакрываюцца плесняй зверху. А калі раптам захочацца варэння… Плесню скідаюць, а варэнне альбо пераварваюць, альбо спажываюць і так… А гэта, па меркаванню ўрачоў, ужо не варэнне, а ЯД!

Так, вось мы і падышлі да сутнасці назвы разважанняў. Прызнацца, калісьці і мы тым грашылі. Ну падумаеш – плямка плесні! Скінуў з захопам добрага ўчастка – і еш сабе. Але, кажуць спецыялісты, яно абсалютна ЎСЁ заражана спорамі.

І нават калі варэнне пераварыць, высокая тэмпература, аказваецца, забівае не ўсе плесневыя грыбкі і бактэрыі. І куды яны пасля трапляюць?! Правільна, у кішэчнік. А наступствам можа стаць не проста часовае дрэннае самаадчуванне, але і самае сапраўднае атручванне. А ў тых, у каго маецца алергія ці астма, можа нават распачацца прыступ.

Таму праверце, калі ласка, свае нарыхтоўкі і пры знаходжанні плесні проста адпраўце іх на сметнік.  Як бы ні было шкада, магчыма, адзінага слоічка – як напаміну пра родную вясковую бацькоўскую хату…

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

192 0 34

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.