05.08.2021
05.08.2021

Адшукваецца сябар. Што рабіць, калі згубіўся хатні гадаванец

logo
Сям'я
0 84
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Жыццё робіць нам розныя сюрпрызы. І часам казкі пра блуднага папугая і зніклага Дружка аказваюцца больш чым рэальнымі.

У першыя моманты страты натуральна не ведаеш, куды бегчы, ці не так?! Мы падрыхтавалі для вас інструкцыю на выпадак «X» і сабралі гісторыі людзей, якія ўжо калісьці гублялі сваіх хатніх гадаванцаў. Папярэджаны – значыць узброены.

Што рабіць, калі ўцёк хатні гадаванец?

Хатнія гадаванцы. Што рабіць, каб знайсці, калі згубіліся.

1. Для пачатку трэба старанна абследаваць усе пакоі і зацішныя месцы ў вашай кватэры. Досыць часта праз стрэс жывёлы могуць зашыцца ў самыя нечаканыя месцы. Вядома мноства выпадкаў, калі коцік сядзеў пад шафай і не адгукаўся на мянушку, а гаспадары ўжо аббегалі палову раёна.

2. Калі жывёлы ў кватэры ўсё ж няма, дык варта праверыць усе паверхі, гарышча і падвал у сваім доме. Падчас пошукаў трэба пастаянна клікаць свайго сябра. З сабой неабходна ўзяць пачастунак: раптам гадаванец згаладаецца і выйдзе на пах?! Варта таксама прытрымлівацца залатога правіла: «Котку шукай паблізу, сабаку – усюды».

3. Трэба праверыць знаёмыя хатняму гадаванцу месцы, а таксама месцы, дзе яго маглі прыкарміць: суседнія двары, прыпынкі, крамы і г.д.

4. Калі выніку няма, дык неабходна распаўсюдзіць інфармацыю пра страту. Тут варта выкарыстаць як традыцыйныя сродкі (расклейка аб'яў і папярэджанне суседзяў, дворнікаў, прадаўцоў у крамах), так і сучасныя (групы ў сацыяльных сетках, допісы, гісторыі). Важна, каб на аб'яве было фота вашага гадаванца. Нядрэннай будзе прапанова ўзнагародзіць таго, хто знойдзе. Аднак плаціць варта толькі пасля непасрэднага вяртання жывёлы дадому.

Хатнія гадаванцы. Часта згубленых прыносяць у ветклінікі.

5. Наступны крок – абавязковы званок у ветклінікі і прытулкі. Паведаміце супрацоўнікам пра вашую страту і спытайцеся: можа, у іх нядаўна з'явіўся хтосьці, хто адпавядае апісанню? Людзі часта прыносяць знойдзеных жывёлаў менавіта туды.

Што рабіць, каб больш не губляць?

Хатнія гадаванцы. Адраснік.Каб пазбегнуць падобных сітуацый, варта адразу абзавесціся парачкай простых рэчаў: трэкерам і адраснікам. Таксама ў цёмны час не пашкодзіць наяўнасць ашыйніка, які свеціцца.

GPS-трэкер суправаджаецца мабільным дадаткам і працуе па прынцыпе маячка: дапамагае адсачыць дакладнае месцазнаходжанне жывёлы. Гэта асабліва карысна, калі вы падарожнічаеце з хатнім гадаванцам альбо адпачываеце на дачы. Дзякуючы яму вы можаце нават выдзяліць пэўную тэрыторыю. І калі чатырохногі сябар выйдзе за яе, дык на тэлефон адразу прыйдзе апавяшчэнне.

Адраснік – больш традыцыйны спосаб. Часцей за ўсё гэта медальён з нанесенымі спосабам гравіроўкі (ці якім іншым) кантактамі гаспадароў і мянушкай вашага гадаванца.

Гісторыі са шчаслівым заканчэннем

Хатнія гадаванцы. Калі згубіўся ратвейлер.

Святлана Богдан (Мінск):

– Мне было гадоў шэсць, калі мой кот выбег у прыадчыненыя дзверы, пакуль маці размаўляла з суседкай. Мы не маглі яго дагнаць, а пасля – знайсці. Праз дні чатыры кансьерж паведаміла, што нейкага ката дзеці цягаюць на чацвёртым паверсе, ён вельмі змучаны, і яго збіраюцца выкінуць на вуліцу.

Мы з мамай адразу ж пабеглі і пазналі ў гэтым небараку свайго Барыса! Забралі дадому. Больш ён не ўцякаў, нават на прагулку хадзіў з намі побач, як сабака, літаральна ў двух-трох кроках. Стараўся не выпускаць нас з-пад увагі. І варта было толькі прыўзняцца з лаўкі, як кот адразу ж кідаўся да ног, каб толькі не сышлі без яго.

Жанна Байбардзіна (Маладзечна):

– Адбылося гэта, калі я знаходзілася ў радзільні і толькі нарадзіла старэйшага сына. Мае бацька з мужам вырашылі адзначыць падзею «па-даросламу». Пайшлі ў парк, узялі з сабой сабаку пароды ратвейлер, а вярнуліся без яго. Маці патэлефанавала мне, паведаміла пра гэта.

Я, нядоўга думаючы, праз акно – і ў парк (ён якраз побач з радзільняй). У чым была: у халаце і тапачках. На шчасце, то быў першы паверх, але, мяркую, трэці б мне не перашкодзіў ажыццявіць уцёк. Знайшла я сабаку не ў парку, а каля суседняга дома. Пакуль шукала, ён, відаць, дадому накіраваўся.

Ох, і перапалохалася тады: ратвейлер ўсё ж такі! І даволі агрэсіўны ён у нас быў. І шкада было.

Я геолаг па прафесіі. Скончыла Новачаркаскі геалагічны тэхнікум. Да прыезду ў беларускі горад Маладзечна і да замужжа многае давялося перажыць. Сабака заўсёды быў побач. Купіла яго адразу ж, як па размеркаванні трапіла ў Цэнтральна-Кольскую экспедыцыю ў Манчагорск.

Мы з ім дзе толькі ні былі: і ў тайзе, і ў тундры. Дзякуй Богу, сабака знайшоўся, а ў радзільным доме такая шуміха паднялася ўжо! Часта прыгадваю…

Наста Пахлёстава (Бабруйск):

– У нас жылі два папугаі: самец з самачкай. Неяк улетку мы паехалі на дачу і ўзялі сваіх хатніх гадаванцаў з сабой. Паколькі на вуліцы было цёпла, мы пачалі выносіць птушачак падыхаць паветрам.

Хатнія гадаванцы. Як згубіўся папугайчык.

І вось аднойчы клетка выпадкова адчынілася, і Кеша выляцеў... Выявіўшы згубу, мы вельмі знерваваліся і пайшлі шукаць: глядзелі ў небе, на дрэвах – усё беспаспяхова. Да таго ж, наш дачны ўчастак знаходзіцца побач з лесам. Увечары давялося вярнуцца дадому.

Ноччу, як на зло, надвор'е жудасна сапсавалася: пачаўся моцны дождж, узняўся вецер. Мы ў думках пахавалі ўжо гэтага папугайчыка. Падумалі: «Значыць, такі ў яго лёс». Раніцай выйшлі на двор піць каву. І тут я, узняўшы вочы да неба, убачыла блакітныя крылы. «Глядзіце, глядзіце, наш Кеша ляціць!!!» – вырвалася з маіх вуснаў. У гэты раз нам удалося прасачыць, у які бок ён паляціць, і пайсці за ім.

Прыходзім на суседні ўчастак і бачым: сядзіць наша птушка на яблыньцы спакойна і чакае. Паспрабавалі прывабіць кормам – не атрымалася. Потым прынеслі клетку з другім папугайчыкам і паставілі яе ў хаце суседа. Хлопец тут жа прыляцеў на вокліч сваёй самачкі. Пасля гэтага выпадку Кеша пражыў яшчэ даволі доўга. Толькі ў той раз не далічыўся некалькі пёраў у хвасце. Можа, каты трохі падралі, а можа, і сам страціў.

Вадзім Лавар (Маладзечна):

– Памятаю, у дзесяць гадоў у мяне ўпершыню з'явіўся сабака, англійскі кокер-спаніэль. Фрэда палюбіла ўся сям'я, для нас ён быў не проста сабакам. Мы жылі ў кватэры і прызвычаілі нашага сябра гуляць самастойна: з раніцы выпусцім яго на вуліцу, ён зробіць свае справы – і вяртаецца пад дзверы.

Хатнія гадаванцы. Любімы кокер-спаніэль.

Спачатку ўсё было добра. Але з часам сабака пачаў губляць слых і зрок. І вось у адзін дзень бацькі яго выпусцілі, а ён не прыйшоў. Я тады вучыўся ў Наваполацку, і маці расказала мне пра здарэнне.

Вядома ж, пакінуць свайго сябра я не змог – тут жа сеў у цягнік і прыімчаў. На наступны дзень расклеіў аб'явы. Адразу пачалі тэлефанаваць людзі, казаць, што бачылі сабаку, падобнага да нашага.

Па кожным званку я адразу бег, але заўсёды спазняўся: машыны на той момант у мяне не было. Цікава, што ў гэты час якраз па горадзе хадзіў яшчэ адзін сабака такой жа пароды, і большасць званкоў тычылася яго.

Праз пяць дзён, калі рукі ўжо апускаліся, мне патэлефанавала дзяўчынка і сказала, што бачыла яго каля дрэва. Прыехаўшы на месца, я сапраўды знайшоў там Фрэда. Выгляд у яго быў жудасны: увесь брудны, за тыдзень ён моцна схуднеў, нават рэбры прасвечваліся.

Сябар адразу пазнаў мяне, і мы паехалі ў ветклініку. Якое было здзіўленне, калі на шляху туды я ўбачыў бацьку, які прыехаў з Піцера, каб шукаць сабачку. Тата як адчуваў: ішоў у правільным кірунку.

Пасля гэтай гісторыі Фрэд пражыў яшчэ паўтара года.

Дзіяна Раманава (Мінск):

– Каля дзевяці месяцаў таму ў мяне з'явілася котка. Забіралі мы гэтую даму ў валанцёраў (ранейшыя гаспадары жорстка з ёй абыходзіліся). Дадому ледзь давезлі: яна была вельмі агрэсіўнай.
З часам гэты цуд прызвычаіўся да нас і зрабіўся больш спакойным, яму ўжо амаль 3 гады.

Хатнія гадаванцы. Котка ад валанцёраў.

І вось неяк раніцай мая ўлюбёнка знікла... Першы паверх, акно адчыненае на праветрыванне, нашай маленькай нідзе няма. Я перш за ўсё ў Instagram, пішу пост, раблю гісторыю – і бегма шукаць. Муж таксама падтрымаў і актыўна дапамагаў у пошуках, але выніку – нуль.

Позна ўвечары, стомленыя, без настрою, вярнуліся дадому. Адчыняем пад'езд, у мяне ледзь не істэрыка… Падыходзім да кватэры – сядзіць цуд! Убачыла нас, радасным «мяў» павітала і зайшла ў кватэру, быццам нічога і не было…

А ўвогуле, я вельмі люблю жывёл. Каго ў мяне толькі ні было! І вось аднойчы сяброўка падарыла мне вавёрачку (дэгу). Вельмі дзіўны звярок. У пэўны момант я зразумела, што маёй Бэле сумна, і вырашыла завесці ёй сябра. Знайшла аб'яву, дамовілася аб куплі, але штосьці пайшло не так, і маленькіх вавёрачак распрадалі. Жанчына, з якой мы дамаўляліся, сказала, што хутка будзе новыя нашчадкі, і прапанавала пачакаць.

Прамінуў час, званок, жанчына ў слязах, кажа, што самка слабая. Не ведае, што рабіць, бо малыя нарадзіліся. Доўга не думаючы, я прапанавала варыянт з выкормліваннем. Але гаспадыня ўгаварыла ўзяць гэты абавязак на сябе, бо яна ўжо не маладая, і ёй складана. Так у мяне з'явілася куча малых вавёрачак.

Хатнія гадаванцы. Маленькія вавёрачкі дэгу.

Спала я зусім мала і часта засынала з імі. І вось неяк прачынаюся, саджуся іх карміць і грэць, заўважаю, што не хапае аднаго малога... Адразу падумала: напэўна, выпаўз, і котка за цацку прыняла… Пайшла шукаць.

Выходжу на кухню, а малы там. Побач котка – грэе яго. Мабыць, стаміўся ад братоў і сясцёр, вырашыў пагуляць. З таго дня котка сачыла за імі, каб не выпаўзлі, пакуль я сплю.

Усе фота носяць ілюстрацыйны характар і ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 84

Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ