20.09.2020
20.09.2020

Кампанія па вакцынацыі супраць грыпу сезона 2020/2021 у пытаннях і адказах

logo
Навiны
0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Масавая кампанія па вакцынацыі супраць грыпу ўжо стартавала ў Беларусі. Сёлета яна пачалася крыху раней за звыклыя тэрміны. Інфармацыйны партал Здаровыя людзі сабраў самую актуальную інфармацыю, якая тычыцца кампаніі па вакцынацыі супраць грыпу эпідэмічнага сезона 2020-2021 гг. Пра тое, якімі вакцынамі будуць прышчэпліваць, чаму такую прышчэпку варта рабіць штогод, чым небяспечны грып, чытайце ў нашым матэрыяле.

Грып. Вакцынацыя супраць грыпу. Сезон 2020-2021 гг.

Ці эфектыўная вакцынацыя?

Сёлета, як і ў папярэднія гады, прышчапіць ад грыпу плануецца не менш за 40% насельніцтва. Гэта трэба для таго, каб сфармаваўся так званы калектыўны імунітэт, неабходны для прадухілення актыўнай цыркуляцыі віруса.

Як адзначыла на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, у мінулы сезон 2019-2020 гадоў захворванне на грып і ВРІ склала 6,1 на 100 тысяч насельніцтва. Праведзеная вакцынацыя дапамагла прадухіліць больш за 143 тысячы выпадкаў грыпу, а таксама 17 тысяч выпадкаў ускладненага грыпу.

Акрамя гэтага, прышчэпкавая кампанія дазволіла папярэдзіць прыкладна 162 тысячы выпадкаў ВРІ негрыпознай этыялогіі. Дарэчы, летась захворванне на грып сярод тых, хто зрабіў прышчэпку, была ў 14 разоў ніжэйшая, чым сярод непрышчэпленых (гаворка ідзе пра лабараторна пацверджаныя выпадкі захворвання).

Вакцынацыя супраць грыпу.

 
Іна Карабан
Начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Кажучы пра ўплыў вакцынацыі на захворванне на ВРІ і грып сярод прышчэпленых і непрышчэпленых, хачу прывесці наступныя факты. Ахоп вакцынацыяй больш за 40% калектыву на прадпрыемстве дазваляе знізіць паказчык захворвання ў 2 і больш разоў і прывесці практычна да адсутнасці інфекцыі.

Вакцынацыя супраць грыпу ў два разы больш эфектыўная, чым неспецыфічныя меры прафілактыкі захворвання.

Якія вакцыны будуць выкарыстоўваць у цяперашнюю прышчэпкавую кампанію?

Зменлівасць вірусаў грыпу прыводзіць да таго, што штогод мяняюцца і саставы вакцынаў. Яны ўтрымліваюць менавіта тыя прагназуемыя штамы віруса, якія будуць цыркуляваць у эпідэмічным сезоне. Сёлета канчаткова рэкамендаваны СААЗ склад трохкампанентных сезонных вакцынаў супраць грыпу наступны:

  • вірус, падобны да A/Guangdong-Maonan/SWL1536/2019 (H1N1) pdm09
  • вірус, падобны да A/Hong Kong/2671/2019 (H3N2)
  • вірус, падобны да B/Washington/02/2019 (B/Victoria lineage).

У склад чатырохкампанентных вакцынаў уключаны яшчэ адзін кампанент:

  • вірус, падобны да B/Phuket/3073/2013 (B/Yamagata lineage).

Прышчапляць насельніцтва будуць на бясплатнай аснове «Грыпол плюс» расійскай вытворчасці. Для вакцынацыі за кошт уласных сродкаў, акрамя вакцыны «Грыпол плюс», будуць даступныя іншыя: чатырохвалентны «Ваксігрып тэтра» (Францыя), «Інфлювак» (Нідэрланды), «Ультрыкс» (Расійская Федэрацыя).

Каму ў першую чаргу неабходна зрабіць прышчэпку?

Вакцынацыя супраць грыпу. Каму неабходна зрабіць прышчэпку.

Па словах Іны Карабан, прышчапляцца варта людзям з хранічнай паталогіяй. Прычым для такіх асобаў вакцынацыя з'яўляецца хутчэй паказаннем да таго, каб зрабіць такую прышчэпку, чым супрацьпаказаннем. Акрамя гэтага, у першую чаргу вакцынавацца неабходна:

  • дзецям ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Калі дзіця малодшае за шасцімесячны ўзрост, прышчапіцца пажадана яго бацькам;
  • сталым людзям, старэйшым за 65 гадоў;
  • цяжарным жанчынам;
  • супрацоўнікам і асобам, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання;
  • работнікам арганізацый аховы здароўя, фармацэўтычных прадпрыемстваў, навучальных устаноў;
  • школьнікам і студэнтам;
  • тым, у каго ў сям'і ёсць сваякі з хранічнымі захворваннямі, якія па якіх-небудзь прычынах не могуць вакцынавацца самі.

Прышчэпку ад грыпу забаронена рабіць тым, у каго алергія на бялок курыных яек! Штамы віруса, якія змяшчаюцца ў вакцынах, вырошчваюцца на курыных эмбрыёнах.

Колькі дзейнічае імунітэт пасля прышчэпкі?

Імунітэт пасля вакцынацыі супраць грыпу фарміруецца на працягу перыяду ад 7 да 21 дня. Аптымальная абарона ад грыпу захоўваецца ад 3 да 6 месяцаў пасля прышчэпкі. Пік росту вострых рэспіраторных захворванняў у нашай краіне, як правіла, прыпадае на люты-сакавік. Менавіта таму вакцынацыя ўвосень забяспечвае надзейную абарону на працягу ўсяго сезону ВРІ.

Калі перахварэў на каранавірус. Ці можна прышчапіцца?

Каранавірус і грып. Ці можна прышчапляцца тым, хто перахварэў на каранавірус?

Больш ранні пачатак прышчэпкавай кампаніі спецыялісты тлумачаць у тым ліку і пандэміяй каранавіруса, якая працягваецца. Асаблівую небяспеку ўяўляе спалучэнне гэтых дзвюх інфекцый. Вірусы аднолькава валодаюць уласцівасцю неспрыяльна ўздзейнічаць на лёгачную тканку, прыводзячы да развіцця пнеўманіі.

 
Іна Карабан
Начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Улічваючы гэта, нашым медыкам давядзецца сутыкнуцца адразу з двайной атакай небяспечных вірусаў: віруса грыпу і каранавіруса. Таму зрабіць прышчэпку ад сезоннага грыпу рэкамендуем ўсім, нават праціўнікам вакцынацыі. Спадзяюся, яны разумеюць, наколькі сур'ёзнай можа стаць сітуацыя, калі адначасова заразіцца і вірусам грыпу, і COVID-19. Вынік можа быць фатальным.

Дарэчы, у выпадку цяжкага вострага захворвання альбо абвастрэння хранічнага адмаўляцца аб прышчэпкі няма прычынаў. Вакцынацыю можна адкласці да выздараўлення. Гэта ж тычыцца і перанесенай інфекцыі COVID-19. Асобы, якія перахварэлі на каранавірусную інфекцыю, могуць вакцынавацца супраць грыпу пасля выздараўлення і атрымання на гэта дазволу ад свайго ўрача.

Зрабіў прышчэпку і захварэў на грып...

Вакцынацыя пасля грыпу. Ці магчыма захварэць пасля прышчэпкі.

Не ўсё так адназначна. Як адзначыла загадчыца лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Шмялёва, усяго сярод людзей цыркулюе велізарная колькасць рэспіраторных узбуджальнікаў. Гэта больш за 200 розных вірусаў, якія здольныя выклікаць захворванні ў людзей рознай ступені цяжкасці.

У сваю чаргу Іна Карабан патлумачыла: для таго, каб даказаць, што менавіта вірус грыпу выклікаў захворванне, неабходна праводзіць лабараторнае даследаванне. Да таго ж, ёсць грыпападобныя захворванні, якія па сваёй клінічнай карціне вельмі падобныя да грыпу: высокая тэмпература, ліхаманка, інтаксікацыя. Насамрэч, прычынай захворвання можа быць адзін з 200 цыркулюючых узбуджальнікаў. І казаць, што «я зрабіў прышчэпку і захварэў на грып», не зусім правільна і можа ўвесці ў зман, упэўненая Іна Карабан.

Зрэшты, дадаюць спецыялісты, вакцынацыя супраць грыпу не дае 100% гарантыі ад заражэння вірусам. Але яна спрыяе больш лёгкаму цячэнню захворвання і ратуе ад ускладненняў. Напрыклад, прышчэпленыя дарослыя на 40% радзей трапляюць у бальніцы з пнеўманіямі, якія развіліся ў выніку грыпу, а дзеці – на 70% радзей пакутуюць ад атытаў.

Навошта рабіць прышчэпку штогод?

Прышчэпку супраць грыпу трэба рабіць штогод.

Як правіла, кожны эпідсезон цыркулюе некалькі вірусаў грыпу. Калі чалавек перахварэў на адзін з іх, гэта не значыць, што сфармаваны імунітэт уратуе ад іншых штамаў віруса. Да таго ж, у іншым эпідэміялагічным сезоне могуць цыркуляваць ужо варыянты  – мутанты віруса.

Наталля Шмялёва, загадчыца лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі:

– Перыяд працягласці абароны вакцыны (працягласць захавання ахоўных целаў) складае ад 6 да 9 месяцаў. Час праходзіць, і ўзровень ахоўных антыцелаў значна зніжаецца. Вірусы грыпу пастаянна змяняюцца, і іх антыгенныя ўласцівасці прыводзяць да таго, што даводзіцца ўвесь час абнаўляць састаў вакцыны. Сёлета састаў супрацьгрыпозных вакцынаў таксама абноўлены па ўсіх трох кампанентах.

Як пазбегнуць заражэння грыпам?

Грып перадаецца паветрана-кропельным і кантактным шляхамі. Таму варта выконваць добра вядомыя ўсім меры засцярогі:

  • насіць маску, асабліва ў месцах масавага збору людзей і закрытых памяшканнях;
  • часцей бываць на свежым паветры і рэгулярна праветрываць памяшканне;
  • мыць рукі;
  • старацца не чапаць вочы і нос рукамі.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 17

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».