14.01.2022
14.01.2022

Камп'ютарны зрокавы сіндром і сіндром сухога вока

logo
Хваробы ад А да Я
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Доўгае знаходжанне ля манітора не бясшкоднае для нашага здароўя. Чалавек, які працуе з камп'ютарам, адчувае на сабе ўздзеянне фізічных фактараў рознай прыроды: аптычнае выпраменьванне, высокачастотнае электрамагнітнае выпраменьванне (ЭМВ), статычная электрычнасць, рэнтгенаўскае выпраменьванне, а таксама шумавое ўздзеянне.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Прычыны.

Прычыны камп'ютарнага зрокавага сіндрому

Найбольшы ўплыў ЭМВ аказвае на цэнтральную нервовую, імунную, эндакрынную і палавую сістэмы, на орган зроку, павышае рызыку з'яўлення новаўтварэнняў.

Вялікая нагрузка пры гэтым прыпадае на вочы. Паводле дадзеных розных даследчыкаў, скаргі на праблемы з органам зроку да заканчэння працоўнага дня з'яўляюцца ў 55-80% аператараў камп’ютарнага набору, а ў 20% з іх зрокавы дыскамфорт узнікае ўжо праз 1-2 гадзіны працы за камп'ютарам. Нагрузкі, якія паўтараюцца штодня, могуць прывесці да развіцця стойкіх змяненняў.

Укараненне камп'ютарнай тэхнікі ў жыццядзейнасць чалавека прад'яўляе вялікія патрабаванні да працы акамадацыйнага апарата вока, выклікаючы нярэдка розныя варыянты зрокавай стамляльнасці. Падчас працы за камп'ютарам гэта абцяжарваецца напружаннем увагі і абмежаваннем рухомасці вачэй. Якасць малюнка на маніторах значна горшая для ўспрымання, чым друкаваны тэкст.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Дрэнна чытаецца тэкст.

Адна з асноўных прычынаў развіцця камп'ютарнага зрокавага сіндрому (КЗС) – гэта якаснае адрозненне выявы на маніторы і на паперы. Малюнак на маніторы свеціцца сам, а не яго адлюстраванне. Ён менш кантрасны, дыскрэтны (складаецца з пікселяў), мігатлівы (характэрна для манітораў з электронна-прамянёвай трубкай), не мае выразных контураў. Зрокавая ж сістэма чалавека прыстасаваная да ўспрымання аб'ектаў у адлюстраваным святле.

Цяжар камп'ютарнага зрокавага сіндрому залежыць ад зыходнай статычнай рэфракцыі вока, узросту пацыента, спадчыннасці, нервова-псіхічнага і саматычнага станаў. Часцей за ўсё камп'ютарны зрокавы сіндром развіваецца ў вучняў, выкладчыкаў, праграмістаў, эканамістаў, касіраў, бухгалтараў.

Вока чалавека ўладкаванае так, што пры поглядзе ўдалячынь акамадацыйная мышца знаходзіцца ў расслабленым стане, а для разгляду прадметаў на блізкай адлегласці патрабуецца актыўны яе ўдзел. Нават у паўсядзённым жыцці мы амаль увесь час вымушаныя напружваць акамадацыю. Падчас працы за камп'ютарам гэта пагаршаецца напружаннем увагі і абмежаваннем рухомасці вачэй.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Чаму з'яўляецца.

КЗС – самая частая праблема, якая суправаджаецца выяўленым дыскамфортам з боку вачэй. Па сутнасці, развіваецца акамадацыйная астэнапія (зрокавая стомленасць). Яна праяўляецца наступнымі сімптомамі:

  • непрыемнае адчуванне цяжару;
  • рэзь, сухасць, смыленне ў вачах, адчуванне пяску пад павекамі;
  • пачырваненне вочных яблыкаў;
  • боль у вачах, часам у вобласці вачніцаў і ілба альбо пры руху вачэй;
  • зніжэнне вастрыні зроку;
  • затуманьванне зроку;
  • цяжкасць пры пераводзе погляду з бліжэйшых прадметаў на далёкія;
  • уяўная змена афарбоўкі прадметаў;
  • дваенне бачных прадметаў;
  • залішняя светлавая адчувальнасць;
  • зніжэнне зрокавай працаздольнасці;
  • зрокавая стома.

Сухасць вачэй – следства недастатковага ўвільгатнення рагавіцы з-за ўзмоцненага выпарэння слязы ў выніку зніжэння ў 5 разоў міргальных рухаў павекаў.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Рэдкія мірганні.

Што рабіць пры дыягназе КЗС

Пры вызначэнні дыягназу камп'ютарнага зрокавага сіндрому выконвайце наступныя простыя правілы:

  • выключыце, па магчымасці, фактары рызыкі, якія спрыяюць яго развіццю;
  • захоўвайце рэжым зрокавай нагрузкі. Кожную гадзіну працы за камп'ютарам рэкамендуецца рабіць перапынак на 5-10 хвілін. Падчас перапынкаў трэба адысціся ад экрана – паглядзець удалячынь альбо пасядзець з заплюшчанымі вачыма;
  • выконвайце гімнастыку для вачэй у хатніх умовах;
  • можна насіць спецыяльныя акуляры з храматычным пакрыццём, якія павышаюць кантраснасць малюнка, што зніжае стамляльнасць пры зрокавай нагрузцы;
  • пры выяўленні спадарожнага сіндрому сухіх вачэй (асабліва ў пацыентаў, якія выкарыстоўваюць кантактную карэкцыю зроку) выкарыстоўвайце, пры неабходнасці, увільгатняльныя вочныя кроплі і гелі;
  • больш рухайцеся, займіцеся любымі даступнымі відамі спорту, асабліва ўхваляецца плаванне;
  • саніруйце хранічныя ачагі інфекцыі (своечасова наведвайце стаматолага, лор-урача і г.д.)

Што такое сіндром сухога вока

Гэта даволі распаўсюджанае ў свеце захворванне, якое ўзнікае з прычыны зніжэння якасці і/альбо колькасці слёзнай вадкасці, якая фарміруе на паверхні вока слёзную плёнку, што выконвае сілкавальную, ахоўную і аптычную функцыі.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Сіндром сухога вока.

Асноўныя прычыны развіцця сіндрому сухога вока: парушэнне прадукцыі слязы, альбо парушэнне працэсу выпарэння слязы з паверхні рагавіцы, альбо іх комплекс.

Фактары рызыкі развіцця сіндрому сухога вока:

  • Узрост. Недастатковасць слёзаўтварэння часцей адзначаецца ў сталых людзей, а таксама ў жанчын ва ўзросце 45-54 гады.
  • Зрокавая нагрузка. Пры напружанай працы колькасць міргальных рухаў павекаў у 5 разоў памяншаецца, што таксама спрыяе развіццю сіндрому сухіх вачэй, бо павялічвае выпаральнасць слязы з паверхні рагавіцы.
  • Нашэнне кантактных лінзаў неспрыяльна адбіваецца на ўвільгатненні рагавіцы.
  • Рэдкае і недастатковае праветрыванне памяшканняў, задымленасць, забруджванне паветра, а таксама выкарыстанне кандыцыянаванага і абагравальнага паветра.
  • Працяглы прыём некаторых лекавых прэпаратаў (бэта-блакатараў, антыгістамінных, мачагонных, аральных кантрацэптываў, антыдэпрэсантаў, нейралептыкаў, кортыкастэроідаў, антыхалінэргічных, антыарытмічных сродкаў і інш.) таксама можа выклікаць падаўленне слёзапрадукцыі.
  • Дэфіцыт вітаміну А.

Сімптомы сіндрому сухога вока

  • адчуванне рэзі альбо іншароднага цела ў вачах, смыленне;
  • пачырваненне і раздражненне вачэй з-за пашырэння кан'юнктывальных сасудаў;
  • сухасць у воку альбо, наадварот, слёзацячэнне;
  • ваганні вастрыні зроку на працягу дня альбо затуманьванне зроку пры нагрузцы;
  • святлабоязь (фотафобія);
  • павышанае раздражненне вачэй ад ветру ці дыму;
  • слізістыя выдзяленні (звычайна ў выглядзе нітак);
  • болевыя адчуванні пры закапванні індыферэнтных вочных кропель (напрыклад, фізіялагічнага раствору).

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Сімптомы сухога вока.

Парадаксальна, але пацыенты з сіндромам сухога вока, асабліва лёгкай формы, часта скардзяцца на слёзацячэнне. Гэта тлумачыцца рэфлекторным павышэннем слёзапрадукцыі ў адказ на сухасць рагавіцы.

Асноўнымі напрамкамі прафілактыкі развіцця і лячэння сіндрому сухога вока з'яўляюцца памяншэнне ці поўнае выключэнне ўплыву фактараў, якія правакуюць захворванне, стымуляцыя слёзапродукцыі і/альбо кампенсацыя яе недастатковасці штучнымі заменнікамі слязы, гігіена павекаў.

Прафілактыка і лячэнне сіндрому сухога вока

Кіруйцеся простымі правіламі:

  • рэгулярна праветрывайце памяшканне;
  • сачыце за вільготнасцю ў памяшканні, пры неабходнасці выкарыстоўвайце ўвільгатняльнікі паветра;
  • знізіць дыскамфорт дапамогуць вочныя кроплі, якія не змяшчаюць кансерванты, у тым ліку ўвільгатняльныя кроплі альбо прэпараты штучнай слязы (адсутнасць кансервантаў у саставе не абавязковае). Увільгатняльныя кроплі і гелі пры неабходнасці могуць выкарыстоўвацца да 5 разоў на дзень;
  • захоўвайце гігіену павекаў.

Камп'ютарны зрокавы сіндром. Выкарыстоўваем кроплі.

Карэкцыя харчавання пры сіндроме сухіх вачэй

Паколькі дысфункцыя ліпіднага слоя слёзнай плёнкі можа прыводзіць да павышанай выпаральнасці слязы з паверхні рагавіцы, у рацыён харчавання пацыентам з сіндромам сухога вока неабходна ўводзіць ненасычаныя тлустыя кіслоты: морапрадукты (у рыбе ўтрымліваюцца амега-3, амега-6 тлустыя кіслоты) альбо раслінныя алеі, біядабаўкі (амега-3; амега-макс і інш.). Ненасычаныя тлустыя кіслоты не сінтэзуюцца ў арганізме, іх дэфіцыт неабходна папаўняць з ежай.

Механізм дзеяння амега-3 супраць сухасці вачэй заключаецца ў стымуляцыі сакрэцыі слёз, падаўленні запаленчых працэсаў і мадуляцыі імунных фактараў. Некаторыя афтальмолагі рэкамендуюць таксама піць ільняны алей.

Камп'ютарны зрокавы сіндром і сіндром сухога вока. П'ём ільняны алей.

Пры з'яўленні скаргаў на павышаную зрокавую стамляльнасць, перыядычнае затуманьванне зроку, дыскамфорт у вачах неабходна звярнуцца па кансультацыю да афтальмолага. Пры выкарыстанні акуляраў альбо кантактных лінзаў сачыце за станам аптычных уласцівасцяў гэтых сродкаў карэкцыі зроку.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Афтальмолаг Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, к.м.н., дацэнт кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ