26.02.2021
26.02.2021

«Каму дадзена, таго знойдуць». Хто можа скарыстацца замовамі?

logo
Адметнасць беларусаў
0 113
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прызнаюся шчыра: як толькі мы з даследчыкам фальклору і народнай медыцыны Таццянай Валодзінай (папярэдняе інтэрв’ю тут) закранулі яе захапленне – замовы, адразу вельмі карцела папытацца: а можаце даслаць тэксты? Ад сурокаў, ад зайздрасці, ад дрэннага вока?! Але да заканчэння размовы жадання займець іх значна паменшала. Чаму? А чытаем!

Таццяна Валодзіна-11

Спадарыня Таццяна, не сакрэт, што ці не кожны з нас марыць пра пэўны цуд. Напрыклад, калі моцна баліць зуб. Каб не да стаматолага, візіту да якога многія баяцца, а пашаптаць –  і пазбавіцца ад болю. Наколькі я ведаю, у нашых продкаў часцяком так і адбывалася – з дапамогай замоў?

Сапраўды. Я часта запісваю замовы. Гэта не проста праца. Замовы – маё хобі. І я шукаю бабуль, якія іх ведаюць. Але ў мяне жалезнае правіла – не патрабаваць расказаць. Бо калі нельга, значыць, нельга. А калі можна… Бабулі ахвотна замовы пераказваюць. І нават колькі было такіх выпадкаў, калі чула: «Дзетка, вось я памру, а ніхто і ведаць не будзе. Вучы!»

Замовы. Вясковыя бабулі, знахаркі-шаптухі.

І як – атрымлівалася пераймаць?!

А вось тут адразу патлумачу. Ведаеце, мне Бог не даў… У мяне мора ведаў, але калі прымяніць іх на практыцы… Ад мяне – не дапамагае. Гэта – па-першае. А па-другое, ёсць такое правіла, якое мне не аднойчы пераказвалі. Калі ты адразу ж запомніш замову… Не тое, што будзеш завучваць спецыяльна, а табе расказалі – і ты запомніў… Значыць, ты зможаш. І здавалася б… Колькі я тых замоў пачула, сабрала, прачытала… Я з імі працую, іх апісваю… Тысячы! А каб сказаць, што быў такі выпадак: мне пераказалі – і я адразу ж змагла паўтарыць. Не…

Адкуль жа самі бабулі ўзялі тыя замовы?!

Камусьці іх пераказалі – знахаркі, шаптухі. Кагосьці навучалі замовам у сне, калі з’яўляліся знахар, святы Мікола, Божая маці… І пра гэта распавядала шмат жанчын! Вось адна бабуля расказвае. Мела хворае дзіця. Што толькі ні рабіла – малілася, аброкі вешала… Нічога не дапамагала! І вось, кажа, ляжу, ці то сплю, ці то не. Адчыняюцца дзверы, заходзіць стары – барадаты, сівенькі: «Ну, хадзі сюды. Што ў цябе здарылася?» Яна кажа: «Так і так, дзіця хварэе». – «Дык а ты палячы…» – «Дык а я не ўмею…» – «Ну дык слухай…» І расказвае. І гэта не проста тэксты кшталту: «Бег сабачка цераз мост, чатыры лапы, пяты хвост». Гэта тэкст такі добры, вялікі. Кажа бабуля: «Прачынаюся, шапчу… І дзіця ўстала!» І вось якая навука гэта патлумачыць?!

Абсалютна невытлумачальна…

Мы зараз можам толькі фіксаваць тыя выпадкі, сістэматызаваць іх, пакідаць для будучых даследчыкаў. Можа, праз тры стагоддзі хтосьці гэта патлумачыць.

Таццяна Валодзіна-22

Спадарыня Таццяна, вы запісваеце за бабулямі замовы. А ці скарысталіся калі самі іх сілай? Ці была патрэба і ці дапамагло вам?

Я не буду казаць, дапамагло мне ці не… Але здараліся такія гісторыі, і не аднойчы. Вось я сяджу, ад бабулі запісваю замовы. Уключаны дыктафон, а часам і відэакамера. Прашу: «Раскажыце замовы ад звіху». Пайшло. «Ну, раскажыце ад таго і таго». Пайшло. Цэлы шэраг яна прыгадвае. Звычайны набор – 5-10 замоў. Каб больш, дык рэдка бывае. Прашу: «А раскажыце ад сурокаў». Яна: «Ад сурокаў не ведаю, а во ад зайздрасці». І пачынае...

(Са смехам і надзеяй) Не памятаеце?! Ад зайздрасці?!

Не. Я ж кажу, што не кладуцца мне на памяць. Мы з ёй размаўлялі гадзіну перад гэтым. Яна нармальна гаварыла! А тут… Пачынае мяне замаўляць: «У п-п-п-палі ст-т-т-т-таіць каме-ме-ме-нь…» Усміхаецца. Я на яе пазіраю. Яна кажа: «На табе, дзетка, дужа шмат зайздрасці. Я ажно не магу гаварыць».

Ого!

І яшчэ быў выпадак. Бабуля сядзела, спакойна мне пераказвала. Пачынае ад сурокаў – цякуць слёзы з вачэй! У мяне гэта і на відэа ёсць. Кажа: «Дзетка, табе трэба шаптаць». І гэта такія рэчы… Не скажаш жа, што табе пашапталі – і ў тую ж хвіліну я пазбавілася ад зайздрасці, сурокаў… Гэтага адразу не адчуеш.

Тым больш, што вы ж да гэтага не ведалі, што на вас штосьці такое ёсць. Не адчувалі фізічна…

Але тое, што я назірала згаданыя рэакцыі, дзейснасць – гэта праўда.

Замовы. Як замовы дзейнічаюць на людзей.

Калі вы бываеце ў экспедыцыях, ці не ўзнікае ў вас адчуванне, што некаторыя замовы не аўтэнтычныя, а сучасныя, прыдуманыя кімсьці?

Вельмі часта такое бывае.

І яны таксама маюць сілу?!

Пра сілу не скажу. А тое, што ў традыцыі трапіла вялікая колькасць сучасных прыдумак – так. І, магчыма, гэта ўсё ж не разбурэнне традыцый, а заканамернасць. Як людзі хадзілі ўвесь час у ільняным, а тады крамное надзелі. Зараз існуе вялікая колькасць кніг. Ды я ж і сама выдаю кнігі. Напрыклад, у Расіі ёсць цэлы камерцыйны праект. Імя і прозвішча адно, але – выдуманае. А пад ім пішуць розныя людзі – на аснове народных замоў. Штосьці там і сапраўды ёсць, запісанае ад бабуль, але ў асноўным – прыдуманае.

Чакайце! Я чамусьці падумала пра складанне гараскопаў. Ну ёсць жа падабенства з тымі, якія бяруцца «са столі»?!

У пэўнай ступені – так. Але я сама асабіста запісвала бабулю, якая лечыць па кнізе з таго расійскага праекта! І пацыенткі яе, суседкі, казалі: «Нам дапамагае…» Ды я сама часта задаю пытанне: «Як вы думаеце, што дапамагае, калі шэпчаш замовы?»

І я якраз у вас пра гэта хацела папытацца…

І што мне звычайна адказваюць… «Дух. У мяне дух такі. Трэба трапіць на дух. Вось гэтае Слова. Трэба абавязкова яго гаварыць. Малітва, якая была перад гэтым. Вера. Трэба верыць! Ты прыйшоў лячыцца. Калі ты не верыш, табе нічога не дапаможа, хоць я тут разаб’юся…» І гэта не адзіныя тлумачэнні. Нават, кажуць, на кроў трэба трапіць. Што пацыент і лекар мусяць супадаць у крыві. Як гэта патлумачыць, я не ведаю.  Можа тая бабулька, якая шэпча прыдуманыя замовы з расійскай кнігі, дапамагае сваім духам. А слова тут толькі антураж. Ці іншыя таксама кажуць: «Не мае значэння, што ты будзеш, дзетка, казаць. Ты ж Бога просіш! Табе Бог дапаможа. А што ты там скажаш, гэта другасная ўжо справа».

Таццяна Валодзіна-33

Вяртаючыся да таго, што вам асабіста замаўляць не дадзена… Але ж вы запісалі ўжо тысячы і тысячы замоў, выдалі кнігі. Атрымліваецца, у вас такая місія?!

Мабыць. Але, ізноў жа… Я, шмат запісаўшы і зрабіўшы, не лічу абавязковым тыя ж замовы шырока папулярызаваць.

Чаму?!

Лічу, што трэба ствараць і папулярызаваць станоўчы імідж чалавека, які ўмее замаўляць і дапамагаць. Усё ж такі гэта – сіла. Але калі гэтай сілай скарыстаецца чалавек, якому дадзена… І скарыстаецца няправільна… Гэта можа пайсці на шкоду.

Атрымліваецца, замовы ад зайздрасці, якімі я дужа зацікавілася, таксама не для ўсіх?

Разумееце, мы можам проста чытаць замову – і захапляцца яе вобразнасцю.  Бо замова – гэта проста неверагодны свет логікі, фантастыкі, паэтыкі, дзівосаў. Але проста ўзяць яе і прачытаць… Гэта тое ж самае, што прачытаць назву якіх дзівосных лекаў – і быць упэўненымі, што гэтага дастаткова, каб ацаліцца. Плюс тое, у чым перакананыя многія. Народны лекар – гэта ад Бога. І лекаваннем павінны займацца людзі, у якіх ёсць той Боскі дар. Прычым, калі вяртацца да папярэдняй гутаркі пра народную і сучасную доказную медыцыну… Я ведаю, што ёсць, так бы мовіць, дынастыі, калі дзеці знахарак ідуць у медыцыну і бачаць у гэтым сваё прызванне. Магчыма, яны апрача сваіх ведаў далучаюць духоўны складнік. Я сустракалася з медсястрой, якая ўжо на пенсіі. Такая вясковая памочніца, якая падключала і адны свае веды, і другія. Але гэта было толькі аднойчы.

Замовы. Вясковыя знахаркі-траўніцы.

А тыя ж зёлкі? Лекаванне травамі? Здаецца, выкарыстоўваюць іх многія…

Зёлкі – гэта адно. Тая ж жаба, на якую раілі дыхаць, калі балела ў грудзях… Я не бачу ў гэтым вялікай бяды. Калі ж мы закранаем пэўныя духоўныя рэчы… Дык лепей не чапаць. І часам свядомае навучанне – замовам, шэптам – можа ні да чаго не прывесці. Як казалі мне бабулі: «Каму дадзена, таго знойдуць».

Фота – аўтара, з архіва Таццяны Валодзінай і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 113

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".