08.04.2020
08.04.2020

Канкурыруем… з мядзведзем?! Не, усё ж ідзем на градку! :)

logo
Думкі ўслых
0 55
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Па мядзведжую цыбулю, тым не менш, ідзем! Туды, дзе яе высаджвалі. А ведаеце, якая яе іншая, больш распаўсюджаная назва?! Ну, вядома ж, ведаеце! Чарамша!
Чарамша. Мядзведжая цыбуля.

Як, спадзяюся, ведаеце і пра тое, што гэтая расліна занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі. Збор яе забаронены. Гандляроў чакае штраф. Але… Але чаму ж кожную вясну так шмат яе прадаецца паўсюль? І ў пераходах метро, і на падыходзе да Камароўкі… А вось паспрабуй дакажы, што яна дзікая, а не хатняя! Тым больш, што на градцы яна насамрэч расце.

… «Гэта што за праява?! Што за цуд?!» – думала я, праціраючы вочы, калі згледзела мядзведжую цыбулю ў продажы ў пераходзе метро яшчэ ў сакавіку. Трэба ж, як рана сёлета! Зрэшты, чаго дзівіцца – па такім надвор’і, цёплым, без снегу і маразоў. І ўсё ж – здзівілася.

А тады наляцеў на нас каранавірус, і не да чарамшы стала. Хаця, спяшаючыся хутчэй пераадолець пераход метро, я ўсё ж краем вока заўважала, што ў прадаўцоў яе нават паболела.

А днямі… Днямі брат прывёз з уласнага агарода – пачаставаць. У нас-то на дачнай сядзібе, на апрацаванай зямлі ёй не дужа падабаецца. Усяго некалькі кволенькіх лісточкаў бывае штогод. Зразумела, зрываць шкада. А вось захапіцца цвіценнем – можна. А ў брата ў малінніку мядзведжай цыбулі дык і вельмі падабаецца. Кусціцца там не горш за натуральныя ўмовы.

Чарамша.

Праўда, як расце чарамша ў лесе, так пабачыць дагэтуль не давялося. Хаця яе і называюць яшчэ дзікім ландышам, але толькі зараснікі ландышаў і бачыла…

Карацей, калі вы – аматар часнаку, чарамша – ваша расліна (мая дакладна! 🙂 )! А што ж кажуць спецыялісты пра яе карысць і шкоду для здароўя? Давайце разбірацца.

Што ўтрымлівае? Што ў ёй маецца? Вітаміны групы В, аскарбінавая, фоліевая кіслата, правітамін А. Ёд, бор, жалеза і г.д. Эфірны алей, фітанцыды, клятчатка… І гэта яшчэ далёка не ўсё!

Па сцвярджэнні даследчыкаў, мядзведжая цыбуля паляпшае апетыт, стымулюе страваванне, пазбаўляе ад запораў і гельмінтаў. Дапамагае знізіць тэмпературу, змагацца з прастудай і віруснымі інфекцыямі… Так-так-так! Магчыма, супраць каранавіруса таксама дапаможа выстаяць?! Плюс вельмі добра ўплывае на нервовую сістэму, супакойвае падчас стрэсу. Ну дакладна – наша траўка! 🙂

Чарамша. Карысць для здароўя.

І на сэксуальнае жыццё таксама ўплывае станоўча. Прычым і на жаночае, і на мужчынскае. Толькі, памятаючы пра водар часнаку, з’есці мядзведжую цыбулю варта абаім! 🙂

Раяць ужываць чарамшу пры цукровым дыябеце – дапамагае панізіць утрыманне цукру ў крыві. І пры дысбактэрыёзе. Праўда, у апошнім выпадку давядзецца папрацаваць над прыгатаваннем, бо эфектыўны сок і настой.

Але калі ў вас панкрэатыт, гастрыт, язвавая хвароба страўніка, пакіньце мядзведжую цыбулю мядзведзям! Вам яна катэгарычна забароненая! Як і цяжарным жанчынам – на любых тэрмінах.

А наконт канкурэнцыі з мядзведзямі… Дык гэта і не жарт. Яны пасля зімоўкі любяць паласавацца свежай зелянінай. І чарамша ім даспадобы! Таму ў лясах лепей не браканьернічаць, а то можна сутыкнуцца незнарок… і ад страху замест мядзведжай цыбулі займець… мядзведжую хваробу! 🙂

У сеціве знайшоўся цікавы рэцэпт, які быццам бы палягчае стан пры радыкулітах, артрытах ды іншых захворваннях суставаў. У ход ідзе і лісце, і цыбуліны. 20 грамаў чарамшы здрабняем, абдаем шклянкай кіпню. А калі настой астыне, яго ўціраюць у праблемныя месцы.

Хм, а толькі адну мяне насцярожыла слова «настой»?! Атрымліваецца, што сыравіна не запарваецца, а толькі выкарыстоўваецца для абдавання? Не, такія рэцэпты… незразумелыя… лепей не прымяняць.

Затое магу падзяліцца рэцэптам вітаміннай салаты – таксама ад сям’і брата, адкуль і чарамша.

Інгрэдыенты:

  • яйкі курыныя – 2 шт.;
  • агурок свежы – 1 шт. (200-300 г);
  • чарамша – 100-200 г;
  • зялёная цыбуля – 40-50 г (можна без яе);
  • смятана, маянэз ці іх сумесь – па смаку;
  • соль, чорны молаты перац ці іншыя прыправы.

Па шчырасці, звычайна прапорцыі не захоўваю. Чагосьці дадаю больш, чагосьці – меней.

Чарамша. Салата з чарамшы.

Прыгатаванне:

  1. Чарамшу мыем і абсушваем.
  2. Разам з зялёнай цыбуляй дробна наразаем. Нож павінен быць вострым!
  3. Яйкі варым, астуджваем, здымаем шкарлупінне, таксама здрабняем.
  4. Агурок мыем, абсушваем, наразаем невялікімі кубікамі.
  5. Усё змешваем, солім, дадаем перац па смаку, запраўляем смятанай, маянэзам альбо іх сумессю. Можна скарыстацца замест іх несалодкім ёгуртам.

Смачна есці!

Цікава, а ў каго яшчэ на градках расце чарамша? І колькі тут нас, яе аматараў? 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 55

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".