19.07.2019
19.07.2019

«Канём хадзі, канём!», альбо Са святам, шахматысты!

logo
Думкі ўслых
0 52
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

О, як жа зачароўвала мяне шахматная дошка з фігуркамі ў маленстве! Яшчэ гадоў з трох-чатырох літаральна не магла адвесці ад яе позірку, калі тата і старэйшы брат усаджваліся і пачыналі гульню. І нават не думала тады, што ўласнае захапленне шахматамі расцягнецца на некалькі дзесяцігоддзяў!

Зараз, калі ў навучальных установах Беларусі ў рамках праекта «Шахматы – школе» для вучняў пачатковых класаў увялі факультатыўныя заняткі па гэтай гульні, яе аматары і прафесіяналы сапраўды ўзрадаваліся. Асабіста я ўгледзела ў гэтым адраджэнне цікавасці, якая панавала ў 1980-ыя гады, у часы майго дзяцінства.

Праўда, сама тады заняткі не наведвала, бо і так няблага ўжо гуляла, навучаная татам і старэйшым братам. Настолькі няблага (так-так, пахвалюся – добрым жа, не дрэнным!), што калі ўпершыню ў трэцім класе паўдзельнічала ў раённых спаборніцтвах па шахматах, адразу заняла трэцяе месца. Пасля, на працягу наступных пяці гадоў навучання, былі толькі першыя. І – удзел у абласных спаборніцтвах у складзе раённай каманды.

Затым – студэнцкія гады з шахматамі, удзел у спаборніцтвах працоўных калектываў у Чэрвені – шмат гадоў запар. Не памятаю такога, каб не займала там прызавыя месцы… Але ж яны, вядома, не былі самамэтай… Хаця задавальненне ад выйгрышаў – гэта штосьці фантастычнае! Вы мяне разумееце, аматары шахмат і прафесіяналы?!

І ведаеце, усё тое, што зараз спецыялісты ставяць гульні ў плюс, сапраўды адчувала тады напоўніцу! А гэта найперш – развіццё як лагічнага, так і абстрактнага мыслення, калі актыўна працуюць два паўшар’і мозгу! Апрача іншага, шахматы абуджаюць творчыя здольнасці. І гэта праўда, пацвярджаю!

Калі гуляе дзіця, яно вучыцца прымаць самастойныя рашэнні. Бо спытацца, якой фігурай і куды пахадзіць, каб цябе не «з’елі», не паставілі мат, няма ў каго. Падказкі не вітаюцца, за іх на спаборніцтвах увогуле дыскваліфікуюць! А калі яшчэ гэта гульня са спецыяльным шахматным гадзіннікам, дзе ролю адыгрывае не толькі правільнасць хадоў, але і хуткасць… Мозг працуе вельмі актыўна!

«У самай безнадзейнай сітуацыі не здавайся, гуляй да заканчэння партыі», – вучыў мяне ў свой час тата. І я старалася так і рабіць. Бо, не сакрэт, твой сапернік можа памыліцца, «зяўнуць» (шахматны слэнг) фігуру… Можна нават з адным голым каралём звесці партыю да нічыёй… Але, вядома ж, больш прыемна выйграць сумленна. І як віруюць тады эмоцыі ад заслужанай перамогі!

Усе шахматысты ў розным узросце паводзяць сябе па-свойму. Хтосьці ставіцца да пройгрышу лёгка, хтосьці вельмі перажывае. Нават хлопцы… могуць заплакаць! І лепей у такіх сітуацыях мець дасведчанага трэнера, які падкажа, як кіраваць уласнымі эмоцыямі, утаймоўваць іх. Вучыцца валодаць сабой – гэтага таксама вымагаюць шахматы. У тым ліку і для таго, каб сапернік не расшыфраваў твае планы, толькі зірнуўшы на ўсхваляванае аблічча. І ўсе мы падчас гульні робімся крыху псіхолагамі…

Як і ў любым відзе спорту (а шахматы – гэта ж таксама спорт, хаця і маларухомы – вось у гэтым, па праўдзе, пэўны мінус), падчас шахматных баталій фарміруецца воля і імкненне да перамогі.

Вось толькі сапраўды не трэба праседжваць за дошкай гадзінамі. Альбо – за гаджэтам. Бо электронныя шахматы набіраюць зараз усё большую папулярнасць. І часцяком у навучальных установах, дзе ёсць захопленыя гульнёй, можна пачуць прыкладна такое:

– А я ўчора ў камп’ютара тры разы запар партыю выйграў! Які я разумны…

– Дык ты выставіў самы нізкі ўзровень! Так любы выйграе!

Больш за год таму давялося наведаць нашу чэрвеньскую гімназію №1 імя У.Караля. Там і ўпэўнілася, як лёгка захапіць шахматамі і маленькіх, і дарослых, калі і сам захоплены.

Як, напрыклад, тамтэйшы настаўнік фізікі, тагачасны кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Белая ладдзя» Міхаіл Халадзінскі. Альбо настаўніца пачатковых класаў Ірына Невяроўская. Ды і дырэктар гімназіі Аксана Калтовіч прыхільна ставіцца да гэтай гульні.Толькі зірніце, якія натхнёныя яны і іх выхаванцы!

Дарэчы, не дзівіцеся, што такія абшарпаныя дошкі на здымках. Для гульні галоўнае – не навізна і прыгажосць, а якраз тое, наколькі запатрабаваныя шахматы. Ад вось такіх дошак, між іншым, адчуваецца проста шалёная энергетыка! У дзяцінстве ў мяне былі шахматы, дзе на ўнутраным баку дошкі брат пазначаў шарыкавай ручкай усе мае перамогі ў школьных спаборніцтвах. На жаль, яна згубілася пры пераездзе...

Сёння, 20 ліпеня, мы святкуем Міжнародны дзень шахмат. Віншуем вас, аматары і прафесіяналы! Захапляльных баталій, яскравых перамог і абавязкова – задавальнення ад кожнай партыі, незалежна ад яе выніку, ад самога працэсу гульні!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 52

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".