11 Лютага
11.02.2021

Карысць прагулак на свежым паветры

logo
Жыві актыўна
0 017
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Трэба больш гуляць на свежым паветры!» Такую рэкамендацыю сярод іншых дасць вам любы ўрач, незалежна ад таго, з якой нагоды вы да яго звярнуліся. Калі вы захварэлі, прагулкі ў вострай фазе на пэўны час могуць быць замененыя адэкватным праветрываннем памяшкання: свежае паветра забяспечвае прыток кіслароду, актывізуе ахоўныя працэсы ў арганізме і дапамагае хутчэй ачуняць.

Прагулкі. Калі захварэлі ўзімку. праветрываем жытло часцей.

Калі размова аб прафілактыцы хваробаў, дык больш дзейснага сродку, чым прагулкі на свежым паветры, і знайсці складана. Калі хочаце, гэта і ёсць тая самая чароўная таблетка, якая пры разумным выкарыстанні не мае супрацьпаказанняў, пабочных эфектаў, небяспечнай перадазіроўкі.

Шпацыруйце на здароўе!

Дакладна вядома, што адным з фактараў, які пагаршае рызыку развіцця неінфекцыйных захворванняў у сучаснага чалавека, з'яўляецца гіпадынамія. Адпаведна, адэкватная рухальная актыўнасць зводзіць гэтую рызыку на нішто. Падлічана: для таго, каб заставацца здаровым, неабходна штодня рабіць як мінімум 10 тысяч крокаў.

Кароткімі перабежкамі паміж домам, працай і крамай такую колькасць не находзіш. Таму мэтанакіраваныя і ўсвядомленыя прагулкі на свежым паветры – адзінае правільнае рашэнне. Шматлікія вучоныя і ўрачы пры гэтым прапануюць усё ж такі не зацыклівацца на колькасці крокаў. Галоўнае ў прагулках – іх сістэматычнасць і працягласць: штодня і не менш за паўгадзіны, паступова павялічваючы да аптымальных 1-2 гадзін у дзень.

Прагулкі. Карысць – у працягласці і сістэматычнасці.

Бонусы для здароўя ад рэгулярных прагулак на свежым паветры не прымусяць сябе чакаць (а некаторыя выявяцца неадкладна):

  • Перш за ўсё, прагулкі дапамагаюць супакоіцца і расслабіцца, пазбавіцца ад стрэсу і негатыўных эмоцый. Справа ў тым, што на свежым паветры клеткі галаўнога мозгу больш актыўна забяспечваюцца кіслародам, гэта ў сваю чаргу дапамагае стабілізаваць дзейнасць нервовай сістэмы. Нездарма чалавеку, які моцна ўсхваляваны альбо ўзбуджаны, у якасці заспакаяльнага прапануюць «аддыхацца». Магчымасць своечасова пазбаўляцца ад эмацыянальнага і псіхалагічнага шлаку, якую ў поўнай меры забяспечваюць штодзённыя прагулкі на свежым паветры, з'яўляецца выдатнай прафілактыкай развіцця хранічнага стрэсу і дэпрэсіі. Вечаровыя прагулкі дапамагаюць пазбавіцца ад бяссонніцы і робяць сон мацнейшым.
  • Аэробныя практыкаванні (да якіх, на хвілінку, у першую чаргу адносіцца банальная хада хуткім крокам) вельмі эфектыўныя для ўмацавання сардэчнай мышцы. Іншымі словамі, задавальненне ад прагулкі ў поўнай меры сумяшчаецца з карысцю для сардэчна-сасудзістай сістэмы: выраўноўваецца дыханне і сардэчны рытм, нармалізуецца крывяны ціск. Дзякуючы такім немудрагелістым «трэніроўкам», як рэгулярныя прагулкі на свежым паветры, сэрца робіцца больш трывалым і меней схільным да рызыкі даць збой.

Прагулкі. Узўімку трэніроўваюць і загартоўваюць сэрца.

  • Карысць прагулак несумнеўная таксама ў дачыненні да здароўя пазваночніка і ўсяго касцявога каркаса. Хада трэніруе і ўмацоўвае мышцы і звязкі, якія падтрымліваюць касцяны каркас, а таксама суставы. Дзякуючы рэгулярным шпацырам можна пазбавіцца ад болю ў спіне, палепшыць каардынацыю рухаў і гнуткасць, умацаваць касцяную тканку. А гэта верны спосаб зберагчы сябе ад набытай плоскаступнёвасці альбо астэапарозу ў будучым.
  • Адэкватнае насычэнне клетак кіслародам актывізуе абменныя працэсы ў арганізме, паскарае метабалізм. Даказана, што працяглыя прагулкі на свежым паветры ў спалучэнні з рацыянальным харчаваннем сапраўды дапамагаюць падтрымліваць фігуру ў тонусе і назаўжды забыцца аб праблемах з лішняй вагой і атлусценнем. Акрамя таго, хада спрыяе падтрыманню нармальнага ўзроўню глюкозы ў крыві. Такім чынам, прагулкі можна разглядаць у тым ліку і як метад прафілактыкі цукровага дыябету.
  • Шмат шпацыраваць проста абавязаныя тыя, у каго сядзячая праца ці маларухомы лад жыцця. Хаця б дзеля таго, каб не дапусціць застою крыві ў органах малога таза і такім чынам не справакаваць прастатыт ці гемарой. Штодзённых шпацыраў працягласцю ад 30 хвілін дастаткова, каб пазбегнуць шматлікіх праблемаў «ніжэй за пояс».

Прагулкі. Карысць для офісных работнікаў.

  • Афтальмолагі таксама аднагалосна выступаюць за прагулкі на свежым паветры. У эпоху электронных гаджэтаў вочы знаходзяцца ў пастаяннай і працяглай напрузе, за якую даводзіцца расплачвацца ў лепшым выпадку стратай вастрыні зроку. Каб гэтага не адбылося, урачы рэкамендуюць перыядычна пераключацца з гаджэтаў на іншыя віды дзейнасці. Але лепей за ўсё дапамагаюць зняць напругу з вачэй, а значыць, і абараніць іх ад негатыўнага ўздзеяння электронных прыладаў прагулкі на свежым паветры. Кісларод нават у гэтым выпадку здольны рабіць цуды.

Вядома, гэта далёка не ўсе перавагі для здароўя, якія можна атрымаць, проста гуляючы на ​​свежым паветры – не ад выпадку да выпадку, а штодня, хаця б па паўгадзіны ў дзень. Нельга недаацэньваць карысць пешых прагулак для ўмацавання агульнага імунітэту, прафілактыкі дэфіцыту вітаміну D, зніжэння рызыкі псіхічных расстройстваў, павышэння кагнітыўных функцый і працаздольнасці, папярэджання дэменцыі і хваробы Альцгеймера і яшчэ мноства іншых паталогій і станаў. Галоўная ўмова тут толькі адна – карыстацца «ўніверсальнымі лекамі» трэба разумна.

У прыроды няма дрэннага надвор'я

Шпацыраваць трэба ў любое надвор'е і пры любой тэмпературы. Дождж, спякота, мароз – не супрацьпаказанне для прагулак. Зімовыя прагулкі могуць быць нават больш карыснымі за летнія, паколькі ў марозным паветры канцэнтрацыя кіслароду прыкладна на 30% вышэйшая, чым у цёплым. У залежнасці ад умоў надвор'я, важна апранацца адпаведным чынам і правільна шпацыраваць.

Прагулкі. Узімку апранаемся правільна.

Каб атрымаць порцыю карысці і задавальнення ад прагулкі на свежым паветры пры мінусовай тэмпературы і не дапусціць пераахаладжэння, трэба:

  • Абавязкова паесці перад выхадам. І гэта павінен быць не перакус, а гарачая сытная страва. Каб супрацьстаяць холаду, арганізму неабходная энергія. Таму есці гародніну перад зімовым шпацырам – не лепшае рашэнне. Зрабіце ўпор на мяса, смятану, алей, г.зн. каларыйныя прадукты, якія дапамогуць захаваць цяпло на працягу ўсёй прагулкі. Калі збіраецеся гуляць на пусты страўнік, лепей нават не пачынайце: замерзнеце ў дзве секунды нават пры 0⁰С.
  • Узяць з сабой тэрмас з гарачай гарбатай, калі збіраецеся шпацыраваць доўга. Не лішнімі могуць стацца і бутэрброды. Няхай лепей запасное «паліва» не спатрэбіцца, чым акажацца, што яго няма ў патрэбны момант.
  • Успомніць, што такое зручна, цёпла і камфортна. Гэта значыць, шапка-аблавушка замест капюшона; шарсцяныя рукавіцы замест скураных пальчатак; тэрмабялізна, швэдар пад горла, штаны з начосам, пухавік замест вось гэтага ўсяго, у чым вы звычайна ходзіце ў офіс прыгожа працаваць. Вядома, калі вы штодня не меней за паўгадзіны мэтанакіравана гуляеце пешшу з працы дадому, з экіпіроўкай могуць быць цяжкасці. Але, кажуць, за 10 дзён рэгулярных «гартаванняў» арганізм адаптуецца да нізкіх тэмператураў, наладжвае тэрмарэгуляцыю і эканомна расходуе назапашанае цяпло. Так што варыянтаў два: альбо цярпліва мерзнуць 10 дзён, пакуль арганізм не перабудуецца. Альбо заўсёды мець пры сабе «зменку»: штаны, шкарпэткі, шапку-аблавушку.

Прагулкі. Важная дэталь – шапка-аблавушка.

  • Абуць зручны абутак без абцасаў. Ён па памеры павінен быць такім, каб уваходзіла нага ў шарсцяной шкарпэтцы і пры гэтым нішто не замінала рухацца.
  • Падчас прагулкі дыхаць носам, а не ротам! Пры ўдыханні праз нос паветра паспявае ў дастатковай меры прагрэцца, ачысціцца і зрабіцца вільготным, перш чым патрапіць у лёгкія.
  • Калі вы ўсё зрабілі правільна, шчокі застануцца адзіным уразлівым месцам, якое складаней за ўсё зберагчы ад марозу. Таму калі вы адчуеце, што твар пачынае падмярзаць, 10-20 глыбокіх нахілаў дапамогуць забяспечыць прыток крыві да твару і сагрэць яго.

Прагулкі. Што рабіць, калі замерзлі шчокі.

Як бы імкліва ні развіваўся свет, некаторыя рэчы застаюцца непарушнымі, альтэрнатывы ім няма і не будзе. Напрыклад, для жыцця чалавеку патрэбнае паветра. А для фізічнага і псіхічнага здароўя – прагулкі на свежым паветры.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 17

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».