28.02.2022
28.02.2022

Карытнянская Прошча

logo
Адметнасць беларусаў
0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

На тэрыторыі Бабруйскай епархіі ў 25 км ад горада Асіповічы і ў 45 км ад Бабруйска, недалёка ад вёсак Карытнае і Коханаўка ёсць урочышча Прошча.

Гэта паляна ў лесе, у цэнтры якой царква, а побач — пабудаваная над крыніцай-студняй капліца і добраўпарадкаванае месца для аблівання. Храм прысвечаны абразу Божай Маці «Жываносная крыніца».

Як дабрацца? Найбольш зручны пад’езд з боку вёскі Коханаўка па лясной дарозе. Пасля дажджоў гэты шлях недаступны для легкавых аўтамабіляў. З бакоў урочышча Барок і вёскі Старое Сяло — цяжкапраходныя дарогі, якія могуць адолець толькі вела- і пешаходныя турысты.

Карта. Карытнянская Прошча

Вада з той крыніцы мае лячэбную сілу, пра гэта сведчаць сотні і тысячы паломнікаў, якія прыязджаюць сюды з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы, каб памаліцца, абліцца вадой з цудадзейнай крыніцы і ўзяць яе ў запас. Вось ужо больш за 150 гадоў людзі атрымліваюць тут суцяшэнне ў смутку, аздараўліваюцца і ўмацоўваюцца ў веры. Месца вельмі светлае і прыгожае.

Слова «прошча», паводле тлумачальных слоўнікаў беларускай мовы, азначае месца (крыніца, камень, узгорак і інш.), надзеленае па ўяўленнях веруючых надзвычайнай сілай. Тут маліліся аб здароўі, збаўленні ад няшчасцяў.

Урочышча Прошча каля вёсак Коханаўка і Карытнае згадваецца ў архіўных дакументах, царкоўнай і гістарычнай літаратуры ад пачатку ХІХ ст. У 1864 годзе тут была пабудаваная драўляная царква ў гонар абраза Божай Маці, які нібыта аб’явіўся на бярозе.

Каплічка над крынічкай

Паводле падання, аднойчы з першапрастольнага свята ў вёсцы Карытнае ішлі два старцы-сляпцы. Як яны трапілі ў гэты лес – не памяталі. Куды не кінуцца – вакол дрэвы. Тады яны ўпалі на калені і сталі маліцца. Побач раптам зацурчэла крынічка. Старцы папілі вады, сталі відушчымі і ўбачылі на дрэве абраз Божай Маці.

Але яны не ведалі, як выйсці з лесу і праблукалі ўсю ноч. Раніцай неяк выбраліся да вёскі Карытнае, зайшлі да святара і расказалі, што з імі адбылося. Святар ударыў у званы і сабраў людзей, якія пайшлі да крыніцы і прынеслі абраз у царкву. Храм зачынілі і разышліся. Назаўтра прыйшлі, а абраза няма. Знайшлі яго зноў каля крыніцы, дзе адбылося цудадзейнае ацаленне сляпых. Пра ўсё гэта расказалі цару.

Той загадаў зноў забраць абраз у царкву і замкнуць яго на два замкі. Адзін ключ аддаць яму, а другі святару. Так і зрабілі, але калі на наступны дзень адчынілі храм, то абраза не было на месцы, ён зноў апынуўся каля крыніцы. Тады і вырашылі пабудаваць тут царкву.

Прошча

У ХІХ – пачатку ХХ стст. каля лясной цэркаўкі збіраліся звычайна ў дзясятую Пятніцу пасля Вялікадня – Дзесятуху. У пачатку ХХ ст. над крыніцай ўзвялі каплічку. У 1924 годзе ваяўнічыя атэісты спалілі царкву і знішчылі крыніцу. Але яна шторазу прабівалася і прабівалася. Людзі ўпотай прыходзілі, ставілі крыжы, аднаўлялі каплічку, маліліся, набіралі ваду. Зноў і зноў аднаўлялі святыню.

Летам 1941 года ў гэтых мясцінах адбылася яшчэ адна трагедыя: была абкружана 32-я кавалерыйская дывізія Чырвонай Арміі. Старажылы расказвалі, што немцы сагналі сюды жыхароў пяці суседніх вёсак і шмат гараджан, якія на працягу тыдня хавалі загінулых. Пазней знаходзілі тут яшчэ шмат астанкаў забітых воінаў, зрабілі брацкую магілу.

Пасля вайны людзі не забыліся на гэтае месца. Сюды прыходзілі памаліцца. Бралі з сабой гаючую ваду і многія вылечваліся ад хвароб. У канцы 1950-х гадоў XX ст. жанчыне з вёскі Ясень Яўгеніі Сідаровіч ува сне з’явілася Божая Маці і сказала: «Ідзі ў Прашчу і будуй храм!». Коштам неймаверных намаганняў яна ўзвяла невялікую драўляную каплічку, аднак па загадзе мясцовых уладаў святыня была разбурана.

Толькі ў канцы 1980-х гадоў быў атрыманы дазвол на пабудову новага храма.

Штодзень дапамагаць будаўнікам прыходзілі па 15–20 чалавек з навакольных вёсак, нават прыязджалі з бліжэйшых гарадоў. Працавалі без усялякае ўзнагароды. На свята Успення, або трэці Спас (Хлебны, Арэхавы), 29 жніўня 1992 года ўладыка Філарэт асвяціў царкву ў імя Маці Божай Жываноснай крыніцы. З таго часу ў гэты дзень тут збіраецца шмат людзей. Многія прыязджаюць і прыходзяць напярэдадні свята, начуюць у намётах. Карытнянская Святая крыніца лічыцца адным з цудаў Асіповіцкага раёна.

У народзе існуе шмат паданняў пра тое, што вада ў крыніцы цудатворная. Вось некалькі такіх гісторый. Маленькая дзяўчынка цяжка хварэла, і яе бацькі ўжо зусім страцілі надзею. Аднойчы малая ўва сне Божую Маці, якая казала ёй, як знайсці яе абраз. Шмат храмаў і цэркваў аб’ехала сям’я, пакуль нарэшце не наведалі храм ва ўрочышчы Прошча.Прошча 2

Паспытаўшы святой вады, дзяўчынка неўзабаве паправілася. Падобная гісторыя адбылася з жанчынай, якой паставілі страшны дыягназ і строга забаранілі акунаць галаву ў халодную ваду. Ад вялікай роспачы яна не паслухалася і аблілася некалькі разоў крынічнай вадой. Цуд або проста супадзенне абставін, але пухліна ў галаве жанчыны стала хутка памяншацца.

Таксама ёсць мноства сведчанняў пра выпадкі нараджэння дзяцей у сямейных пар, якія даўно хацелі стаць бацькамі і прыязджалі ў Прошчу прасіць пра гэта ў Божай Маці перад абразом «Знаменне».

Раней з-за вялікай колькасці наведвальнікаў стваралася доўгая чарга з ахвочых набраць святой вады. Сёння зрабіць гэта лягчэй: крыніцу добраўпарадкавалі, устанавілі спецыяльную помпу і падвялі электрычнасць.

Цяпер вада падаецца ў краны, устаноўленыя каля сцен капліцы. Пры жаданні ёю можна абліцца ў сіняй пабудове непадалёк ад крыніцы. Паводле традыцыі, пілігрым, зняўшы вопратку, з малітвай аблівае сябе з галавы да ног трыма вёдрамі вады са святой крыніцы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 18

Глядзіце таксама