21.07.2019
21.07.2019

Касі, каса, і жні, сярпок...

logo
Беларускі код
0 50
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Не, гэта не вяртанне у мінулае... Дакладней, не зусім так. Гэта пацверджанне таго, якія правільныя інструменты былі калісьці вынайдзеныя і зробленыя чалавекам. Служаць шмат стагоддзяў! І ў наш час, уявіце сабе, таксама.

Вядома ж, не дужа многа зараз знойдзецца такіх, хто, як кажуць, пры памяці і ў цвярозым розуме заменіць бенза- альбо электракасу, трымер на касу звычайную, ручную. Асабліва, калі выкасіць трэба вялікую тэрыторыю. І не столькі тых намаганняў будзе шкада, колькі патрачанага часу. Які і так усё паскараецца і паскараецца. Вось і суткі ўжо ўспрымаюцца не 24-гадзіннымі, а дзесьці напалову карацейшымі... У вас – не?! А ў мяне апошні год такое стойкае ўражанне...

Каса ў полі

Праўда, касу бяруць у рукі розныя знакамітасці, палітыкі. Для піяру хутчэй, чым з-за свядомага вяртання да сваіх каранёў. Хаця апошняе таксама здараецца. Ну, і тыя вяскоўцы, хто па пэўных прычынах аддае перавагу старому надзейнаму дзедаўскаму спосабу.

Яшчэ радзей хтосьці бярэ ў рукі серп. Але ўсё ж і такое здараецца. Калі, напрыклад, у вёсцы засяваюць невялікі ўчастак зерневых, дзе камбайн проста не развернецца...

Ой, памятаю, у свой час, калі была ўласным карэспандэнтам аднаго выдання і ездзіла на Старадарожчыну, сустракалася з сямейным камбайнавым экіпажам – мужам і жонкай. Фатаграфавала іх прама ля камбайна. І выпадкова... пабачыла серп. Пацікавілася, навошта.

Аказваецца, там, дзе камбайн не возьме збажыну па пэўных прычынах, жанчына жне. Ну супер жа прыдумка! Фотаздымак зрабіла. Але пасля мне сказалі яго не ставіць. Маўляў, невядома, як начальства аднясецца да такой ініцыятывы.

Ну класная ж прыдумка, хіба не?! Гаспадарскае такое стаўленне. І паколькі ўжо некалькі гадоў прамінула... Вось яно, фота! 🙂

Сярпы

Асабіста я люблю серп! 🙂 Бо ні табе бензіну, ні табе электрычнасці. Хочаш – жні траву пад плотам, а хочаш – спецыяльна вырашчаную канюшыну на ўзмежку альбо пад яблынямі. Канюшыну я люблю жаць болей! 🙂 Але здараецца так, што з трымерамі – цэйтнот, а вакол дачнага плоту парадак навесці трэба. Каб не «злавіць» штраф.

Можна, вядома ж, кагосьці папрасіць. Ці нават наняць. 10-20 хвілін – і ў апошнім выпадку пакошаны ўзмежак у плюсе, а грошы ў кашальку – у мінусе. 🙂 Але справа нават у гэтым. Мы ж не шукаем лёгкіх шляхоў, праўда?! А якая гэта цудоўная спартыўная трэніроўка-загартоўка! Праўда-праўда, я не жартую зараз! Праверана, і не раз.

Так што дзякуй бабулі Ксеніі, светлая ёй памяць, ад якой, апрача іншага, і з сярпом упраўляцца навучылася. Вядома ж, некалькі сотак жыта за дзень не выжала б – хутка легла б у баразне... Ой, там жа няма баразны... Ну, значыць дзесьці ў жыце і легла б... 🙂 А нашы продкі – нічога, спраўляліся.

Неабыякавыя да чужых заняткаў дачныя суседзі любяць пацвельвацца: «А ты там што – нажніцамі траву рэжаш?!». На што я не менш з’едліва адказваю: «Ага, манікюрнымі. Даць паспрабаваць?!»

Жаць сярпом траву

Многія гарадскія знаёмцы, з кім маю стасункі, таксама, бывае, здзіўляюцца: «Ты ўмееш жаць???

А я нават не ведаю, як серп правільна трымаць...» Ну, тут якраз навука зусім няхітрая. Іншая справа – ці сапраўды трэба тым наманікюраным ручкам серп, каб паспрабаваць, як гэта, уявіць сябе сялянкай. Ці гэта будзе толькі экзотыкай – для сэлфі, для публікацыі фоткі ў сацсетках...

Той, хто зараз выразна пакруціў пальцам ля скроні... Маўляў, навошта трэба такое вяртанне ў мінулае... Па шчырасці, не магу патлумачыць. Можа, сапраўды з гадамі ўсё мацней чую голас продкаў, і гэта не проста прыгожыя словы... А можа, само цела падказвае, што зараз мне трэба вось такі своеасаблівы трэнажор... 🙂

Так што зусім не шкадую патрачанага часу. І нават адчуванне «забітасці» не палохае. Бо яно хутчэй ад пякучага ліпеньскага сонца, якое нарэшце вырашыла нас парадаваць. Так што патоў сышло, мабыць, не сем, а ў два разы болей. І, спадзяюся, сотняў грамаў «жывой» вагі таксама. Не самамэта, проста прыемны бонус!

А хто яшчэ ўмее жаць сярпом?! Ці хаця б калі-небудзь спрабаваў гэта рабіць?! Вы мяне разумееце?! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 50

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама