12.04.2021
12.04.2021

Касманаўт Алег Навіцкі: зорны шлях

logo
Асобы i лёсы
0 200
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І пра каго ж яшчэ пісаць 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі, як не пра свайго аднакласніка, трэцяга ўраджэнца Беларусі, касманаўта Раскосмасу Алега Навіцкага?! Які вось толькі-толькі, 9 красавіка, накіраваўся ў свой трэці палёт… Акурат напярэдадні 60-годдзя палёту легендарнага Юрыя Гагарына! На касмічным караблі «Ю.А.Гагарын»!

Алег Навіцкі. Старт касмічнага карабля «Ю.А.Гагарын».

А мне хочацца прыгадаць яго, Алега, самы першы старт. Не, нават не так! Хочацца прыгадаць, як усё пачыналася. Здаецца, вось толькі-толькі, але, тым не менш, прайшло ўжо 12 гадоў. Бо мой асабісты адлік ідзе з 2008-га.

Менавіта тады наша з Алегам настаўніца матэматыкі Вольга Васільеўна Ефіменка (светлая ёй памяць!) паміж іншым паведаміла мне, журналісту раённай газеты, што ён знаходзіцца ў Зорным гарадку, у атрадзе касманаўтаў.

Першыя стасункі адбыліся пры дапомозе ўсюдыісных сацыяльных сетак. Як добра, што гэта быў ужо 2008-ы! Асабісты камп’ютар, інтэрнэт, рэгістрацыя ў сацсетках… Усё было новым, незвычайным і не паспела яшчэ надакучыць.

Першая наша сустрэча (а пасля заканчэння мной васьмі класаў мы чамусьці так ні разу і не бачыліся) адбылася ўжо ўвосень 2008-га года. Тады ж у «Раённым весніку» з’явілася і першае інтэрв’ю з кандыдатам у касманаўты.

Да гэтага часу памятаю, як Алег даводзіў, што ён яшчэ кандыдат, а не касманаўт. Маўляў, глядзі, не пераблытай! Не блытала. Правак было мала. І чым бліжэйшым быў старт, тым у большай колькасці тэрмінаў і фармуліровак даводзілася разбірацца, у тым ліку з дапамогай сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў.

Алег Навіцкі. Сустрэчы на малой радзіме ў г.Чэрвень.

А ведаеце, як заканчвалася самае першае інтэрв’ю?! «Не хачу загадваць наперад (каб не сурочыць), але цяпер мару дачакацца таго часу, калі земляка Алега Навіцкага пакажуць у «Навінах». Ну, вы разумееце, з якой нагоды...»

Самае цікавае, што тады мала хто ў гэты верыў! Дужа ўжо нерэальным падавалася. Бо столькі часу прамінула ад палётаў двух беларусаў. Ды і Алег, па сутнасці, яшчэ малады… А я верыла! Хаця да першага старту заставалася 4 гады…

Затым была сустрэча ў нашай СШ №2 г.Чэрвеня – напрыканцы 2011-га. Тады Алег патэлефанаваў і прапанаваў пайсці разам. Вынікам стаўся не толькі матэрыял, але і фотаздымак за старой школьнай партай у нашым класе, які фактычна расцягнулі на пікселі! І друкаваныя СМІ, і сеціва. І ў большасці сваёй – без указання аўтарства. Але я не крыўдую. Я-то ведаю, хто яго зрабіў…

Цікавых здымкаў тады было шмат. Напрыклад, з касмічным харчаваннем.

Алег Навіцкі. Сустрэча ў СШ №2 г.Чэрвеня. Касмічнае харчаванне.

… Нягледзячы на маламоцны фотаапарат, старалася не дужа адцягваць на сябе ўвагу падчас мерапрыемства ў школе просьбамі папазіраваць. Здымала на спартыўным рэжыме. Папрасіла толькі Алега затрымацца ў «позе», калі ён пачаў дэманстраваць адметнае касмічнае харчаванне – у цюбіку ды брыкетах. На што Алег жартаўліва запярэчыў:

– Ну вось, а пасля падпішаш здымак: «Самы галодны касманаўт!»

Усе дружна засмяяліся. А здымак, канешне ж, быў зроблены…

З перапіскі:

8 студзеня, 2012 г., 19:16, ад «Святлана Адамовіч»:

«Алег, прывітанне! Як справы? Ты дома ці ўжо не? Дасылаю табе інтэрв’ю. З аповедам аб сустрэчы ў школе, які дасылала раней, па-мойму, нармалёва. Калі нічога не зменіцца, пойдзе ў нашай раёнцы на сераду. Ты ўжо, я так разумею, будзеш у Х’юстане. Да таго ж, хочацца выкарыстаць тваю інфу пра трэніроўкі на выжыванне са школьнай сустрэчы. Гэта супер! Але патрэбныя фоткі, якія ты дэманстраваў на экране. Карацей, чытай матэрыял і не знікай. А то ты можаш, я ведаю... :))))))))) Пакуль! Святлана.»

«Прывітанне, Света! Па-мойму, з матэрыялам усё нармальна. Дзякуй! Буду чакаць выхаду нумара. Зараз я сапраўды ў Х’юстане! Сёння прыляцелі. Пералёт заняў 12 гадзін. З 10.01 – заняткі. Давай да заканчэння тыдня пастараюся коратка распавесці пра трэніроўкі і заняткі. Яшчэ хачу папрасіць цябе перадаць як-небудзь некалькі газет маёй маме, калі гэта магчыма. Ёй будзе прыемна! На гэтым заканчваю. Спаць валіць – проста не магу!!! Цэлыя суткі не спаў! Да сувязі. Пакуль!!!»

І матэрыял сапраўды з’явіўся – з вельмі цікавымі фотаздымкамі ад Алега. Ведаеце, усе гэтыя трэніроўкі – у бязважкасці, на выжыванне ў зімовым лесе, на вадзе і асабліва ў пустыні… Бр-р-р-р-р! Як прыгадаю – яшчэ і зараз мароз па скуры. А колькі касманаўту ўсяго трэба ведаць! А камандзіру касмічнага карабля?! Як?! Як гэта ўсё можна ўкласці ў галаве? Да гэтага часу не разумею…

Алег Навіцкі. Падрыхтоўка да палёту.

З уласных успамінаў (9 гадоў таму!): «Ужо і не памятаю, калі я з такім асаблівым пачуццём чакала набліжэння 12 красавіка (па-старому – Дня касманаўтыкі, па-новаму – Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі), як у 2012 годзе! Бо ўпершыню за ўсё сваё свядомае жыццё мела магчымасць павіншаваць касманаўта-выпрабавальніка, для якога згаданае свята – прафесійнае.

І гэты чалавек – не далёкі і недасяжны герой, а блізкі і зразумелы – аднакласнік. Вядома ж, пастаралася напісаць матэрыялы – як для «раёнкі», так і для рэспубліканскай «Звязды». Няхай усе землякі ведаюць, хто ў расійскім Зорным гарадку 12 красавіка прымае віншаванні з Беларусі як яе ўраджэнец!»

І з красавіка 2012-га мы праз шмат электронных лістоў і друкаваных матэрыялаў сягаем акурат у кастрычнік 2012-га! Месяц, на які прызначаны старт Алега Навіцкага і яго экіпажа. Як жа ўсё гэта памятаецца…

…Пашукала інфармацыю пра надвор’е на Байкануры. І на сайце Цэнтра эксплуатацыі аб’ектаў наземнай касмічнай інфраструктуры (ЦЭНКІ) прачытала наступнае: «23 кастрычніка 2012 года пераважна малавоблачна. Удзень пыльны пазёмак, месцамі пыльная бура. Вецер паўднёва-заходні, 4-7 м/с, удзень з узмацненнямі да 6-9 м/с, парывы – да 14 м/с. Тэмпература паветра ўдзень – плюс 17-20 градусаў».

23 кастрычніка 2012 года… «Казбекам» – старт!!! Гэтага моманту я не забуду ніколі… Назіраць на маніторы камп’ютара за палётам у космас свайго аднакласніка… Ці магла я такое нават уявіць у нашым савецкім дзяцінстве?! Вось яна, самая сапраўдная фантастыка, якая спраўдзілася!

Алег Навіцкі. Старт!

А затым было яшчэ цікавей і нерэальней!

… Добра памятаю, як незадоўга да старту Алег раптам напісаў мне, што ўключыў мой электронны адрас у спіс дазволеных… для стасункаў з Міжнароднай касмічнай станцыяй! А я думала, што напісаць ТУДЫ касманаўтам можа любы. І проста так, без абмежаванняў. Улічваючы, што я неяк і не прасіла аб усталяванні доўгатэрміновай сувязі такога кшталту (бо не ведала пра такую магчымасць), гэтае паведамленне сталася прыемнай неспадзяванкай!

Але яшчэ большым маё здзіўленне зрабілася ў дзень старту экіпажа Алега Навіцкага. Добра ператросшыся перад маніторам, яшчэ і пасля заканчэння трансляцыі не магла стаць цалкам адэкватнай. І тут раптам на маніторы на значку «Mail.ru Агент» з’явіўся белы канверцік. Машынальна шчоўкаю мышкай – і няўцямна пазіраю на экран. Ліст з NАSА. На ангельскай мове. Ага, у дадатку – пераклад на рускую. Адкрываю, чытаю. Уся ў сваіх думках, таму напачатку, карыстаючыся слэнгам, «не ўязджаю». Што за ліст з NАSА – мне?! Гэта спам??? Розыгрыш??? Нагадваю: 2012-ы год…

Спатрэбілася нямала часу, каб зразумець, што гэта – абавязковая рассылка па электронных адрасах, якія ўнеслі ў спіс дазволеных для стасункаў з МКС…

Затым я зрабіла серыю інтэрв’ю з мамай Алега, Валянцінай Эдуардаўнай Навіцкай. Як жа я ўдзячна гэтай надзвычай прыемнай жанчыне, што яна не адмаўляла мне ў сустрэчах і інфармацыі, хаця яе добра-такі даймалі мае калегі з тэлебачання, радыё і рэспубліканскіх газет.

Алег Навіцкі. Мама касманаўта, Валянціна Эдуардаўна Навіцкая.

З перапіскі:

26 кастрычніка, 2012 год, 7:18, ад «Святлана Адамовіч»:

«Прывітанне, Алег! ВІНШУЮ! Вельмі за цябе рада! Наладжваем сувязь з космасам… ПРЫЁМ!:)».

27 кастрычніка, 2012 год, 22:50, ад «Алег Навіцкі»:

«Прыём!!! Сувязь ёсць, але работы вельмі шмат!!! Я думаю, пазней будзе нашмат прасцей!!!»

28 кастрычніка, 2012 год, 22:21, ад «Святлана Адамовіч»:

«Вау! Алег! Фантастыка!!!! СУПЕР!!!! А калі даслаць табе спасылку на матэрыял, ты зможаш прачытаць? Я разумею, што працы шмат! Але ж ты хоць па пару слоў, добра? Удачы!»

«Спасылка тут не пройдзе! Дашлі сам матэрыял! Word-скім дакументам!»

І, нарэшце, пра самае дзіўнае дзіва (прабачце за таўталогію!) у маім жыцці. І гэта заканчэнне 2012 года! Тэлефанаванне на мабільны!

… Занятая сваімі справамі ў рэдакцыі раёнкі, толькі зірнула на незнаёмы нумар, але нават і не падумала, адкуль званок. Адказаўшы, пачула… ну абсалютна незнаёмы голас: «Света, прывітанне!» Не прыдумаўшы нічога лепшага, спыталася: «А хто гэта?» І раптам у адказ – такі злёгку бурклівы голас: «Хто-хто… Алег Навіцкі!» О, вось тут ужо выгукнула на ўсю моц лёгкіх!

Алег Навіцкі. На МКС.

Падчас васьміхвіліннай размовы старалася больш слухаць, чым гаварыць. Атрымлівалася ж… наадварот. Даведалася, што наш зямляк у захапленні ад заходаў і світанкаў, якія за суткі можна ўбачыць… ажно 16 разоў! І гэтае відовішча яму не надакучае.  Шкада толькі, што няма столькі вольнага часу – проста знаходзіцца ля ілюмінатара і бачыць, як дзень змяняе ноч, і наадварот. Значыць, і Новы год Алег і яго калегі могуць сустрэць… 15-16 разоў! Нішто сабе! Вось гэта дзіва!

І на гэтай цудоўнай ноце… Дазвольце ўсіх шчыра павіншаваць з Днём касманаўтыкі! І найперш, вядома ж, Алега Навіцкага, яго маму, Валянціну Эдуардаўну, а таксама яго жонку і дачок! Са святам!

Фота – з сайтаў Раскосмасу, Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў, архіва аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 200

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама