12.04.2019
12.04.2019

«Казбекам» – старт!

logo
Думкі ўслых
0 71
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гэты дзень я сапраўды не забудуся ніколі… Манітор камп’ютара, а на ім – ён. Мой аднакласнік Алег Навіцкі з горада Чэрвеня Мінскай вобласці, які праз некалькі хвілін паляціць у космас!!! І калі ж, як не ў Дзень касманаўтыкі, які мы святкуем сёння, прыгадваць тыя падзеі?! Яны, занатаваныя ў рукапісе кнігі «Зорны шлях Алега Навіцкага», і зараз са мной. І наўрад ці што лепшае я змагла б напісаць цяпер, праз 6 гадоў, за тагачаснае, калі перажыванні проста не давалі спакою. Таму – урыўкі з напісанага.

…Сёння, 23 кастрычніка 2012 года, у 13 гадзін 51 хвіліну па беларускім часе наш зямляк Алег Навіцкі ў якасці камандзіра транспартнага пілатуемага карабля «Саюз ТМА-06 М» разам з бортінжынерамі Яўгенам Тарэлкіным і Кевінам Фордам паляцеў да зор!!!

Тыя, хто меў такую магчымасць, з дапамогай інтэрнэту ў прамым эфіры з невыказным хваляваннем сачылі за момантамі старту на касмадроме Байканур. Асабіста мяне калаціць пачало яшчэ за дзень да гэтага, і амаль несупынна. А калі ракета адарвалася ад зямлі… Сэрца маё кудысьці пакацілася, а па скуры пабеглі мурашкі. Думаю, што гэтыя адчуванні і «карцінка» ў памяці  застануцца назаўсёды. Алег Навіцкі, з якім я вучылася разам, спраўдзіў сваю таемную, дзіцячую яшчэ мару, дасягнуў пастаўленай у дарослым ужо жыцці мэты. Як жа радасна за яго!!!

Вось ужо колькі дзён, ідучы міма нашай СШ №2 г.Чэрвеня, я мімаволі скіроўваю позірк на вокны кабінета англійскай мовы, размешчанага на трэцім паверсе. І Бог ты мой, як хочацца мне, цяперашняй дарослай, хаця б на адну хвілінку на машыне часу перанесціся ў васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя і зірнуць на нас, тагачасных школьнікаў… Як хочацца гэтага ў рэальнасці…

…У ноч пасля старту я раптоўна прачнулася і доўга не магла заснуць. Усё думала: «А дзе Алег зараз? Што робіць? Ці кругласутачна ідуць каманды з Зямлі? Ці зможа ён заснуць альбо гэта не прадугледжана?!» І яшчэ шмат-шмат чаго. Спадзяюся пра ўсё даведацца пазней ад яго самога…

У адрозненне ад моманту старту,  паглядзець у прамым эфіры 25 кастрычніка стыкоўку карабля «Саюз ТМА-06М» з Міжнароднай касмічнай станцыяй (МКС) не атрымалася – была ў камандзіроўцы на раёне. Вярнуўшыся дахаты пазней звычайнага, адразу ж кінулася да камп’ютара.

Урр-р-р-а-а-а-а-а! Стыкоўка прайшла паспяхова! Пазней нават крыху паслухала, як пасля пераходу на МКС (аказваецца, ён адбываецца не адразу, трэба, каб прайшоў час) родныя касманаўтаў Раскосмасу Алега Навіцкага, Яўгена Тарэлкіна гутарылі з імі з Цэнтра кіравання палётамі. І як жа я рада была пачуць бадзёры голас нашага земляка! Так, цяпер ён усё роўна далёка, у космасе, за сотні кіламетраў. Але не ў караблі ў невядомасці, а на МКС. Новы экіпаж там гасцінна сустрэлі камандзір МКС-33 Саніта Уільямс (ЗША), бортінжынеры Юрый Маленчанка (Расія) і Акіхіка Хашыдэ (Японія). Цікава, а як гэта – харчавацца, засынаць у бязважкасці?!

І нават верш тады нарадзіўся, прысвечаны Алегу Навіцкаму і яго экіпажу.

МОЙ АДНАКЛАСНІК – КАСМАНАЎТ!

Камандзіру касмічнага карабля

«Саюз ТМА-06М»

Алегу НАВІЦКАМУ

і яго экіпажу прысвячаецца

«Казбекам» – старт! Ракета – у прастор!

Не, гэта мне не мроіцца, не сніцца.

Свой шлях упэўнена праклаўшы паміж зор,

У космас паляцеў Алег Навіцкі!

Ён – касманаўт. І – аднакласнік мой.

Алегам я надзвычай ганаруся!

Для Чэрвеня – сапраўдны ён герой.

І трэці зорны чалавек – для Беларусі.

Усё далей ад карабля Зямля...

Перажывалі двое сутак несупынна!

На станцыі касмічная сям’я

Сустрэла новы экіпаж гасцінна.

Ім родным домам стала МКС.

Прыняты тут жыцця свае законы.

І прывітаннем ад Зямлі «Прагрэс»

Даставіць на арбіту грузу тоны.

У Зорным гарадку не спіць сям’я,

У Чэрвені – хвалюецца матуля.

Плыве ў ілюмінатары Зямля...

Яе спакой цяпер Алег вартуе.

Калі ж надыдзе час ляцець дамоў,

За мяккую пасадку памалюся.

Да манітораў мы прысядзем зноў...

«З вяртаннем!» – скажа кожны ў Беларусі.

Разам з матэрыяламі даслала Алегу на МКС гэты верш. І атрымала ў адказ: «Ну што сказаць… Можам!!! Здорава!!! А вось мне такога не дадзена!!!»

Затое табе, Алег, дадзена нашмат больш: узляцець у неба, скарыць КОСМАС!

Фота з асабістага архіву Алега Навіцкага і сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 71

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".