08.11.2019
08.11.2019

Кідай курыць! Лімон у дапамогу!

logo
Думкі ўслых
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Курыць, паліць... Якія сінонімы ні падбяры, а сутнасць не змяняецца. Як не змяншаецца, на жаль, колькасць курцоў. Наадварот, як мне падаецца, узрастае. Бо не памятаю, каб раней столькі сустракала тых, хто паліць. І ў Мінску, і ў Чэрвені. А дзяўчат, жанчын з цыгарэтамі і ўвогуле – процьма! Што гэта?! Мода? Патрэба (???) арганізма? Я, мабыць, ніколі не зразумею...

Даўно прамінуў ужо час «Ч», а я зменаў не бачу. І нідзе не чытаю: колькі ж чалавек пасля ўступлення ў сілу з 27 ліпеня 2019 года антытытунёвага Дэкрэту №2 папярэдзілі, аштрафавалі? Увогуле ў нас якая-небудзь праца вядзецца ў гэтым накірунку???

Бо ўсё гэтак жа перажываю за ўласныя лёгкія. Калі па некалькі разоў на дзень даводзіцца затрымліваць дыханне, літаральна праходзячы праз строй курцоў, асабліва на прыпынках грамадскага транспарту. Дзе іх, прабачце, з 27 ліпеня быць ужо не павінна. Але, баюся, яны пра тое і не чулі...

А так хацелася, каб штосьці зрушылася з месца... Як з тым жа ўжываннем алкаголю, асабліва моцных напояў...

Цікава, ці шмат курцоў сярод нашых падпісантаў, прыхільнікаў і проста чытачоў? А можа, ёсць тыя, у каго атрымалася кінуць раз і назаўсёды? А не на дзень ці тыдзень... Прыгадваючы вядомае: «Кінуць паліць?! Ой, ды гэта лёгка! Я сам кідаў не аднойчы... » Заслона! А вось калі каму ўдалося... Падзяліцеся вопытам. Раптам вашы практычныя парады дапамогуць цалкам рэальным людзям, знаёмым і незнаёмым?!

А я абяцаю распытацца ў сваіх знаёмцаў. Бо сапраўды ведаю людзей, якія не паляць даўно, гадоў па 15-20. І не труцяць родных-сяброў-знаёмых... Вось рэспект ім і ўважуха!

А чаго мяне менавіта зараз ізноў разабрала... Ды штосьці перад вялікімі выхаднымі ў сераду, вяртаючыся дахаты, надыхалася... L Ну не хачу я быць пасіўным курцом!!! Тады ўчора, стоячы ў краме, разглядала вялі-і-і-ізны выбар цыгарэт, бо былі адчыненыя дзверы шафы, дзе яны зараз павінны па правілах хавацца... Ну там на іх і фотаздымкі – падумала зноўку!!! І не бянтэжыць жа курцоў... А мне б той пачак і ў рукі было б страшна браць.

– Ха! – усклікнуў мой знаёмы, пачуўшы гэта. – Якія мы пяшчотныя...

А пасля патлумачыў, што многія цяпер набываюць партсігары і перакладаюць цыгарэты туды, каб не глядзець на выявы страшных хваробаў, да якіх можа прывесці курэнне.

А я-то думала, што гэтыя прадметы, адзнака савецкіх часоў, даўно сышлі ў нябыт. Аказваецца, не. Набываюць другое жыццё. І чаго толькі людзі ні прыдумаюць, каб труціцца было спакайней...

Самае ж цікавае назіранне атрымалася сёлета, пры штурме малым складам «старычкоў» (нас, значыцца: моладзь паскакала наперад :)) украінскай гары Гаверла. 2061 метр ножкамі, між іншым!!! Шмат дзе – ледзь не вертыкальна...

Без трэніроўкі «дыхалкі» напачатку было не тое што цяжка – практычна невыносна! Пакуль дачакаліся таго другога дыхання, якое сапраўды адкрылася значна бліжэй да вяршыні...

А вось прадстаўнік адной сямейнай пары мала таго, што быў мажнага целаскладу, дык яшчэ і курыў на прывалах. І нічога! Фактычна бег паперадзе нас! Бывае ж такое... Але сваё «фу!», калі на мяне дым патрапляў, я яму ўсё ж выказала... У чарговы раз пачуўшы пра сваю «пяшчотнасць»... 🙂 Зрэшты, нашы стасункі пасля гэтага не сапсаваліся. Проста традыцыйна кожны застаўся пры сваім меркаванні.

Ну, гэта было па-першае і па-другое... А цяпер вось – па-трэцяе. У сэнсе, чаго мяне з гэтай тэмай ізноў разабрала. Натрапіла на бяскрайніх прасторах сеціва на адно цікавае даследаванне Амерыканскай псіхалагічнай асацыяцыі. Дык вось яе спецыялісты правялі эксперымент.

Аказваецца, калі ўдыхаць прыемныя водары перад курэннем, дык цяга да цыгарэт зменшыцца!

Аказваецца, калі ўдыхаць прыемныя водары перад курэннем, дык цяга да цыгарэт зменшыцца! Магчыма, гэтая парада сапраўды дапаможа тым, хто свядома хоча кінуць паліць, але ўсё ніяк не атрымліваецца...

А сам эксперымент быў такім. Курцоў у колькасці 232 чалавек (не пытайцеся, ці адначасова – не ведаю) папрасілі адмовіцца на 8 гадзін ад курэння ў прынцыпе (лепей бы на 8 гадоў! :)). А затым у асобным пакоі яны ўдыхалі водары яблыка, лімону (згаданага мной!), ванілі, шакаладу, мяты, а таксама хімічны і тытунёвы дым.

Пасля іх папрасілі запаліць цыгарэту, але не курыць, а толькі ацэньваць сваё жаданне гэта зрабіць. І народ прызнаўся, што яно зменшылася!

Мабыць, давядзецца-такі запасацца лімонамі і раздаваць іх курцам направа і налева! 🙂 А калі сур’ёзна... Ды хопіць нас ужо абдымліваць! Прайдзіцеся да працы пехатою, няспешна ўдыхаючы водар крамянага восеньскага ранку. І вы адчуеце, што жыццё, схаванае за клубамі шэрага дыму, сапраўды расквеціцца ўсімі колерамі вясёлкі...

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".