24.05.2021
24.05.2021

Як не падхапіць кішэчную інфекцыю. Правілы бяспечных паводзінаў

logo
Здароўе дарослых
0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вось-вось скончыцца зімова-веснавы сезон актыўнасці вірусных інфекцый. Можна перавесці дух і заняцца ўмацаваннем імунітэту. Але ж не! Менавіта лета – найбольш спрыяльны час для узбуджальнікаў кішэчных інфекцый. Яны аднолькава небяспечныя для дзяцей і дарослых. Прычым стаць ахвярай харчовага атручвання можна не толькі купляючы ежу «з рук» у вулічных гандляроў, але нават на ўласным лецішчы альбо пляжнай вечарынцы з сябрамі.

Як не падхапіць кішэчную інфекцыю? Якія гандлёвыя кропкі і прадукты харчавання ўяўляюць найбольшую рызыку харчовых атручванняў у летні перыяд? Якімі сімптомамі праяўляецца кішэчная інфекцыя і што трэба рабіць, каб аказаць першую дапамогу?

Пра базавыя правілы бяспечных паводзінаў і прафілактыкі кішэчных інфекцый і харчовых атручванняў нагадалі эксперты з Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – урач-эпідэміёлаг Анастасія Бабіла і загадчыца аддзялення гігіены харчавання Вольга Цімашэнка.

Шляхі перадачы і сімптомы кішэчных інфекцый

Кішэчная інфекцыя. Можна і на пляжы падхапіць.

У кішэчных інфекцый усяго тры шляхі перадачы:

  • Харчовы (інфікаванне адбываецца пры ўжыванні контамініраваных (заражаных, абсямененых бактэрыямі) прадуктаў харчавання)
  • Кантактна-бытавы (праз брудныя рукі, забруджаныя прадметы ўжытку і абстаноўкі)
  • Водны (пры ўжыванні вады неналежнай якасці – з паверхневых і/альбо выпадковых крыніц, а таксама пры трапленні і выпадковым праглынанні вады пры купанні ў адкрытых вадаёмах).

На думку экспертаў, менавіта грэбаванне банальнымі правіламі асабістай гігіены і бяспечных паводзінаў – найбольш распаўсюджаная прычына ўзнікнення кішэчных інфекцый у дарослых.

Кішэчная інфекцыя. Хвароба брудных рук.

Што тычыцца дзяцей (асабліва ва ўзросце да 6 гадоў), яны пакутуюць ад кішэчных недамаганняў, звязаных з ужываннем харчовых прадуктаў, з-за таго, што гігіенічныя навыкі ў гэтым узросце недастаткова сфарміраваныя, а арганізм больш успрымальны да любых інфекцый.

Інкубацыйны перыяд пры кішэчных інфекцыях і харчовых атручваннях (час ад моманту траплення ўзбуджальніка інфекцыі альбо таксіну ў арганізм да з'яўлення клінічных сімптомаў) можа складаць ад некалькіх гадзін да 7 сутак (часцей за ўсё – 1-3 дні).

Асноўнымі сімптомамі хваравітага стану з'яўляюцца:

  • Уздым тэмпературы цела
  • Дыскамфорт і моцны боль у жываце
  • Млоснасць, ваніты
  • Метэарызм (уздуцце жывата, павышанае газаўтварэнне)
  • Дыярэя.

Першая дапамога пры кішэчных інфекцыях і харчовым атручванні

Кішэчная інфекцыя. Сімптомы.

Анастасія Бабіла:

– Самым правільным рашэннем пры першых сімптомах кішэчнай інфекцыі альбо харчовага атручвання будзе звярнуцца па кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў бліжэйшую ўстанову аховы здароўя. Толькі ўрач можа правільна паставіць дыягназ і прызначыць адэкватнае лячэнне, якое прывядзе да поўнага выздараўлення. Самалячэнне і зацягванне з візітам да ўрача, наадварот, можа пагоршыць стан і прывесці да таго, што чалавеку спатрэбіцца курс інтэнсіўнага лячэння ў стацыянары.

Калі так атрымалася, што вы знаходзіцеся далёка ад дома (напрыклад, на дачы ці ў турпаходзе) і магчымасці звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў самы бліжэйшы час няма, для аказання першай даўрачэбнай дапамогі неабходна:

  • Забяспечыць хвораму спакой і шмат цёплага пітва дробавымі порцыямі – няхай п'е мала, але часта. Гэта неабходная мера, каб папярэдзіць абязводжванне пры ванітах і дыярэі.
  • Даць захварэламу сарбент (актываваны вугаль з разліку 1 таблетка на 10 кг вагі, альбо смекту, альбо энтэрасгель).
  • Пры харчовым атручванні, калі магчыма, варта як мага хутчэй забяспечыць дастаўку хворага ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову. Альбо, калі гэта можна зрабіць, выклікаць брыгаду хуткай дапамогі.

Кішэчная інфекцыя. Выпіць адсарбент.

Ні ў якім разе нельга прапаноўваць хвораму абязбольвальныя, супрацьванітныя прэпараты альбо сродкі, якія спыняюць дыярэю. Гэта можа «змазаць» клінічную карціну, што абцяжарыць правільную пастаноўку дыягназу. Акрамя таго, застаючыся ў арганізме, бактэрыі альбо таксіны нанясуць большы ўдар, што праявіцца значным пагаршэннем стану хворага.

Прафілактыка кішэчных недамаганняў у дзяцей і дарослых

Разам з тым, кішэчныя інфекцыі і харчовыя атручванні – стан, які можна не дапусціць, выконваючы простыя меры прафілактыкі:

  • Захаванне правілаў асабістай гігіены. Не забываемся мыць рукі перад гатаваннем і прыёмам ежы, пасля наведвання прыбіральні, пасля вуліцы, кантакту з хатнімі жывёламі.
  • Пры набыцці прадуктаў харчавання звяртайце ўвагу на інфармацыю, якая змяшчаецца на этыкетках, у прыватнасці: на тэрміны прыдатнасці, тэрміны рэалізацыі прадуктаў, умовы захоўвання і захаванне іх у гандлёвых кропках.
  • Таксама неабходна сачыць за тэрмінамі захоўвання прадуктаў дома, забяспечыць неабходныя ўмовы захоўвання. Прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці без шкадавання ўтылізаваць.
  • Пры захоўванні прадуктаў у халадзільніку выконваць прынцыпы «таварнага суседства»: гатовыя стравы не павінны размяшчацца на адной паліцы з сырымі прадуктамі, мяса – з гароднінай і г.д .
  • Перад гатаваннем альбо ўжываннем у ежу старанна мыць зеляніну, гародніну, садавіну, ягады, свежыя курыныя яйкі пад праточнай вадой.
  • Пры гатаванні выкарыстоўваць розны посуд, дошкі і нажы для мясных паўфабрыкатаў і гародніны, садавіны.

Кішэчная інфекцыя. Выкарыстоўваць розныя дошкі для розных прадуктаў.

Пры выездзе на прыроду, дачу, у турпаход спатрэбіцца шэраг дадатковых прафілактычных мераў для папярэджання кішэчных інфекцый альбо харчовага атручвання:

  • Аптымальна адмовіцца ад хуткапсавальных прадуктаў альбо перавозіць і захоўваць іх у сумцы-халадзільніку строга абмежаваны час.
  • Для піцця і прыгатавання ежы выкарыстоўваць бутыляваную ваду.
  • Падвяргаць стараннай тэрмічнай апрацоўцы мяса і птушку пры падрыхтоўцы на адкрытым агні (шашлыкі, барбекю, грыль і г.д.).
  • Абавязкова мець з сабой вадкае мыла і/альбо антысептык для санітарна-гігіенічнай апрацоўкі рук.
  • Пры купанні пазбягаць траплення вады ў рот.

Анастасія Бабіла:

– Харчовыя прадукты з'яўляюцца спрыяльным асяроддзем для размнажэння патагенных мікраарганізмаў, асабліва пры цёплым надвор'і і высокай вільготнасці паветра, як гэта бывае ўлетку. Найбольш небяспечнымі з пункту гледжання эпідэміялогіі з'яўляюцца шматкампанентныя салаты, заліўныя стравы, кандытарскія вырабы, гатовыя мясныя і рыбныя стравы, стравы з яек. Па магчымасці ад іх варта адмовіцца, купляючы вулічную ежу альбо збіраючы правізію для выезду на прыроду ці на дачу.

Кішэчная інфекцыя. Што не браць на прыроду, на дачу з ежы ўлетку.

Вольга Цімашэнка:

– Асобнай увагі заслугоўвае праблема так званага несанкцыянаванага гандлю на стыхійных рынках у падземных пераходах, на прыпынках грамадскага транспарту, на ўзбочынах ажыўленых трасаў і г.д. Прадукты харчавання, набытыя «з рук» у вулічных гандляроў, шматкроць павялічваюць рызыку заражэння кішэчнымі інфекцыямі ці харчовых атручванняў. Пры гэтым прычынна-выніковую сувязь устанавіць даволі складана, і, адпаведна, пакупнік не можа разлічваць на вяртанне няякаснага тавару, на прыцягненне вінаватага да адказнасці і кампенсацыю шкоды.

У гандляроў стыхійных рынкаў, падкрэслівае Вольга Цімашэнка, як правіла, адсутнічаюць медыцынскія даведкі пра стан здароўя, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне, якасць і бяспеку прадукцыі, якая рэалізуецца. Няма ні гандлёвага, ні халадзільнага абсталявання, ні элементарных умоў для захавання санітарна-гігіенічных нормаў.

Усё гэта разам нясе пагрозу ўзнікнення і распаўсюджвання кішэчных інфекцый і харчовых атручванняў. Асаблівую небяспеку ўяўляе купля «з рук» і ўжыванне кансерваванай прадукцыі, вэнджаных прадуктаў хатняга прыгатавання з-за рызыкі заражэння батулізмам. Гэта небяспечнае захворванне, якое развіваецца імкліва і можа прывесці да сур'ёзных наступстваў, ажно да смяротнага зыходу.

Кішэчная інфекцыя. Небяспека стыхійнага гандлю.

Менавіта таму спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы нагадваюць і настойліва рэкамендуюць не набываць прадукты харчавання з рук. Адсутнасць попыту – самая эфектыўная мера для спынення несанкцыянаванага гандлю на стыхійных рынках.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 13

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама