12.05.2017
12.05.2017

Клешч прысмактаўся! Як пазбегнуць наступстваў ад сустрэчы з крывасмокам?

logo
Неадкладная дапамога
0 674
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ не паспела толкам прабіцца свежая зялёная трава, а кляшчы ўжо – вось яны. Першыя пацярпелыя ад укусу членістаногіх сёлета з'явіліся ў самым пачатку сакавіка ў Брэсцкай вобласці. Як кажуць, прыйшла вясна – кляшчы прачнуліся. Ці тое яшчэ будзе...

Пагаварыць пра тое, як засцерагчыся ад непажаданай сустрэчы з крывасмокам і што рабіць, калі клешч усё ж «падчапіў» вас на хабаток, Слушна запрасілі галоўнага пазаштатнага амбулаторна-паліклінічнага траўматолага, траўматолага-артапеда траўматалагічнага аддзялення 2-й ЦРП Фрунзенскага раёна г.Мінска Віктара Комара.

Асцярожна: кляшчы прачнуліся!

болезнь Лайма

Равеснік маманта. Кляшчы – адны з найбольш старажытных насельнікаў нашай планеты.

На гэта паказвае той факт, што пры даследаванні астанкаў чалавека, які памёр у Альпах прыблізна  5,5 тысячы гадоў таму, было выяўлена да 60% геному аднаго з відаў гэтых павукападобных – Borrelia burgdorferi.

На сёння вядома больш за 50 тысяч выглядаў кляшчоў. Зразумела, далёка не ўсе яны ўяўляюць для чалавека небяспеку. Але некаторыя сапраўды з'яўляюцца крыніцай сур'ёзных захворванняў, такіх, як хвароба Лайма і клешчавы энцэфаліт.

Хвароба Лайма (ці інакш клешчавы барэліёз, Лайм-барэліёз, хвароба Ліма) – інфекцыйнае захворванне, узбуджальнікам якога з'яўляюцца бактэрыі барэліі. Іксодавыя кляшчы – асноўны пераносчык барэлій. Калі своечасова не распазнаць і не лячыць хваробу Лайма, яна можа перайсці ў хранічную форму, прывесці да цяжкай інваліднасці ці нават смяротнага зыходу.

Клешчавы энцэфаліт – вірусная інфекцыя. Асноўнай крыніцай заражэння з'яўляюцца іксодавыя кляшчы, якія заражаюцца ад носьбітаў віруса (пераважна цеплакроўных дзікіх і хатніх жывёл і птушак) і перадаюць яго чалавеку пры ўкусе. Пры адсутнасці імунітэту да клешчавога энцэфаліту або адэкватнага лячэння хвароба можа прывесці да ўстойлівых парушэнняў працы ЦНС, псіхічных ускладненняў і смерці.

Для рэгіёнаў з умераным кліматам і вялікай колькасцю змешаных лясоў (Беларусь у ліку такіх) кляшчы – сапраўднае няшчасце. Яны любяць цяпло, вільгаць і трохі ценю.

А таму найбольш спрыяльнымі месцамі пражывання для кляшчоў з'яўляюцца:

  • змешаныя лясы з высокай травой;
  • яры, зарослыя хмызняком;
  • зараснікі вербалозу на берагах вадаёмаў;
  • старыя высечкі, прасекі;
  • залежы ламачча.

У апошнія гады «падхапіць» кляшча стала цалкам рэальна ў сябе на дачным участку або ў межах горада: гуляючы ў парку ці па алеі і нават на някошаным газоне ля тыпавой шматпавярхоўкі. Сюды крывасмокі часта трапляюць «на транспарце»: птушках, дзікіх жывёлах, дробных грызунах.

Сезон актыўнасці кляшчоў прыпадае на самы лепшы час у годзе: вясну – пачатак восені. Таму перад сустрэчай з імі тым больш трэба быць у поўным узбраенні.

Як зберагчы сябе ад укусу кляшча?

укус клещаПрырода ўзнагародзіла кляшчоў тонкім нюхам. Сваю ахвяру гэтыя 2-міліметровыя крывасмокі чакаюць, седзячы на траве або невысокіх хмызняках, і чуюць па паху за некалькі метраў.

Калі аб'ект палявання знаходзіцца побач, клешч цягне наперад лапкі і, рухаючы імі, чапляецца за ахвяру. Дастаткова самага лёгкага дотыку, каб ён імгненна зачапіўся на вопратцы або поўсці жывёлы. Потым яшчэ некаторы час – да некалькіх гадзін – клешч «падарожнічае» па целе ахвяры, выбіраючы найбольш зручнае месца для прысмоктвання.

 
Віктар Комар
Галоўны пазаштатны амбулаторна-паліклінічны траўматолаг, траўматолаг-артапед траўматалагічнага аддзялення 2-й ЦРП Фрунзенскага раёна г.Мінска
Ніводны клешч не падае на жывёлу або чалавека зверху – самы, бадай, распаўсюджаны міф пра членістаногіх крывапіўцаў. Калі яго знайшлі на галаве ці спіне, гэта значыць, ён прыпоўз туды ў пошуках больш зручнага месца для прысмоктвання. Самыя ўпадабаныя месцы кляшча на чалавечым целе: у пахвіне, падпахавых і падкаленных западзінах, пад грудзьмі, за вушамі. Гэта значыць, там, дзе праходзяць буйныя крывяносныя сасуды і дабрацца да «ежы» асабліва проста.

Засцерагчы сябе ад укусу кляшча даволі лёгка. Дастаткова выконваць элементарныя правілы бяспекі, выпраўляючыся на шпацыр у лес або парк:

  • апранаць кашулі або футболкі з доўгім рукавом, пажадана з высокім каўняром і шчыльнымі манжэтамі;
  • нават у гарачы дзень аддаць перавагу штанам, якія можна і трэба заправіць у шкарпэткі ці абутак;
  • абавязковы галаўны ўбор: шапка, хустка, капюшон курткі;
  • пальчаткі таксама не будуць лішнімі.

Сэнс у тым, каб не пакінуць кляшчу нават маленькага пралазу, каб патрапіць на цела і прысмактацца.

Выдатным дадатковым сродкам абароны ад дробных крывасмокаў будзе выкарыстанне спецыяльных хімічных прэпаратаў (репелентаў) перад паходам у лес.

Абавязкова пасля прагулкі з хатнім гадаванцам варта агледзець яго, каб пераканацца ў адсутнасці на поўсці і целе непажаданага пасажыра.

Што рабіць, калі клешч усё ж прысмактаўся?

уничтожение клещей

Перш за ўсё не панікаваць і не рабіць глупстваў. Не варта бегчы на злом галавы ў бліжэйшы траўмапункт (асабліва сярод ночы). Калі клешч сядзіць шчыльна і паспеў ужо напіцца крыві, цалкам верагодна, вы носіце яго на сабе не першы дзень, магчыма, нават тыдзень. Таму гадзіну-дзве, пакуль вы зможаце спакойна дабрацца да ўрача, ніякай прынцыповай ролі не згуляюць. Але калі вельмі карціць, кляшча можна акуратна выдаліць самастойна. Галоўнае, не спяшацца і ўсё рабіць разумна. Не трэба разразаць скуру, прыпальваць крывасмока цыгарэтай, паліваць яго бензінам або газай, а менавіта так робяць некаторыя людзі. Мала таго, што ў некаторых выпадках гэта не толькі не пазбаўляе пацярпелага ад кляшча, дык яшчэ і прыводзіць да ўскладненняў: апёкаў, траўмаў, дадатковага інфіцыравання месца ўкусу.

Выдаляць кляшча лепш у пальчатках пры дапамозе пінцэта або баваўнянай ніткі. Неабходна заціснуць яго за галаву або завязаць тугі вузел вакол галавы і выкручваць рухам супраць гадзіннікавай стрэлкі. Калі вы загадзя грунтоўна падрыхтаваліся да вясенне-летняга сезона і купілі ў аптэцы спецыяльнае прыстасаванне для выдалення кляшчоў, можна скарыстацца ім.

Ні ў якім разе нельга:

  • цягнуць членістаногага вертыкальна! У такім выпадку вельмі высокая верагоднасць, што вы ў літаральным сэнсе адарвеце яму галаву. Толькі яна застанецца ў ранцы, а вам дастанецца сытае брушка;
  • расціскаць кляшча! Рызыка заражэння барэліямі пры такім раскладзе шматкроць павялічваецца;
  • выкарыстоўваць пры выдаленні кляшча алей, тлусты крэм! Яны закаркоўваюць дыхальныя адтуліны крывасмока і правакуюць дадатковы выкід небяспечных бактэрый і вірусаў у кроў чалавека.
 
Віктар Комар
Галоўны пазаштатны амбулаторна-паліклінічны траўматолаг, траўматолаг-артапед траўматалагічнага аддзялення 2-й ЦРП Фрунзенскага раёна г.Мінска
Калі, нягледзячы на вялікую акуратнасць і выкананне ўсіх правілаў выдалення кляшча, ён усё ж абарваўся, яго рэшткі – галаву – можна выдаліць, як звычайную стрэмку. Аптымальна выкарыстоўваць для гэтага іголку ад аднаразовага медыцынскага шпрыца – з-за спецыфікі зрэзу іголкі. Калі такой пад рукой не аказалася, падыдзе любая іголка або шпілька. Але яе папярэдне варта прадэзінфіцыраваць спіртам або антысептыкамі.

Пасля выдалення кляшча рану трэба прамыць, апрацаваць антысептыкам (перакісам вадароду, септамірынам), вымыць рукі з мылам. Цяпер можна і да ўрача: тэрапеўта, педыятра ці інфекцыяніста. Урач прызначыць прафілактычнае назіранне на працягу 3-х тыдняў за месцам укусу. Калі на працягу гэтага часу там з'явіцца чырвоная пляма, якая будзе паступова павялічвацца, цалкам верагодна, спатрэбіцца дадатковае абследаванне і лячэнне.

Падставай для неадкладнага звароту да ўрача могуць таксама паслужыць:

  • павышэнне тэмпературы праз 2-10 дзён пасля ўкусу;
  • дрыжыкі;
  • млоснасць ці ваніты;
  • абцяжаранае дыханне;
  • галаўны боль, боль у мышцах і суставах;
  • моцная алергічная рэакцыя на ўкус: сверб, паленне, высыпанні.

Укол супраць кляшча

укол против клеща

Каб пасля выдалення кляшча спаць спакойна, будучы ўпэўненым у тым, што ён не з'яўляецца разносчыкам інфекцый, можна даследаваць яго на заражанасць барэліямі. Для гэтага вынятага з ранкі жывога паразіта неабходна пакласці ў слоічак на змочаную вадой вату або анучку і аднесці на аналіз у любы раённы ці гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Аднак трэба быць гатовым да таго, што за аналіз давядзецца заплаціць.

Але можна таксама загадзя паклапаціцца пра сваю бяспеку і зрабіць прафілактычную прышчэпку супраць клешчавога энцэфаліту. Вакцынацыя асабліва актуальная для тых, хто аддае перавагу не гарачым узбярэжжам і пляжам, а актыўнаму адпачынку і вольнаму часу ў лесе, а таксама работнікам тых спецыяльнасцяў, чыя дзейнасць наўпрост звязаная з лесапасадкамі.

Схема прышчэпак ад клешчавога энцэфаліту складаецца з трох ін'екцый. Першую ўводзяць у халодную пару года (увосень ці ўзімку). Другую – праз 5-7 месяцаў пасля першай, гэта значыць, да наступлення піка актыўнасці кляшчоў. І толькі праз два тыдні пасля гэтага ў арганізме пачне выпрацоўвацца імунітэт супраць клешчавога энцэфаліту. Трэцюю прышчэпку праводзяць праз год пасля другой для поўнага замацавання імунітэту. Ён будзе захоўвацца на працягу 3-х гадоў. Затым, каб падтрымліваць імунітэт супраць клешчавога энцэфаліту, дастаткова будзе адной прышчэпкі кожныя 3 гады.

Прафілактычных прышчэпак супраць хваробы Лайма вучоныя пакуль не вынайшлі. Так што лепшы спосаб засцерагчы сябе ад укусу кляшча ці яго негатыўных наступстваў – гэта выконваць меры засцярогі, гуляючы ў лесе ці парку.

Сімптомы і лячэнне Лайм-барэліёзу

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 674

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама